Старонкі нашай гісторыі

Нацыянальны рух на Беларусі, які актывізаваўся ў выніку звяржэння самадзяржаўя, пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі атрымаў новы штуршок. Пачалося актыўнае абмеркаванне стварэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове.
Учас баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны многа беларускіх бежанцаў апынуліся ў расійскіх губерніях, шмат іх было і ў абодвух сталіцах, Маскве і Петраградзе. З прапановы найбольш свядомых з іх пачалі фарміравацца нацыянальныя беларускія структуры, якія прызнаўшы новую ўладу, працавалі пры Саветах і партыйных камітэтах розных узроўняў. У лістападзе 1917 года пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў пачаў працаваць Беларускі абласны камітэт (БАК). Праз два месяцы пры наркамаце па справах нацыянальнасцей утвараецца Беларускі нацыянальны камісарыят пад старшынствам А. Чарвякова. У сакавіку разам з савецкім Урадам Белнацкам пераехаў у Маскву. Ён меў свае аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску і Віцебску.

Друкаваным органам яго стала газета “Дзянніца” першае савецкае выданне на беларускай мове, рэдагаваў якое Д. Жылуновіч. Сярод супрацоўнікаў Белнацкама было многа вядомых дзеячоў навукі і культуры. Маючы такія моцныя інтэлектуальныя сілы, ён накіраваў свае намаганні на стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. У цесным кантакце з Белнацкамам працавалі беларускія секцыі РКП(б) ў Петраградзе, Маскве, Саратаве, Тамбове, Казані і іншых гарадах Расіі, якія складаліся з бежанцаў-беларусаў.

А

дміністрацыйна землі неакупіраванай часткі Беларусі ўваходзілі ў гэты час у склад Заходняй вобласці, улада ў якой належала абласному выканаўчаму камітэту Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў і фронту. Гэтыя структуры, арганізаваныя ў снежні 1917 года, працавалі пад кіраўніцтвам Паўночна-Заходняга камітэта РКП(б) і разглядалі Беларусь як частку РСФСР. Цэнтрам вобласці быў Мінск.

Нелішне будзе заўважыць, што работа па стварэнню беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці праходзіла ў надзвычай складаных палітычных і сацыяльна-эканамічных умовах. 15 снежня 1917 года ў Брэст-Літоўску было заключана пагадненне паміж савецкай Расіяй і дзяржавамі гераманскага блоку аб часовым спыненні ваенных дзеянняў. Паколькі па шэрагу прычын мірныя перагаворы ішлі даволі складана, Германія 18 лютага 1918 года аднавіла наступленне на фронце, у выніку чаго пад нямецкую акупацыю трапіла большая частка Беларусі, у тым ліку Мінск і Гомель. Кіраўніцтва Заходняй вобласці перабралася ў Смаленск. У такіх абставінах урад РСФСР вымушана пайшоў на заключэнне мірнага дагавора на вельмі цяжкіх умовах. Ён быў падпісаны 3 сакавіка.

У справе стварэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці вельмі многае залежала ад стаўлення да гэтага цэнтральнага камітэта РКП(Б) і Савецкага ўрада. Якіх-небудзь афіцыйных дакументаў па гэтаму пытанню да снежня 1918 года прынята не было. Але ў верасня 1917 года У. Ленін у брашуры “Ці ўтрымаюць бальшавікі дзяржаўную ўладу” прама заявіў пра тое, што яна “правядзе неадкладнае аднаўленне поўнай свабоды для Фінляндыі, Украіны, Беларусі”. Такім чынам правадыр стаў першым, хто прызнаў за беларускім народам права на арганізацыю свайго жыцця ў адпаведнасці з воляй большасці насельніцтва. Што тычыцца пазіцыі Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) і падпарадкаванага яму абласнога выканаўчага камітэта Саветаў Заходняй вобласці і фронту, то частка яго кіраўнікоў, Мяснікоў, Калмановіч, Кнорын і іншыя, ўвогуле лічылі, што стварэнне нацыянальных дзяржаў будзе замінаць сусветнай рэвалюцыі, якую яны чакалі ў Еўропе ў хуткім часе.

П

ытанне аб стварэнні беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове набыло асаблівую вастрыню пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі. 13 лістапада 1918 года Дэкрэтам Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта РСФСР быў ануляваны Брэсцкі мірны дагавор. Нямецкія войскі спешна пакідалі захопленыя імі беларускія землі. 10 снежня часці Чырвонай Арміі занялі Мінск. Паўсюдна аднаўляліся органы Савецкай улады, якія ліквідавалі ў час нямецкай акупацыі.

21-23 снежня ў Маскве праходзіла канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б). Камуністы лічылі, што беларускі народ мае права на ўласную дзяржаўнасць, паколькі з’яўляецца самабытнай нацыяй са сваёй мовай, развіваецца ў пэўных этнаграфічных межах, і, ўлічваючы канкрэтныя ўмовы, разглядалі яе як фарпост расійскай сацыялістычнай рэвалюцыі на Захадзе. Канферэнцыя даручыла створанаму бюро склікаць Усебеларускі з’езд камуністаў. Усе матэрыялы былі прадстаўлены ў распаражэнне ЦК РКП(б). Ёсць меркаванне, што іх прынялі пад ўвагу, і 24 студзеня 1918 года ЦК расійскай партыі бальшавікоў прыняў пастанову аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.

У Смаленску 30 снежня адкрылася VІ Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б). Паколькі тут былі прадстаўлены ўсе камуністычныя арганізацыі Беларусі, яна аб’явіла сябе І з’ездам КП(б)Б. Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі ўзначаліў вядомы беларускі журналіст і пісьменнік Д. Жылуновіч (Цішка Гартны). Вечарам 1 студзеня 1919 года па радыё абнародавалі Маніфест, абвясціўшы ўсяму свету аб утварэнні БССР. Праз пяць дзён кіраўніцтва краіны пераехала ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай.

В. НІКАНОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.