БУДУЧАЕ ПАЧЫНАЕЦЦА СЁННЯ
Свята працы. Раённы злёт перадавікоў. Гэта свята, якога не толькі чакаюць, да якога не толькі рыхтуюцца. Гэта свята, якое ствараюць сваім талентам і працай вучоныя і кіраўнікі, журналісты і механізатары, настаўнікі і будаўнікі, урачы і паляводы. Гэта свята плёну і здабыткаў.
У мінулую суботу дзіцячая музычная школа імя У. Будніка гасцінна сустракала ўдзельнікаў раённага свята “Бласлаўлёна праца вашых рук”. Тыя, хто шчыра працаваў на карысць нашай Жыткаўшчыны, пабачылі плён працы сваёй на выставе, пачулі шмат удзячных слоў за сваю працу, атрымалі заслужаныя ўзнагароды і прыемна адпачылі. Як праходзіла свята працы – раскажам у гэтым рэпартажы.
Узнёслая атмасфера стваралася культработнікамі адразу з ганка. Аркестр народных інструментаў з Верасніцы, дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах сустракалі галоўных герояў падзеі, праводзілі ў хол, дзе трансліравалася радыёгазета аб перадавіках вытворчасці, размясцілася выстава дасягненняў прадпрыемстваў і гаспадарак раёна.
І вось пачынаецца свята – дэманструецца відэафільм аб асноўных падзеях пражытага 2010-га. Ён пераконвае, што ёсць чым ганарыцца нашаму раёну – раёну-працаўніку, галоўны патэнцыял якога – людзі, што сваёй належнай працай, культурнымі дасягненнямі праслаўляюць Жыткаўшчыну на ўсю Беларусь.
Адначасова самадзейнымі артыстамі раёна выконваецца абрадавы нумар, сімвалізуючы гадавое кола, і ўсё прыхільна сустракаецца ўдзельнікамі ўрачыстаці.
Першае слова было дадзена гаспадару раёна, старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалаю Міхайлавічу Какоры.
Праляцеў яшчэ адзін працоўны год, і мы з вамі традыцыйна сустракаемся на самым добрым і шчырым свяце, якое аб’ядноўвае людзей розных прафесій, што любяць сваю справу і добрасумленна выконваюць свой прафесійны абавязак, адзначыў кіраўнік раёна.
Усё, чаго дасягнуў наш раён, падкрэсліў М. Какора, — гэта справа рук людзей, якія тут жывуць, іх рук, розуму і вялікай напружанай працы.
Мінулы год быў і складаны, і паспяховы. У няпростых фінансава-эканамічных умовах выканана асноўная задача – забяспечаны рост аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі, экспарту тавараў, інвестыцый у асноўны капітал па арганізацыям бязведамаснай падначаленасці, выканана заданне па ўводу жылля, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я выкананы паказчык па вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі. Працуючы разам, нам удалося дабіцца станоўчых вынікаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, выканаць большасць асноўных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, а таксама забяспечыць выкананне параметраў, вызначаных у праграмах развіцця малых гарадоў Жыткавічы і Тураў, Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2006-2010 гады.
Мікалай Какора назваў мінулы год годам карпатлівай, нястомнай працы і творчага падыходу для ўсіх працоўных Жыткаўшчыны. Ён падкрэсліў, што мы разам зрабілі яшчэ адзін крок да павышэння дабрабыту людзей, навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання населеных пунктаў.
У 2010 годзе, як было адзначана выступоўцам, у раёне пачалася рэалізацыя мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся – яны павінны даць новы штуршок у развіцці рэгіёна і вывесці вытворчую і сацыяльныя сферы Жыткаўшчыны на якасна новы ўзровень.
