Здаровыя кіламетры Ганны Метр
Яна з такой любоўю расказвае пра сваю прафесію, што разумееш: чалавек невыпадкова носіць белы халат.
У Рычове Ганна Рыгораўна асоба вядомая, бо свая, мясцовая, і вельмі запатрабаваная, таму што адказвае за самае дарагое — здароўе людзей. На пасадзе загадчыцы мясцовага ФАПа яна працуе толькі з леташняй вясны, але ў медыцыне не навічок, мае агульны стаж 37 гадоў.
— На участку 428 жыхароў, — дае расклад субяседніца. — Людзі, канечне, розныя бываюць, але для мяне ўсе без выключэння добрыя, кожнага стараюся зразумець і вельмі радая, калі атрымліваецца дапамагчы.
Пра тое, чым будзе займацца, яна ведала, бадай, з самага дзяцінства, бо перад вачыма быў дастойны прыклад. На іх Фапе працавала Ніна Лукашэвіч – дружалюбная і вельмі чулая жанчына, да якой паважліва ставілася ўся вёска. Мара быць на яе хоць крышку падобнай прывяла Ганну ў Пінскае медвучылішча, дзе праз тры з паловай гады дзяўчына атрымала дыплом акушэркі. Па размеркаванню ў Камаровіцкую амбулаторыю, што на Петрыкаўшчыне, выпускніца ехала ўжо замужняй. Там не толькі набіралася практычнага досведу, а і паспела нарадзіць сына і дачакацца з арміі сужэнца Мікалая.
Неўзабаве яе пазвалі ў Тураўскую бальніцу, пабудаваную пакінуўшым добрую памяць Уладзімірам Волкавым. У калектыве гэтай установы і праходзіла прафесійнае сталенне. Тут Рыгораўна, з-за аптымізацыі сеткі, прайшла амаль усе службы, стаўшы ўніверсальным спецыялістам. Працавала ў тэрапіі, была масажысткай, клапацілася пра пастаяльцаў аддзялення сястрынскага догляду. А большую частку жыцця прысвяціла раддому, пасля закрыцця тураўскага амаль два гады нават ездзіла ў жыткавіцкі. З Рычова. А калі ў аграгарадку фельчар пайшла ў дэкрэт, Ганне Метр прапанавалі падмяніць маладую маці і яна з радасцю згадзілася.
Не бывае дня, каб вяскоўцы не прыходзілі да сваёй “доктаркі”: па кансультацыі і за лекамі ў аптэчны пункт, зрабіць ін’екцыі ці памераць ціск, а то і проста пагутарыць аб надзённым. Вядома ж, добрае слова іншы раз гоіць не горш за ўколы. А ў другую палову дня Рыгораўна здзяйсняе зваротны рух, яе веласіпед можна пабачыць і ля школы, і побач з веснічкамі адзінокіх бабуль, і там, дзе жывуць немаўляткі. Для рычоўцаў і рыдчан Ганна Метр самая першая і аўтарытэтная дапамога. Ёй давяраюць людзі і таму, што на міласэрнасці і спагадзе фельчар не эканоміць.
Што такое ФАП? Гэта, лічы, бальніца ў мініяцюры, дзе ўсяго адзін чалавек — на ўсе рукі майстар. У стацыянары адпрацавала медсястра змену і — вольная, а тут можа спатрэбіцца ў любое імгненне. Хвароба ж не выбірае ні месца, ні час. Фельчар — такая служба выратавання, і яго мабільны тэлефон даступен кожнаму. Нават ў адзіны нядзельны выхадны жанчына не адмовіць.
Сказаць па шчырасці, у Рычоў журналіст ехаў не так сабе, а па пісьму. Удзячны ліст на Ганну Рыгораўну прыслалі ў рэдакцыю аж з Дзяржынска, што на Міншчыне. Сям’я Кажамяка за прафесіяналізм, добрае чулае сэрца і ўважлівыя адносіны жадала медыку здароўя і поспехаў. Такое прызнанне, стаўшы нечаканасцю, вельмі здзівіла маю суразмоўцу. Тым не менш, яна прызнала аўтара — бабулю, унучку якой з Рычова медыку неяк прыйшлося ратаваць ад апёкаў. Дзякуй богу, усё абыйшлося.
— Я ўдзячна лёсу, што так склаўся, — прызнаецца суразмоўца ў любові да прафесіі і наогул жыцця. — У мяне добрая сям’я, муж ва ўсім падтрымлівае, нават за шафёра пагаджаецца быць, калі патрэбная хуткая шпіталізацыя хворага. Старэйшы сын пайшоў па маіх слядах. Пасля ўніверсітэта і аспірантуры Віталій працуе судмедэкспертам у Гомелі. Дзмітрый жыве ў Тураве, ён дальнабойшчык. Хутка я стану бабуляй чацвёртага ўнука. Што яшчэ трэба для шчасця?
Дарэчы
Акрамя Рычоўскага ФАПа сельскае насельніцтва раёна абслугоўвае яшчэ 27 фельдшарска-акушэрскіх пунктаў. А ўсяго ў структуры цэнтральнай раённай бальніцы – 38 устаноў, у тым ліку тры бальніцы (Жыткавічы, Тураў і Ленін), 4 амбулаторыі (Людзяневічы, Дзякавічы, Хваенск і Чырвонае), бальніца сястрынскага догляду і адзін здраўпункт.
На 1 чэрвеня ў сістэме аховы здароўя занята 737 чалавек, сярод якіх 79 урачоў, 407 сярэдніх медработнікаў, 251 іншага персаналу. Разам з супрацоўнікамі ЦРБ прафесійнае свята заўтра адзначаць калектывы аптэк і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Святлана ШАКАЛЯН
Фота В. Рамановіча