Аграрыям не да адпачынку
Жніво ў раёне, вобразна кажучы, упэўнена набліжаецца да свайго экватара. Ці апраўдвае надзеі аграрыяў сёлетняя ўборка карэспандэнт раёнкі папрасіў расказаць першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Мікалая П’яўко.
— Мікалай Мікалаевіч, ці задавальняюць вас тэмпы абмалоту каласавых?
— Скажу так, што пакуль адзіным стрымліваючым фактарам для вяскоўцаў з’яўляецца надвор’е. Пры добрай пагодзе ў раёне здольныя ўбіраць па пяць і болей працэнтаў плошчаў збажыны за дзень. Гэта яскрава дэманструюць хлебаробы акцыянерных таварыстваў «Дзякавічы», «Людзяневічы», «Жыт-кавічыхімсервіс» і КСУПа «Коленскае», дзе жніво даўно вядуць на другой палове зерневага кліна. Спадзяюся, што ў тыя тэрміны, якія агучыў на сялектарнай нарадзе кіраўнік краіны, мы вытрымаем. Для параўнання, летась на такі ж час у нас было ўбрана толькі 28 працэнтаў плошчаў каласавых.
— Важнымі паказчыкамі плённай працы хлебаробаў на жніве з’яўляюцца ўраджайнасць і валавы намалот. Якія прагнозы ў бягучым годзе?
— Аддача кожнага гектара ў сярэднім складае прыкладна 29 цэнтнераў. У параўнанні з іншымі раёнамі па гэтым паказчыку мы другія ў вобласці. Канечне, спадзяваліся на большае, бо своечасова справіліся з сяўбой азімых. Менавіта гэтыя культуры на нашых землях даюць вышэйшую ўраджайнасць за яравыя. Але чэрвеньская засуха ўнесла карэктывы ў нашыя планы. Разам з тым, у параўнанні з мінулагоднім, калі на круг збіралі толькі па 25,7 цэнтнера зерня, у гэтым годзе прыраслі. Не меней трыццаці тысяч тон збажыны на канец кампаніі мець будзем абавязкова.
— Агульны намалот, які ўжо набліжаецца да пятнаццаці тысяч тон, што маюць аграрыі раёна, надае ўпэўненасці на паспяховае выкананне дзяржаўнага заказу.
— Гэта так. Сёння гаспадаркі павінны прадаць на хлебапрыёмнае прадпрыемства 5380 тон зерня. Асноўную колькасць з гэтага аб’ёму 3400 тон у асноўным пшаніцы павінна паставіць нашая жытніца — акцыянернае таварыства «Тураўшчына». І варта сказаць, што са сваёй задачай працаўнікі гаспадаркі спраўляюцца даволі нядрэнна. У дзяржаўныя засекі яны засыпалі 2665 тон зерня.
— Важным у працы земляробаў у гэты час з’яўляецца не толькі жніво, але і кормавытворчасць. Як папаўняюцца запасы фуражу для грамадскага статка?
— Сёння мы маем 5497 тон сена і 43025 сенажу, што складае 42 і 75 працэнтаў да задання адпаведна. З кукурузы мяркуем закласці ў траншэі 180 тысяч тон сіласу. Пасевы згаданай культуры ў нас нядрэнныя, таму выканаць задачу па сілах. Усяго на адну ўмоўную галаву нарыхтавана па 7,02 цэнтнера кармавых адзінак пры заданні 31,1. У такіх гаспадарках як ААТ «Прыазёрскае-Агра», «Дзякавічы», сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба гэты паказчык намнога вышэйшы.
— Летні час з’яўляецца парой не толькі для ўборкі ўраджаю, але і закладкі асновы пад будучы. Якія работы вядуцца вяскоўцамі ў гэтым накірунку?
— Найперш імкнемся прыбіраць з палёў салому. Рулоны яе звезены з 1119 гектараў. Праводзіцца і лушчэнне пожні, ворыва глебы пад рапс. Гэтыя аграпрыёмы выкананы на 690 і 235 гектарах. Актыўна ідзе і назапашванне ў гаспадарках насеннага матэрыялу азімых каласавых культур. Вынік нашай размовы падвяду народным выслоўем, што зараз аграрыям не да адпачынку, бо летні дзень, як вядома, год корміць.
Сяргей БЕЛКА