Кіраўнік раёна выказаў цёплыя словы падзякі працаўнікам АПК, падкрэсліўшы, што калі працаваць па-гаспадарску – вынік будзе. У мінулым годзе было намалочана 30,6 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 28 цэнтнераў з гектара, атрымана 11,1 тысячы тон гародніны пры ўраджайнасці 127 цэнтнераў з гектара, 19,9 тысячы тон бульбы пры ўраджайнасці 239 цэнтнераў з гектара. Ёсць поспехі ў жывёлагадоўлі. У адпаведнасці з праграмамі развіцця раёна ўведзены аграгарадкі Бялёў, Дзякавічы, Ленін. Працягваецца праца па будаўніцтву малочнатаварнага комплексу на 600 галоў у КСУП “Людзяневічы”, такога ж комплексу на 1050 галоў у ААТ “Тураўшчына”, уведзены ў эксплуатацыю зернеачышчальна-сушыльны комплекс у КСУП “Марохараўскі”.
Нямала поспехаў і ў іншых галінах. Так, будаўнікамі раёна, адзначыў М. Какора, уведзена ў эксплуатацыю 16261 квадратных метраў жылля, у тым ліку ў вясковай мясцовасці 4249 квадратных метраў. У лістападзе мінулага года пачала працу новая гасцініца ў райцэнтры. Працягваецца будаўніцтва сацыяльна-значных аб’ектаў – школы ў Хільчыцах вядзецца другі этап рэканструкцыі школы ў Верасніцы.
Прамысловымі прадпрыемствамі раёна выраблена прадукцыі на 85 мільярдаў рублёў, на 119 адсоткаў да мінулагодняга ўзроўню. Станоўчыя параметры працы забяспечаны ўсімі прамысловымі прадпрыемствамі. Тавараў народнага спажывання выраблена на 31 мільярд рублёў. Рознічны тавараабарот склаўся ў памеры 177 мільярдаў, а аб’ём знешняга гандлю – 8,5 мільёна долараў ЗША. Асабліва кіраўнік раёна адзначыў працу ААТ “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод”, “Сатурн-1”, “Пратон-М”, Тураўскага кансервавага камбіната ААТ “Тураўшчына”.
Мікалай Какора, называючы і іншыя поспехі, падкрэсліў, што дасягнутае – вынік напружанай працы прадстаўнікоў усіх сфер раёна, у тым ліку тых, хто вядзе малы і сярэдні бізнэс, і выказаў усім шчыры дзякуй за самаахвярную працу. Ён адзначыў пернасанальна працу аператара машыннага даення ААТ “Тураўшчына” Мікалая Якубоўскага, які ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, а таксама калектыў ААТ “Тураўшчына”, які па выніках рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы травяных кармоў заняў другое месца. У абласным спаборніцтве першае месца ў гэтай жа пазіцыі заняў тураўскі экіпаж у складзе Мікалая Лебядзінскага і Віктара Вянгуры.
Раён можа ганарыцца і тым, што па выніках спартакіяды сярод спартыўных школ вобласці мы занялі першае месца, педагагічны калектыў гімназіі адзначаны дыпломам першай ступені па выніках абласнога этапу рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, лаўрэатам міжнароднага Пушкінскага конкурсу стала настаўніца з Хваенска Тамара Міхайлаўна Чыкіда…
Завяршаючы сваё прывітанне ўдзельнікам злёту, кіраўнік раёна адзначыў, што сёння нам патрэбны як паветра людзі, зацікаўленыя ў актыўнай і выніковай працай, прафесіяналы сваёй справы, з наватарскай жылкай. Ён канстатаваў:
— Далейшая дзейнасць раёна будзе ацэньвацца па сістэме паказчыкаў эфектыўнасці і якасці. Асноўнай мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця з’яўляецца тэхнічнае пераўзбраенне прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, рост канкурэнтаздольнай працукцыі і далейшае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва на аснове развіцця і выкарыстання чалавечага патэнцыялу. Патрэбна будзе працаваць так, каб атрымаць 44,4 тысяч тон збожжа, надаіць болей 34,1 тоны малака, пабудаваць больш 20 тысяч квадратных метраў жылля, прыцягнуць прамыя замежныя інвестыцыі ў памеры 16 млн. долараў ЗША, забяспечыць рэнтабельную працу ўсіх прадпрыемстваў, стварыць 370 рабочых месцаў і забяспечыць рост сярэдняга заробку па раёну. Ад агульных намаганняў – ад кіраўнікоў да простых рабочых – напрамую залежыць выкананне запланаванага, падкрэсліў М. Какора і павіншаваў пераможцаў раённага спаборніцтва, выказаў ім падзяку за стараннасць, высокую адказнасць, прафесіяналізм і майстэрства.
