Хай гадуецца!
Як мы паведамлялі сваім чытачам, падведзены вынікі акцыі “Выйграй жывы прыз”, якую праводзіла рэдакцыя газеты “Новае Палессе” і Жыткавіцкае раённае спажывецкае таварыства сярод падпісчыкаў на раённую газету “Новае Палессе”: парасятка, як мы паведамлялі, выйграла жыхарка мікрараёна Азёрны райцэнтра, работніца Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода Наталля Мікалаеўна Князева.
Днямі акцыя набыла рысы завершанасці. Мы запрасілі Наталлю Мікалаеўну ў рэдакцыю.
— Ніколі б не падумала, што мне выпадзе такі першамайскі падарунак. Дзякуй роднай газеце, якую я заўсёды, як і мая радня, выпісваем і з задавальненнем чытаем. Цяпер яшчэ больш будзем прапагандаваць яе. Асабліва на маёй працы, на маторабудаўнічым заводзе. Дарэчы, мне і мужу, і ўсёй сям’і шмат прыйшло віншаванняў з нагоды атрымання такога цудоўнага прыза. Дзякуй вам, журналісты, дзякуй усім работнікам і кіраўніцтву раённага спажывецкага таварыства за сумесную акцыю, адзначыла Н.М. Князева.
Павіншаваўшы яе з выйгрышам, мы разам накіраваліся на свінагадоўчую ферму раённага спажывецкага таварыства. Там нас чакала ўжо намеснік старшыні Жыткавіцкага раённага спажывецкага таварыства Валянціна Максімаўна Белаглазава і загадчыца фермы (яна ж адначасова і ветурач) Людміла Уладзіміраўна Рыбак, якія таксама павіншавалі Наталлю Князеву з перамогай у конкурсе і прапанавалі самой выбраць свой выйгрыш. Парасятка, якое патрапіла ў рукі жанчыны, было жвавым, але мы паспелі падлавіць момант, каб сфатаграфаваць яго цяперашнюю гаспадыню з жывым падарункам.
— Няхай гадуецца на радасць! — пажадала пераможцы нашага конкурсу падпісчыкаў Валянціна Белаглазава. — І няхай у нашай раённай газеты будзе больш сяброў!
Добрае пажаданне. Падтрымліваючы яго, калектыў раённай газеты выказвае шчырую ўдзячнасць Надзеі Пятроўне Мурашка, усяму калектыву раённага спажывецкага таварыства за падтрымку. На жаль, рэдакцыя не мае спецыяльных сродкаў, каб набываць падарункі, мы маем толькі слова, якое аддзячыць за добрыя справы! А ў чытачоў, якія чыталі гэтыя радкі, застаецца спытацца: а вы падпісаліся на “Новае Палессе” на чэрвень? Спадзяемся, што ў вас ужо аформлена падпіска і на другое паўгоддзе! Калі не — паспяшайцеся, бо, згубіце шмат, калі парушыцца повязь з раёнкай. Заставайцеся з намі!
У. ПРЫАЗЕРНЫ.
НА ЗДЫМКУ: Н.М. Князева і В.М. Белаглазава.