Спартакіяда назвала пераможцаў

Яшчэ адно значнае мерапрыемства ў галіне адукацыі прайшло нядаўна ў нашым раёне. Яно было прысвечана 90-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. На гэты раз педагогі Жыткаўшчыны спрабавалі свае сілы ў спартыўных спаборніцтвах.


У дзень адкрыцця спартакіяды педагогаў у спартыўнай зале сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2 райцэнтра нават цеснавата стала. На агульнае пастраенне каманд, якія прадстаўлялі ўсе навучальныя ўстановы раёна, выйшлі 233 чалавекі. Удзельнікаў спаборніцтваў віталі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Аляксандр Емяльянаў, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Уладзімір Саўчыц, старшыня раённага камітэта прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Пётр Кальцоў. Выступоўцы адзначылі, наколькі цяпер важна весці здаровы лад жыцця, той уплыў, што аказваюць на яго заняткі спортам і фізкультурай. Канечне ж, гучалі і пажаданні перамог і справядлівай барацьбы. Як кажуць у спартыўным асяроддзі, няхай пераможа мацнейшы. Пасля адкрыцця спартакіяды яе ўдзельнікі адразу прыступілі да змагання.


Сваё майстэрства педагогі дэманстравалі ў некалькіх відах спорту: шашках, настольным тэнісе, дартсе, шахматах, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Дарэчы, апошнія віды спаборніцтваў дапамаглі арганізаваць шахматна-шашачны клуб ДЮСШ спартаддзела і раённая арганізацыя ДТСААФ.


Кожны ўдзельнік спартакіяды імкнуўся паказаць максімальны вынік. Таму і саперніцтва ў кожным відзе праграмы было надзвычай вострым. Трэба адзначыць яшчэ і тое, што некаторыя педагогі выступалі адразу ў некалькіх відах і паказалі пры гэтым цудоўныя вынікі. Напрыклад, Міхаіл Хаміцэвіч з Мілевіцкага навучальнага педагагічнага комплексу. Ён заняў першае месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Прызёрам стаў гэты педагог і ў дартсе, дзе па выніках выбіў другую суму. У абодвух гэтых відах праграмы спартакіяды галоўным канкурэнтам Міхаіла Хаміцэвіча стаў Мікалай Каляда з Рычоўскага навучальна-педагагічнага комплексу. Толькі Мікалай у стральбе быў прызёрам, а ў дартсе стаў пераможцам. Трэцімі ў гэтых спаборніцтвах сталі: у стральбе — Іван Тачыла з САШ №2 г. Турава, у дартсе — Уладзімір Клімовіч (Людзяневіцкая САШ).


Самымі ж трапнымі стралкамі ў жанчын былі прадстаўніцы з Жыткавіцкага раённага ЦКРОіР Тамара Асіпенка і Ірына Лаўніковіч. Першая стала пераможцам у стральбе, а другая заняла трэцяе месца. Другі вынік сярод жанчын паказала Святлана Мініч з ясляў-сада №5 райцэнтра. У дартсе больш спрактыкаванымі паказалі сябе Марына Русая (Тураўскі Дом творчасці), Аксана Журовіч (Жыткавіцкі Дом творчасці) і Валянціна Агіевіч (Чырванаборскі дзіцячы сад). Менавіта ў такім парадку яны і ўзышлі на п’едэстал гонару.


Хаця шашкі і шахматы — віды спорту інтэлектуальнага характару, але па напалу эмоцый яны нічым не саступаюць тым, дзе патрэбна шмат рухацца і адменная рэакцыя. Таму сапернікі імкнуліся гуляць толькі на перамогу. Бескампрамісная барацьба ішла ў кожнай партыі. Тым большы прэстыж тым, хто стаў пераможцам і прызёрамі ў гэтых спаборніцтвах. Сярод мужчын-шахматыстаў месцы размеркаваліся наступным чынам: першым стаў Уладзімір Якушэвіч з Хваенскага навучальна-педагагічнага комплексу, другім Васіль Бічка з Верасніцкай САШ, трэцім Андрэй Кувік з Кольненскага навучальна-педагагічнага комплексу. Першае месца ў жанчын заваявала Наталля Тачыла (Верасніцкая САШ), другое — Марыя Купрацэвіч (Чырвоненскі яслі-сад), трэцяе — Любоў Палякова Жыткавіцкі раённы цэнтр ЦКРО і Р).


Свае пераможцы і прызёры вызначыліся і ў шашачным турніры. Імі сталі: Наталля Умнова (Чырвоненская САШ), Тамара Матох (САШ №2 райцэнтра), Наталля Ханеня (Браніслаўскі навучальна-педагагічны комплекс), Рыгор Блоцкі (Грэбянёўская БАШ), Іван Тачыла (САШ №2 г. Тураў), Міхаіл Ранько (САШ №3 райцэнтра).


Самым жа захапляючым і азартным было саперніцтва за тэніснымі сталамі. У гэтых спаборніцтвах месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — сярод мужчын заняў Іван Тачыла з САШ №2 г. Турава, другое — Васіль Пінчук настаўнік фізкультуры гімназіі г. Жыткавічы, трэцяе — Валерый Касьянчык з сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №1 райцэнтра. У жаночай групе пераможцам стала Вольга Некрашэвіч з Юркевіцкага навучальна-педагагічнага комплексу, а прызёрамі — Людміла Малочка з САШ №2 г.Турава і Людміла Субат з САШ №1 г. Турава. Усе пераможцы і прызёры спартакіяды будуць узнагароджаны за свае спартыўныя дасягненні ганаровымі дыпломамі адпаведнай вартасці і прызамі.


Спартакіяда работнікаў адукацыі працягвалася два дні. У чарговы раз сваім актыўным удзелам у такім мерапрыемстве педагогі пацвердзілі, што яны не толькі могуць прапагандаваць здаровы лад жыцця сярод сваіх выхаванцаў, але і самі ахвотна далучаюцца да яго.


С.МІКАЛАЕЎ.


НА ЗДЫМКАХ: падчас мерапрыемства.


Фота В. КІЖНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.