Добрая традыцыя маецца ў калектыве Жыткавіцкай раённай ветэрынарнай станцыі
Тут усіх спецыялістаў, якія выходзяць на заслужаны адпачынак, прынята праводзіць з належнай пашанай і падзякай. Днямі іх атрымліваў ад калег загадчык Тураўскай участковай ветлячэбніцы Іван Мальцэвіч.
Іван Мікалаевіч ураджэнец суседняга Столінскага раёна, але большую частку свайго жыцця прысвяціў Жыткаўшчыне. Што не кажы, а сорак пяць гадоў у нашым рэгіёне займаўся лячэннем і прафілактыкай захворванняў грамадскай і прыватнай жывёлы. Сваю дзейнасць Мальцэвіч распачаў пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Прафесію выбіраў па ўласным жаданні. Бачыў, з якой павагай ставяцца вяскоўцы да мясцовага ветурача. Праўда, потым зразумеў, калі поўнасцю ўключыўся ў справу, што такія адносіны людзей прыходзяць толькі дзякуючы старанню і высокаму майстэрству. Для чаго не адзін год неабходна працаваць на ўласны аўтарытэт. І ён з маладой кіпучай энергіяй узяўся за даручаны ўчастак работы. Яе на той час было вельмі шмат. Напрыклад, на Тураўшчыне пры савецкім часе толькі ў прыватным сектары пры савецкім часе налічвалася не меней чатырох тысяч кароў. Нямала трымалі сяляне і іншай жыўнасці. Таму, калі ў гаспадара нехта з чацвяраногіх хварэў у хляве, чалавек не адкладваў візіт да ветэрынара Мальцэвича. Людзі не цэрымоніліся, нярэдка і сярод ночы будзілі. І Іван Мікалаевіч нікому не адмаўляў. Браў неабходныя медыкаменты і ішоў на выручку, хаця даволі часта прыходзілася дабірацца ў навакольныя ад Турава паселішчы.
Хапала спраў і ў грамадскім сектары. За кожным спецыялістам лячэбніцы былі замацаваныя фермы мясцовых гаспадарак, дзе прыходзілася дапамагаць выконваць увесь комплекс прафілактычна-лячэбных ветэрынарных мерапрыемстваў.
– Тады ва ўстанове аўтамабіля не мелася, таму дабіраліся на кані, пешкам. Бездарожжа было страшэннае, – успамінае Іван Мікалаевіч. – Зімой здаралася, што, калі шляхі засыпала снегам, станавіўся на лыжы і кіраваўся выконваць свае абавязкі. Пераадольваць цяжкасці дазваляла любоў да абранай справы. І цяпер не шкадую аб выбары прафесіі.
Не аднаму маладому спецыялісту Мальцэвіч дапамог, вобразна кажучы, стаць на крыло. І гэта таксама спрыяла павышэнню аўтарытэта, як граматнага спецыяліста ў ветэрынарыі.
Выказаць Івану Мальцэвічу словы ўдзячнасці за шматгадовую працу кіраўніцтва ветстанцыі даручыла яго калегам Леаніду Рыдзецкаму і Мікалаю Сяргейчыку. Не адзін год яны працавалі поплеч, таму пасля ўручэння заслужанай узнагароды доўга ўспаміналі пра перыяд сумеснай дзейнасці на Тураўшчыне. Мальцэвічам пройдзены вялікі працоўны шлях. Канечне, у чалавека ёсць шкадаванне, што дайшоў па ім да фінішнай рысы, але ж зрабіў гэта годна.
Сяргей Белка