Бібліятэчных спраў майстар
Утульны будынак Мілевіцкай бібліятэкі штодзённа чакае сваіх чытачоў. Менавіта гэтая ўстанова культуры карыстаецца попытам у мясцовых жыхароў, якія маюць добрую магчымасць акунуцца ў атмасферу творчасці. Пры гэтым кожны знойдзе любую кнігу на свой густ.
Больш за дваццаць пяць гадоў працуе ў гэтым ачагу культуры Ніна Пупенка. І ў нейкім сэнсе значная заслуга яе і тэхнічкі Яўгенні Шэўчык, што бібліятэка пераўтварылася ў маленькі куток добрага адпачынку для чытачоў.
Амаль пяць з паловай тысяч кніг розных жанраў задавальняюць попыт жыхароў вёскі. У сваёй большасці гэта людзі сярэдняга ўзросту і моладзь. Асаблівы наплыў тут назіраецца пад час канікул. Тады і стараюцца навучэнцы Мілевіцкага педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа заняць свой вольны час. Ды і ўвогуле, мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі тут пастаянныя госці.
Нездарма ва ўстанове існуе нават хоць і невялікая, але ж чытальная зала, дзе вучні могуць падрыхтаваць рэфераты і іншыя школьныя працы.
— На жаль, апошні час, — гаворыць Ніна Іосіфаўна, — наш бібліятэчны фонд папаўняецца нязначна. Ды і з перыядычнымі выданнямі з суседняй Расіі адбыўся перапынак у атрыманні. У астатнім справы абстаяць доволі няблага. Што ні кажы, а бібліятэка па-ранейшаму з’яўляецца крыніцай культурнага і духоўнага абагачэння.
І гэта бясспрэчна так. Што ж датычыцца кнігавыдачы, то ў мінуўшым годзе гэты паказчык склаў больш васьмі тысяч экземпляраў. Таму ёсць усе спадзяванні, што і надалей будзе цепліцца агеньчык у гэтым ачагу культуры.