У Дзякавіцкім сельсавеце большае жыхароў, якія імкнуцца зрабіць свае сядзібы прыгажэйшымі ў плане добраўпарадкаванасці
У Дзякавіцкім сельсавеце большае жыхароў, якія імкнуцца зрабіць свае сядзібы прыгажэйшымі ў плане добраўпарадкаванасці. У ліку іх і сям’я Святланы і Юрый Кудзелька.
– Такіх руплівых людзей яшчэ пашукаць трэба, – па дарозе да іх дому давала характарыстыку гаспадарам старшыня мясцовага сельвыканкама Валянціна Жураўлевіч. – Настолькі старанна і самааддана яны запушчаную зямлю ператварылі ў квітнеючы сад.
Для Кудзелькаў гэты шлях пачаўся адразу пасля стварэння сям’і. Перад маладымі паўстала пытанне: дзе жыць. Пайшлі ў Савет і папрасілі даць участак пад забудову. Кіраўніцтва мясцовай улады выдзеліла надзел, які знаходзіўся ў запусценні. Для сельскіх паселішчаў на той час справа звычайная. Святлана і Юрый узяліся ачышчаць яго ад зараснікаў кустоўя, старых будынін, пасля чаго прыкупілі простую вясковую хату, якую перавезлі на сваю сядзібу. Гаспадар ўласнаручна чараваў над ёю. Дзякуючы будаўнічым уменням ператварыў яе ў прасторны сучасны дом, які стаў сапраўдным упрыгожваннем вуліцы Азёрнай. Цяпер шматдзетная сям’я пражывае ў камфортных умовах, не горшых за гарадскія.
Але ўмацоўваючы свой дабрабыт, гаспадары праглі не толькі матэрыяльных даброт, хацелася нечага і для душы. Таму бацькі і дзеці ўзяліся добраўпарадкоўваць падворак. Хутка на ім з’явілася альтанка, малыя архітэктурныя формы, таксама тварэнні Юрыя. Дарэчы, ён па спецыяльнасці будаўнік, вахтавым метадам працуе ў сталіцы, а пасля рабочых змен усёй душой аддаецца справе на ўласнай сядзібе.
– Намаганняў яшчэ прыкласці патрэбна нямала, каб усё давесці да ладу, – расказвае гаспадар. – Праўда, часу бракуе, але, упэўнены, што спраўлюся і знешні выгляд майго падворка намнога палепшыцца.
Сапраўды, гэтаму імкненню садзейнічае запаветная мара, якой жыве мужчына, пасадзіць на ўласным надзеле вялікі сад. Таму і прыводзіць у парадак кожны кавалачак зямлі. Як і яго жонка, якая марыла, каб ля дома красавала шмат кветак. Разам з дочкамі разбівалі клумбы, палолі іх. Хаця Святлана і працуе на ферме жывёлаводам, але нягледзячы на вялікую занятасць заўсёды знаходзіла хвіліны, каб прысвяціць любімаму занятку. І лепшымі памагатымі ў гэтым былі яе дзеці. Вось так сумесна Кудзелькі дэманструюць, што для таго, каб жыць прыгожа, найперш патрэбна жаданне, тады і атрымаецца ўсё, як задумвалася.
– Такіх дбайных сем’яў у нас з кожным годам большае, – з задавальненнем гаворыць старшыня Савета Валянціна Жураўлевіч. –Вось па-суседству з Кудзелькамі хата Святланы Рагалевіч. Яна таксама шмат часу аддае добраўпарадкаванню сваёй сядзібы. Вельмі прыгожа і на падворку Мікалая Кудзелькі, і ў Крупкоў. Цяпер усіх нават не пералічыш, настолькі людзі, гледзячы адзін на аднаго, узяліся за важную справу.
Без перабольшвання скажам, што у Дзякавіцкім сельсавеце ў плане навядзення чысціні і парадку падцягнуліся вельмі значна. Жыхары стараюцца абнаўляць агароджы, своечасова падкошваць траву ля сваіх сядзіб. Часам нават канфлікты з-за гэтага ўзнікаюць, бо нехта з суседзяў занадта рана пачынае ўключаць газонакасілку. А такіх агрэгатаў, па словах Валянціны Васільеўны, цяпер жыхары прыдбалі некалькі дзясяткаў. З ахвотай забіраюць людзі ва ўласнае карыстанне пустуючыя ўчасткі, на якіх Савет расправіўся з будынкамі-развалюхамі. Сельвыканкам ахвотна раздае іх для вядзення падсобных гаспадарак, бо практыка паказвае, што новыя ўладальнікі клапоцяцца не толькі пра ўраджай, але і добраўпарадкаванне.
Станоўчым прыкладам выкарыстання занядбалай маёмасці і зямлі ў Дзякавічах можна лічыць мясцовую царкву. Пад яе сумеснымі намаганнямі адрэстаўрыравалі хату, што ішла пад знос. Гэтак жа разам, грамадскасць і ўлада, наводзяць парадак на могілках. Дзякуючы чаму нядаўна з’явілася новая агароджа ў святым для жыхароў аграгарадка месцы. Цяпер плануюць яе пафарбаваць.
Прыстойны выгляд набывае не толькі аграгарадок Дзякавічы, але і іншыя паселішчы на тэрыторыі аднайменнага Савета, хаця некаторыя па колькасці жыхароў даволі малалікія. Як расказала Валянціна Жураўлевіч, яны і там праводзяць адпаведную тлумачальную работу з насельніцтвам, даказваюць людзям, што да зямлі, дзе нарадзіўся, вялікую ласку патрэбна мець і старацца, каб за малую радзіму не было сорамна.
Сяргей БЕЛКА