Чый класны самы класны? Конкурс прафесійнага майстэрства адбыўся ў раёне

Адказ на гэта пытанне шукалі падчас раённага конкурса прафесійнага майстэрства “Лепшы класны кіраўнік-2018”.

У творчым саперніцтве сышліся два дзясяткі педагогаў з дзевятнаццаці ўстаноў адукацыі. На першым, тэарэтычным, этапе ўдзельнікі прадстаўлялі ўласныя метадычныя распрацоўкі розных выхаваўчых мерапрыемстваў. А потым ладзілі класныя гадзіны ў незнаёмых школьных калектывах. Гэта быў другі тур конкурсу, пасля якога вызначыліся шасцёра фіналістаў.

Перш чым экзаменаваць іх далей, журы падзякавала астатнім настаўнікам за імкненне да перамогі. Яны перайшлі ў катэгорыю гледачоў, а тых, хто набраў найбольшую колькасць балаў, чакалі самыя відовішчныя іспыты.

У самапрэзентацыі кожны ўдзельнік стараўся паказаць сябе прафесіяналам і асобай. Класнае кіраўніцтва параўноўвалі з акцёрствам і мацярынствам, прызнаваліся ў любові да прафесіі наогул, дзяліліся жыццёвым крэда і расказвалі пра сваё хобі. Прадставіць візітоўку многім канкурсантам дапамагалі іх вучні і калегі. “Партрэты”, як заўсёды, не абыйшліся без песень, дасціпных жартаў, дэкламацыі вершаў і відэа.

Услед за разнастайнасцю талентаў класных кіраўнікоў судзейская калегія ацэньвала іх ўменне дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях, без якіх не абыходзіцца, бадай, ні адзін дзень школьнага жыцця. І з гэтым заданнем, расклаўшы, як кажуць, усё па паліцах, яны таксама паспяхова справіліся. Вызначаць мацнейшых было цяжка, бо на фінішнай прамой настаўнікаў аддзялялі дзясятыя долі бала. Тым не менш, імя лепшага класнага кіраўніка, канечне, прагучала. Перамога дасталася Алене Хвасцянок, якая прадстаўляла Азяранскі дзіцячы сад-сярэднюю школу. Другое і трэцяе месцы адпаведна занялі Андрэй Месніковіч з Юркевіцкага д/с-СШ і Людміла Шкабара з гімназіі г. Жыткавічы. Рыта Грэк (Ленінскі д\с-СШ), Ганна Гардзейчык (Верасніцкая СШ) і Ірына Лахвіч (СШ №1 г. Жыткавічы) сталі дыпламантамі.

Падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Русая адзначыла высокі патэнцыял удзельнікаў і іх добрую падрыхтоўку. Разам з лідарам галіновага прафсаюза Пятром Кальцовым яны ўручылі фіналістам заслужаныя ўзнагароды, падмацаваўшы іх кветкамі і падарункамі.

Слова пра пераможцу 

Класным кіраўніком Алена Мікалаеўна працуе 17 гадоў. Яе стаж як выкладчыка беларускай мовы і літаратуры на пяцігодку даўжэйшы. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, узначальвае прафсаюзную пярвічку, захапляецца танцамі, любіць рукадзельнічаць і рыбачыць, за неабыякавасць абрана дэпутатам мясцовага Савета. На перамогу спадзявалася, каб не падвесці сваіх вучняў і калег. Школа для яе не проста месца працы. Больш за ўсё у адносінах цэніць давер, а дзень без усмешкі лічыць страчаным.

Святлана ШАКАЛЯН

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.