Пасля выступлення М.Какора аб’явіў злёт перадавікоў вытворчасці адкрытым.
Цёплыя словы затым прагучалі ад суседзяў – прадстаўнікі Любаншчыны пажадалі жыткаўчанам плённай працы і ў бягучым годзе. Пасля сцэнай авалодваюць народны ансамль народнай песні “Сваты” і юныя барабаншчыцы…
Прыгожае свята прадоўжылі супрацоўнікі РАНС, якія вынеслі на сцэну галоўныя сімвалы працы і працалюбства – сцягі. Пад урачыстую музыку старшыня райвыканкама ўрачае пераходныя сцягі, дыпломы, грашовыя прэміі кіраўнікам і старшыням прафкамаў: ААТ “Сатурн-1”, ААТ ”Тураўшчына”, Тураўскага гарадскога Дома культуры”, філіяла №16 ААТ “Гомельаблаўтатранс”, ПМК №76 трэсту “Гомельсаўгасбуд”, сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба, Юркевіцкаму сельскаму выканаўчаму камітэту, ПГУП “Віцязь Палескі”.
Гэтак жа ўрачыста ўзнагароджаны працоўныя калектывы ААТ “Тураўшчына” (па вытворчасці мяса), КСУП “Бялёў” (па вытворчасці малака), КСУП “Коленскае” (па ўзнаўленню статка), (ААТ “Рыбгас “Белае” (па вытворчасці рыбы) пераходзячымі вымпеламі і дыпломамі.
Пераходзячымі вымпеламі і дыпломамі адначаны асобныя калектывы – МТФ “Пасека” КСУП “Коленскае”, СШ №3 г. Жыткавічы, Мілевіцкі і Браніслаўскі вучэбна-педагагічныя комплексы дзіцячы сад-школа, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. Жыткавічы, Верасніцкі дзіцячы садок, педыятрычнае аддзяленне ЦРБ, Чырвоненская амбулаторыя агульнай практыкі, Бялёўскі СДК і Чырвоненская сельская бібліятэка. Старшыня райвыканкама ўручыў ганаровыя граматы райвыканкама лепшым працаўнікам усіх сфер, іх імёны занесены на раённую дошку гонару.
Цудоўныя музычныя віншанні-падарункі падрыхтавалі лепшым калектывам і працаўнікам нашы самадзейныя артысты, выхаванцы дзіцячага садка “Сонейка”… Ад таго ўрачыстасць была яркай і запамінаючай, і яна працягвалася далей. Намеснікі старшыні райвыканкама ўручылі каля сотні пераможцаў (іх імёны надрукаваны ў “НП” за 5 сакавіка) раённага спаборніцтва спецыяльныя пасведчанні, падарункі і кветкі.
Урачыстасць працягвалася больш дзвюх гадзін. Яна засведчыла, што мы не спыніліся, не зрабілі кроку назад у сваім развіцці. Мы рухаемся наперад. Мы ўжо прывыклі да добрых перамен, нават, бывае, ужо іх і не заўважаем. Паглядзіце навокал: расце горад, будуюцца новыя мікрараёны, аграгарадкі, радуюць вока дагледжаныя палі. І ўсё гэта дзеля нас. А наперадзе нас яшчэ чакаюць напружаная праца, новыя справы, калі мы хочам жыця яшчэ лепей. Будучае ж пачынаецца сёння!
У. МІКАЛАЕЎ.
НА ЗДЫМКАХ: у час раённага злёту перадавікоў.
Фота В. КІЖНЁВА