… І стаў клуб другім домам

Калі ў Жыткавіцкім аддзеле культуры Ганне Аляксандраўне Васіленка прапанавалі пасаду загадчыцы Хвойкаўскага сельскага клуба, яна не адразу згадзілася. Шчыра кажучы, баялася, што не справіцца. Гэта ж такая адказная работа. Трэба працаваць з людзьмі маладога і пажылога ўзростаў і з дзіцячым калектывам.


…Рана засталася ўдавою. На руках – трое малых дзяцей. Разгубілася, не ведала, што рабіць, як жыць далей, як падняць на ногі дзяцей. На дапамогу прыйшлі бацькі. Ішлі гады. З дапамогай бацькоў выхавала траіх добрых, прыветлівых, працавітых дзяцей, якія душы не чуюць у сваёй маці, вельмі любяць і паважаюць яе. А калі даведаліся аб новай пасадзе, з радасцю падтрымалі яе. І цяпер ва ўсім ёй дапамагаюць. Можна сказаць, што ў клубе працуе сямейны падрад.


Клуб невялікі, але ў ім заўсёды чысціня і парадак, па вечарах гучыць добрая, ціхая музыка, а ў вокнах ад святла скачуць гарэзлівыя агеньчыкі, вабяць да сябе не толькі моладзь, але і пажылых людзей. Два разы ў нядзелю праводзіць Ганна Аляксандраўна дыскатэку. Сюды спяшаецца не толькі моладзь з вёскі Хвойка, але і з другіх вёсак, нават прыязджаюць з Любанскага раёна. Загадчыца клуба ўсіх сустракае прыветлівай усмешкай. Тут заўсёды пануе цёплая, дружалюбная абстаноўкай: ні п’янак, ні сварак. Часта на агеньчык у клуб прыходзяць і людзі пажылога ўзросту, каб палюбавацца на моладзь і ўспомніць свае маладыя гады.


Ні адно свята не абыходзіцца ў клубе без мерапрыемстваў. Кіруе Ганна Аляксандраўна дзіцячым калектывам. Ён невялікі, але любяць дзеткі свайго кіраўніка за пяшчоту і дабрыню, слухаюцца яе і выконваюць усё, што яна скажа.


Праграма ў калектыва багатая, тут ёсць усё: і народная, і лірычная песня, і гумарэскі, і жартоўныя сцэнкі, і вершы аб прыгожай, сінявокай Беларусі.


Хочацца сказаць шчырае дзякуй Дзякавіцкай сярэдняй школе, у якой вучацца ўдзельнікі калектыва Хвойкоўскага сельскага клуба. Тут выхоўваюць у дзяцей любоў да народнай песні, да спадчыны, да роднай Беларусі. Актыўнымі ўдзельнікамі народнага дзіцячага калектыву з’яўляюцца Андрэй і Алёна Рагалевіч, Надзя і Дзіяна Боган, Юлія Жураўлевіч, Уладзімір Рагалевіч. Шчырае дзякуй і сем’ям, у якіх растуць гэтыя дзеткі.


Любяць у вёсцы Хвойка самадзейных артыстаў з другіх клубаў. Асабліва частымі гасцямі на сцэне Хвойкаўскага клуба быў калектыў жанчын з вёскі Дзякавічы. Заўсёды шчырымі апладысментамі сустракалі гледачы кожны нумар гэтага калектыву. Радавалі не раз сваімі канцэртамі і самадзейныя артысты з Вятчынскага сельскага клуба. А калі не атрымліваецца з другіх клубаў запрасіць артыстаў, то яна праводзіць мерапрыемствы са сваім калектывам. Вось і ў дзень выбараў шмат людзей сабралася ў клубе. Пасля выступлення дзіцячага калектыву людзі гулялі ў клубе да самага вечара. Радавалі сваімі канцэртамі і артысты з горада Жыткавічы.


Пры Хвойкаўскім клубе пачаў працаваць клуб пажылых людзей пад назвай “Каму за семдзесят”. Сюды сапраўды прыходзяць пажылыя людзі. Яны тут забываюць пра свае беды і хваробы, а вочы іх свецяцца радасцю. А загадчыца клуба заўсёды рыхтуе для іх праграму. Толькі пад вечар пакідаюць клуб жанчыны. Шчырыя словы ўдзячнасці выказаны ў адрас Ганны Аляксандраўны. З просьбай: ці хутка яшчэ яна пазаве іх у клуб? Ёсць пры Хвойкаўскім клубе і цімураўцы. Разам з Ганнай Аляксандраўнай яны наведваюць адзінокіх пажылых людзей, радуюць іх дапамогай і сваімі песнямі. Не забывае Ганна Аляксандраўна і пра ветэрана вайны Васіля Аляксандравіча Рагалевіча. Разам са сваім калектывам наведваюць яго, дораць невялічкі сувенір. А яшчэ ў вёсцы Хвойка стаіць абеліск воінам, загінуўшым у гады вайны. Цімураўцы сочаць, каб тут была чысціня і парадак.


Ганна Аляксандраўна часта звяртаецца за дапамогай, калі ў яе што не атрымліваецца, у Жыткавіцкі аддзел культуры, дзе яна знаходзіць параду і падтрымку, за што яна вельмі ім удзячна.


Вось так і жыве гэтая сціплая, прыгожая і душой, і сэрцам жанчына: клопатамі аб сваёй рабоце, аб дзецях, аб гаспадарцы.


Н. САКАЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.