У ГАСЦЯХ У КАЗКІ
У студзені бягучага года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Яслі-сад №3” адбыўся адкрыты прагляд заняткаў па тэме: “Фарміраванне маральных якасцяў дашкольнікаў сродкамі тэатральна-гульнёвай дзейнасці”. Тэма гэта з’яўляецца даволі актуальнай і значнай.
На працягу апошніх двух гадоў навучальная ўстанова, расказвае загадчыца Евяліна Малькевіч, працуе над развіццём творчага, асобаснага патэнцыялу дашкольнікаў праз выкарыстанне тэатральна-гульнёвай дзейнасці. І педагагічны калектыў дасягае неблагіх вынікаў у гэтым напрамку сваёй дзейнасці.
Трэба адзначыць, што кожны год у садок прыходзяць розныя дзеці: вясёлыя і актыўныя, адкрытыя і сарамлівыя, замкнутыя. Як кажуць педагогі, усіх іх “аб’ядноўвае” адзін недахоп: яны здзіўляюцца і захапляюцца ўсё меней і меней, не адчуваюць дабрыні, не ўмеюць суперажываць, не разумеюць тых маральнасных прынцыпаў, на якіх трымаецца свет чалавечых узаемаадносінаў.
А што было нам чакаць? Задумаемся: колькі часу мы, бацькі, трацім на сваіх немаўлят? Мы заняты працай, часам адкупаемся ад дзяцей падарункамі – лялькамі Барбі, мадэлямі аўтамабіляў, аўтаматаў, гульнёвых прыставак і камп’ютэрных гульняў. І не задумваемся: як жа выхаваць у дзецях асновы маральнасці, абудзіць у дашкольнікаў цікавасць да свету і да саміх сябе ў гэтым свеце? Як заставіць іх душы “працаваць”? Як зрабіць творчую дзейнасць вострай неабходнасцю, самай неабходнай часткай жыцця?
Педагагічны калектыў ясляў-садка №3, раздумваючы над тым, як дапамагчы сям’і ў выхаванні дзіцяці, знайшлі вельмі дзейсны, практычны, даступны кожнаму педагогу выхад – дапамагчы можа лялечны тэатр, актыўны ўдзел дашкольнікаў ў тэатральна-гульнёвай дзейнасці. Як высветлілася, менавіта тэатральна-гульнёвая дзейнасць у працы з дзецьмі дазваляе вырашаць многія задачы, якія вызначаны праграмай дашкольнага выхавання “Пралеска”.
Як адзначаюць педагогі дашкольнай установы, гульня ў тэатр дазваляе фарміраваць вопыт сацыяльных навыкаў паводзін, дзякуючы таму, што кожны літаратурны твор, якім з’яўляецца жанрава і казка, для дзяцей дашкольнага ўзросту заўсёды мае маральны накірунак – вучыць дабрыні, сяброўству, смеласці, чуласці. Дзякуючы казцы дзіця адкрывае свет не толькі розумам, але і сэрцам. І не толькі пазнае, адзначаюць педагогі садка, але і выказвае свае ўласныя адносіны да дабра і зла. Шматграннасць тэматыкі дазваляе дзіцяці знаёміцца з рознымі з’явамі нашага жыцця, а эмацыянальнасць тэатралізаваных гульняў дае магчымасць усебакова развіваць асобу.
Намаганні педагогаў атрымаліся выніковымі. Пацверджаннем сказанага і сталі адкрытыя заняткі.Трэба сказаць, што ўвесь дзіцячы садок нагадваў своеасаблівы казачны церам, у ходзе мерапрыемстваў быў створаны казачны свет пераўвасаблення дашкалят у добрых, смелых, шчырых, чуллівых, даверлівых герояў літаратурных твораў. Былі падрыхтаваны яркія, прыгожыя касцюмы і дэкарацыі, распрацаваны сцэнарыі, праведзены рэпетыцыі…
Выхавальнікі выкарыстоўвалі розныя метады і прыёмы, накіраваныя на развіццё творчых здольнасцей дзяцей і фарміраванне маральнасных катэгорый. Драматызацыя ў казцы, паказ лялечнага тэатра, выкарыстанне эцюдаў і практыкаванняў на выражэнне розных эмоцый, на развіццё пантанімічных навыкаў – такі “арсенал” педагогі выкарысталі ў поўнай меры. А дзеці выконвалі свае ролі ярка, эмацыянальна. З задавальненнем уключыліся ў гульнёвую дзейнасць: адказвалі на пытанні лялек, выконвалі іх просьбы, давалі парады, пераўвасабляліся ў той ці іншы вобраз.
На думку кіраўніка дашкольнай установы, такім чынам яскрава рэалізаваны паглыблены накірунак, комплексна вырашаюцца задачы, якія пастаўлены перад дашкольнай установай згаданай праграмы “Пралеска”.
Трэба сказаць, што асабліва выніковым аказаліся працы трох педагагічных работнікаў садка. Цудоўна папрацавалі: выхавальнік першай катэгорыі Валянціна Сінкевіч (першакласнікі пад яе кіраўніцтвам падрыхтавалі казку “Рэпка” на новы лад), выхавальнік вышэйшай катэгорыі Вольга Шчур (выхаванцы яе старэйшай групы падаравалі гледачам казку “Як курачка пеўніка ратавала”), выхавальнік Наталля Халімончык ( дашкольнікі малодшай другой групы паказалі “Казку пра непаслухмянае мышаня”).
Распачатая праца ў дзіцячай установе не праходзіць па-за ўвагай бацькоў, якія ўдзячны педагогам і выхавацелям за станоўчыя перамены ў іх дзецях, развіццё творчых якасцей дашкольнікаў.
У сваю чаргу адміністрацыя і выхавальнікі адзначаюць, што такая важная і неабходная праца будзе абавязкова працягнута.
У. МІКАЛАЕЎ.