Для дабрабыту і бяспекі
Самыя розныя пытанні жыццядзейнасці насельніцтва мясцовым органам самакіравання ўдаецца вырашаць падчас работы назіральных камісій. Не выключэннем з’яўляецца і Перароўскі сельскі Савет. Як практыкуецца тут гэтая форма, расказвае кіраўнік справамі сельвыканкама Ганна Васільеўна Пашук.
— Назіральная камісія на тэрыторыі сельсавета працуе з пачатку лютага. У яе склад уваходзяць супрацоўнікі самых розных службаў: раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, сацыяльнай службы, сістэмы адукацыі. Узначальвае камісію старшыня сельвыканкама Ганна Рыгораўна Вашкова. Два разы на месяц прадстаўнікі гэтага фарміравання наведваюцца да адзінокапражываючых грамадзян, ветэранаў вайны, інвалідаў, у сем’і, дзе выхоўваюцца маленькія дзеці, а таксама нядобранадзейныя сем’і, каб выявіць тыя праблемы, што турбуюць людзей, а таксама недахопы, якія нясуць сабой пагрозу жыццю такіх жыхароў. За час работы назіральнай камісіі складзена амаль шэсцьдзесят пратаколаў.
— Як гэта адбываецца?
— Члены камісіі наведваюцца непасрэдна ў дамы гэтых катэгорый грамадзян. Вывучаюць становішча. Кожны спецыяліст, так бы мовіць, у рамках кампетэнцыі сваёй службы. Далей складаецца пратакол, дзе і адзначаюцца ўсе недахопы і праблемы, якія выяўляюцца, і якія называюць самі людзі. Адразу ж вызначаюцца і тэрміны, да якіх патрэбна ўхіліць заўвагі. Пасля абходу домаўладанняў (як правіла за адзін дзень работы наведваецца іх з дзясятак) члены камісіі збіраюцца і абмяркоўваюць, якая канкрэтна патрабуецца дапамога, і як вырашыць тыя праблемы, хто гэтым будзе займацца. Усё гэта сістэматызуецца і заносіцца ў спецыяльныя карткі, якія захоўваюцца ў сельсавеце. Робіцца гэта, каб больш зручна было кантраляваць: што выканана, а на чым яшчэ патрэбна акцэнтаваць увагу.
— Ці ёсць вынік ад гэтай дзейнасці?
Безумоўна. Раней, калі толькі камісія пачала працаваць, людзі вельмі неахвотна ішлі на супрацоўніцтва. Маўляў, чаму прыйшлі менавіта да мяне, а не да каго іншага. Цяпер псіхалогія грамадзян змянілася, падзейнічалі нашы тлумачэнні аб тым, што камісія працуе дзеля іх жа дабрабыту і бяспекі. Таму да наступнага прыходу стараюцца нешта і паправіць самі з выказаных заўваг. Вось яскравы прыклад. Адно з самых распаўсюджаных парушэнняў, якое выяўлялася камісіяй, з’яўляецца адсутнасць перадтопачных лістоў ля грубак і пячэй, а таксама пажарных апавяшчальнікаў. Там, дзе папрацавалі члены камісіі, цяпер гэтая праблема знята. Жыхары набываюць у краме гэтыя лісты, апавяшчальнікі, устанаўліваюць іх у хатах. Раней такога не назіралася.
— На ваш погляд, ці ёсць карысць ад гэтай дзейнасці? Ці варта працягваць гэтую працу?
— Карысць ёсць і немалая. На тэрыторыі сельсавета пражывае адна нядобранадзейная сям’я. Яна пастаянна ў полі зроку мясцовай улады. Ды і падчас работы камісіі не раз наведалі яе домаўладанне. І цяпер умовы пражывання гэтай сям’і намнога палепшыліся. Гаспадыня стараецца выпраўляць усе недахопы, якія ёй называліся членамі камісіі. Думаю, што праца гэтая павінна працягвацца, каб назіральная камісія сельсавета наведала кожны падворак, кожны дом. У нас жа яшчэ столькі праблем, якія патрэбна вырашаць. Узяць хаця б тое ж добраўпарадкаванне, ці абсталяванне домаўладанняў тымі ж перадтопачнымі лістамі і пажарнымі апавяшчальнікамі. Не ва ўсіх яны маюцца. Таму і поле дзейнасці для работы назіральнай камісіі будзе толькі пашырацца. Ды гэта яшчэ добрая магчымасць для мясцовай улады больш глыбока ўнікнуць у праблемы людзей, аператыўна знайсці шляхі па іх вырашэнню.
С. МІКАЛАЕЎ.