Вялікія справы акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс”
Дзейнасць акцыянернага таварыства “Жыткавічы-хімсервіс” вызначаецца шмат-профільнасцю.
Менавіта гэтая акалічнасць дазваляе калектыву штогод дабівацца нядрэнных поспехаў. Так сталася і летась.
Выручка прадпрыемства ад рэалізацыі работ і паслуг склала 4,5 мільёна рублёў, яе тэмп роста да папярэдняга перыяду — 32 працэнты. Асноўнай крыніцай даходаў з’яўляецца база забеспячэння. Яе работнікі за год паставілі спажыўцам 7 тысяч тон сапрапелю, перапрацавалі 7,5 тысячы тон угнаенняў і дзевяць тысяч — даламіту. На жаль, як заўважыў кіраўнік таварыства Ігар Галавач, не ўсё ў структурным падраздзяленні прайшло на выдатна. Галоўны пакупнік азёрных адкладанняў “Беларуснафта” апошнія тры гады не павышае цану на згаданую прадукцыю, а летась з верасня ўвогуле не браў яе. Менавіта ў такой няпростай сітуацыі ААТ “Жыткавічыхімсервіс” удалося кампенсаваць недахоп сродкаў за кошт рэалізацыі свініны, рыбы, аказання паслуг малакавозамі. Павелічэнне валавай прадукцыі ў сельскагаспадарчай галіне ўдалося забяспечыць: у раслінаводстве — на 16,3 працэнта, а ў жывёлагадоўлі — на 70,3. Выручкі атрымана 649 тысяч рублёў. Яшчэ 458 тысяч на рахункі прадпрыемства “прывезлі” малакавозы. Пастараліся і матросы земснарада, якія намылі за сезон 14,2 тысячы тон сапрапелю, што дазволіла павялічыць яго здабычу на 37,9 працэнта.
З возера чырвонае калектыў таварыства атрымаў яшчэ выгаду і ад рыбалоўства. Хаця на паляпшэнне берагавой інфараструктуры і патрацілі нямала, 160 тысяч рублёў, але разам з тым далі магчымасць працаўладкавацца дваццаці чалавекам. Таксама вылавілі 78 тон рыбы, а ад рэалізацыі пуцёвак атрымалі 39 тысяч рублёў. Поспехі ў жывёлагадоўлі і ад арэнднай дзейнасці дазволілі пашырыць і асартымент ва ўласных гандлёвых кропках, што належна спрацавалі на агульную эканоміку. Гэта давала магчымасці абнаўляць матэрыяльную базу. Агульны аб’ём інвестыцый за год дасягнуў 145 тысяч рублёў.
Вялікія планы калектыў ставіць і на год бягучы. Найперш значныя капіталаўкладанні мяркуецца накіраваць на заканчэнне будаўніцтва склада мінеральных угнаенняў, на рэканструкцыю ёмістасцей для захавання КАССаў. Збіраюцца ў “Жыткавічыхімсервісе” сур’ёзна заняцца развядзеннем рыбы. Для гэтага кіраўніцтва таварыства мяркуе аднавіць вытворчасць на чатырох сажалках і ў садках, якія перададзены прадпрыемству ад “Чырвонай Зоркі”.
— Дапамогі чакаць няма адкуль, таму будзем разлічваць на ўласныя сілы, фінансы для падняцця рыбгаса патрабуюцца значныя, — падкрэсліў дырэктар Ігар Галавач. — Шукаем выхад са склаўшагася становішча. Таму калектыў не траціць надзеі, што з гэтым праектам усё атрымаецца.