Спрацаваць яшчэ лепш

Мінулагодняя дзейнасць працоўнага калектыва філіяла “Тураўскі кансервавы камбінат” адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” характарызуецца мноствам станоўчых вытворчых паказчыкаў. Менавіта на іх, падводзячы вынікі прайшоўшага года, і спыніўся дырэктар прадпрыемства Сяргей Бугук у сваім выступленні на справаздачным сходзе калектыва.


Як зазначыў Сяргей Віктаравіч, работнікі і спецыялісты камбіната асноўныя намаганні прыкладвалі для вырашэння такіх задач, як павелічэнне вытворчасці якаснай і таннай кансерваванай гародніны, павелічэнне яе паставак у Расійскую Федэрацыю, а таксама долі на рынку нашай краіны. І ў многім гэта ўдалося. Прадукцыі выпушчана 11542 тысячы ўмоўных слоікаў, што складае 117 працэнтаў да папярэдняга перыяду. Значна лепш спрацавалі па вырабу асноўнай прадукцыі – зялёнага гарошку. Яго вытворчасць склала 5810 тысяч умоўных слоікаў. Ды і па іншых відах тураўскія перапрацоўшчыкі агародніны таксама спрацавалі з прыбаўкай. Асноўныя паказчыкі вытворчасці прадукцыі прамысловасці і спажывецкіх тавараў выкананы адпаведна на 122,6 і 122,3 працэнта, пры даведзеным паказчыку 115 працэнтаў. Усе гэтыя поспехі станоўча адбіліся на эканамічным становішчы філіяла. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 12341 мільён рублёў (106,5 працэнта), рэнтабельнасць — 9,2 працэнта пры даведзеным заданні 5,1 працэнта, прыбытак ад рэалізацыі — 927 мільёнаў рублёў (155,6 працэнта да леташняга), чысты прыбытак – 413 мільёнаў рублёў. Больш падрабязна вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці на сходзе агучылі галоўныя эканаміст і бухгалтар прадпрыемства Аляксандр Шантар і Вольга Курыловіч. Дарэчы, падчас іх выступленняў было акрэслена і шэраг праблем, якія цяпер стаяць перад філіялам. У першую чаргу, гэта затаваранасць складоў некаторымі відамі гатовай прадукцыі. Па словах старшыні райвыканкама Мікалая Какоры, які прыняў актыўны ўдзел у рабоце сходу, гэта звязана з недастатковай работай маркетынгавай службы прадпрыемства. «Цяпер важна не толькі вырабіць прадукцыю, але яшчэ і выгадна яе прадаць», — зазначалася Мікалаем Міхайлавічам. Адзначана і недастатковая праца з дэбіторамі, таму некаторыя партнёры маюць пратэрмінаваную запазычанасць перад прадпрыемствам аж у некалькі гадоў. І гэта немалыя сумы. У сукупнасці яны складаюць больш мільярда рублёў. Яшчэ адна балючая праблема тычыцца круглагадовай загрузкі вытворчасці, бо сезоннасць у дзейнасці прыносіць прадпрыемству немалыя страты. Папрацаваць калектыву патрэбна і над паказчыкамі па экспарту тавараў, інвестыцыям у асноўны капітал. Канечне, гэта справа бліжэйшай будучыні. Якія задачы пастаўлены перад калектывам на гэты год расказаў кіраўнік філіяла. Найперш, і сёлета плануецца значнае павелічэнне вытворчасці прадукцыі. З эканамічнай мэтазгоднасці на заводзе плануецца зменшыць яе асартымент, і засяродзіць асноўную ўвагу толькі на вырабе найбольш прыбытковых відаў кансерваў. Плануецца выпусціць іх 14800 тысяч умоўных слоікаў. Гэта дазволіць значна павялічыць рэнтабельнасць і прыбытковасць вытворчасці. Немалыя сродкі будуць затрачаны на рэканструкцыю тэхналагічнага абсталявання, гэта таксама будзе спрыяць выкананню пастаўленых задач. На гэтыя мэты выдаткоўваецца 15 мільярдаў рублёў, з якіх 12,5 мільярда — на набыццё і ўстаноўку новага абсталявання. Менавіта на перспектывах развіцця кансервавай вытворчасці і сумеснай дзейнасці камбіната ў агульнай структуры акцыянернага таварыства “Тураўшчына” спыніўся ў сваім выступленні дырэктар Уладзімір Іванавіч Радавец.


Сход па падвядзенню вынікаў работы за мінулы год для немалой колькасці працаўнікоў філіяла адзначыўся і такой прыемнай падзеяй як атрыманне каштоўных падарункаў. Дырэктар прадпрыемства Сяргей Бугук і дырэктар таварыства Уладзімір Радавец з вялікім задавальненне адзначылі працу такіх работнікаў як Ефрасінья Катлярчук, Валянціна Леўкавец, Іван Санец, Віктар Мякота, Таццяна Палубец, Марыя Бягун, Святлана Русая, Наталья Арлова, Уладзімір Чарнушэвіч, Уладзімір Таболіч, Наталля Сядзельнік і іншых. Лепшыя працаўнікі атрымалі на сходзе не толькі матэрыяльныя ўзнагароды, але і цудоўныя канцэртныя нумары, якімі іх віталі самадзейныя артысты Жыткавіцкага Цэнтра культуры.


Для працаўнікоў кансервавага камбіната чарговы справаздачны сход стаў яшчэ адным этапам у іх дзейнасці і адпраўным пунктам для новых дасягненняў ужо ў бягучым годзе. Відавочна, што ён будзе яшчэ больш напружаным, а значыць, прыйдзецца нямала папрацаваць, каб справіцца з узятымі абавязацельствамі.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.