ШЧАСЦЕ ЯЕ – У ДЗЕЦЯХ

Вольга Іосіпаўна Рагалевіч з Дзякавіч — шчаслівая маці. І бабуля. І прабабуля…


Лічыце самі. Нарадзіла і выхавала жанчына трох сыноў і пяць дачок. Яны выраслі. Пажаніліся. Падаравалі ёй 23 унукі. Тыя ў сваю чаргу ажно 20 праўнукаў. Колькі гэта атрымліваецца? Так, больш за шэсцьдзесят чалавек. Наўрад ці яе, хоць і прасторная, хата здолела б прыняць усіх яе дзетак адразу. Але ж радасць у маці незвычайная, калі ж толькі пачуе родныя галасы на падворку…


Што тут скажаш: глядзяць дзеці сваю маці. Прыходзяць тры дачкі і два сыны, што жывуць побач, у адной вёсцы. Прыязджаюць і з Магілёўшчыны, і з Міншчыны. А раз’едуцца – сумненька маці стане на сэрцы. Шэсць гадоў, як пайшоў з жыцця яе муж, і яна адна застаецца ў хаце чакаць іх у госці.


— Сёння ноч не магла заснуць, чакала сваіх дзяцей, перажывала, каб у дарозе ўсё было добра…— распавядае мне.


— А мы табе не будзем болей казаць, калі прыедзем. Хай лепей сюрпрыз будзе, чым хвалявацца будзеш… — кажа адна з прыгожых дачок Вольгі Іосіпаўны.


— Сабраліся ж вось, лічы, якраз на дзень нараджэння, падарунак мне такі старой зрабілі… — усміхаецца-не нарадуецца дзецям маці.


— А не хочаце да каго пайсці жыць? — пытаюся.


— Не. Моладзь сёння іначай жыве, не трэба ім перашкаджаць. Ды й я ж яшчэ трохі жвавая. То і кароўку трымала, і гаспадарку, і бульбы яшчэ колькі насаджу… Толькі нядаўна пачала зводзіць, бо дзеўкі мае накрычалі. То мо бульбы меней у гэтым годзе пасаджу. Але — пасаджу. Што ж я тады за чалавек… — усміхаецца краечкам вуснаў жанчына.


Ёй ужо ідзе семдзесят пяты гадок. А здаецца, прызнаецца мне, што і не жыла нібыта. Часта ўспамінае сваё напаўгалоднае басаногае дзяцінства. Маці падымала дачок адна, бацька рана памёр.Таму да працы прывучаная была з ранніх год. Колькі жыта зжата яе рукамі, колькі чароту нарыхтавана на балотным возеры — хіба ж пра тое забудзеш?


Як душа яе часам мкне на былую калгасную ферму, дзе прапрацавала чвэрць веку, адкуль і на заслужаны адпачынак пайшла. І на адкорме шчыравала, і даглядала малых цялят, і раздойвала кароў.


— Цяжкая была праца, не тое, што цяпер, усё механізавана. Тады ж мы на сабе кармы насілі, буракі тыя ж паспрабуй раздаць. Уходзішся. Але ж працавалі і хацелася працаваць. У нас адказнасць да справы сваёй была надта вялікая…


Вольга Іосіпаўна згадвае, калі запрашалі на свята, вяселле ў радні альбо яшчэ якая падзея, яе дзяўчаты ішлі на ферму. Ёй бы пагуляць па-чалавечы, а думкі ўсё там: ці зробяць як след, ці справяцца? І кіне тую вечарыну на гадзіну, птушкай паляціць на ферму, каб упэўніцца, што там лад ды парадак…


І дома круцілася, як вавёрка ў тым коле. Неяк здарыўся ў яе пералом нагі, дык пакуль яна гаілася — чатыры падушкі вышыла. Памятае яшчэ, як прала і ткала, хоць і гарачая пара наступала, але па маладосці часу на ўсё хапала.


— А што вы лічыце сэнсам свайго жыцця? — пытаюся ў кабеты.


— Гэта мае дзеці, унукі… Толькі адно думаю: каб у іх усё шчасліва было, каб хораша, па чалавечы…


Што ж, сапраўды: шчасце бацькоў, відавочна, у іх працягу, у іх дзецях, унуках, праўнуках. Шчасце, калі твой род на зямлі доўжыцца. Гэта вялікае шчасце!


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.