Паляпшаюцца ўмовы
Кіраўніцтвам Жыткавіцкай хлебнай базы ў бягучым годзе многае запланавана зрабіць, каб палепшыць умовы на вытворчасці для сваіх работнікаў.
У хуткім часе пачнецца ўстаноўка абсталявання для кантролю за тэмпературным рэжымам зерня, якое знаходзіцца на захоўванні ў элеватары. Пасля заканчэння ўсіх работ гэты працэс будзе камп’ютарызаваны, што значна аблегчыць працу спецыялістаў. У планах устаноўка і абсталявання для паглынання пылу. Скажам, што пры мадэрнізацыі вытворчасці надаецца вялікая ўвага энергазберажэнню. Яскравы прыклад гэтаму: за год мяркуецца правесці рэканструкцыю ўсіх шасці электрарухавікоў, ад чаго амаль удвая знізіцца іх энергаёмістасць. З надыходам цяпла адновяцца работы па афарбоўцы элеватара. Дарэчы, заменяць тут і старыя вокны на шклопакеты.
Адна з прыярытэтных задач кіраўніцтва хлебнай базы на бягучы год – стварыць добрыя бытавыя ўмовы для сваіх працаўнікоў. Ужо зараз актыўна вядзецца работа ў гаспадарчым блоку. Тут ужо абсталяваны пакой для прыёму ежы, пачаты работы ў пакоі для спартыўных заняткаў, рамонт у якім запланавана закончыць у лютым. Дарэчы, закупляецца для яго і адпаведны інвентар. Ужо набыты велатрэнажор, а ў планах прыдбаць тэнісны стол і більярд. Будуць у гаспадарчым блоку і душавыя, і буфет. Па меркаванню кіраўніка хлебнай базы Канстанціна Комара, работы па паляпшэнню вытворчых працэсаў і бытавых умоў будуць толькі спрыяць паспяховай дзейнасці калектыва. А працы хапае. Вось і зараз кожны дзень прадпрыемствам адпраўляецца спажыўцам па паўтара дзесятка вагонаў зерня ў самым шырокім асартыменце. Сярод кліентаў жыткаўчан прадпрыемствы хлебапрадуктаў з Мінска, Гомеля, Слуцка, Барысава, Калінкавіч, іншых гарадоў краіны.