Ацэнка работы станоўчая
Толькі станоўчыя водгукі і словы ўдзячнасці гучалі ў адрас старшыні прафсаюзнай пярвічкі КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Людмілы Друк у час справаздачна-выбарчай канферэнцыі, дзе дэлегаты калектыву падсумавалі вынікі пяцігадовай дзейнасці арганізацыі і абралі новы састаў яе кіраўніцтва.
Гэта першы вопыт Людмілы Леанідаўны ў ролі прафсаюзнага лідара. Па-праўдзе кажучы, калі яе абіралі на такую пасаду, многія скептычна аднесліся да гэтага. Толькі пяцігадовая грамадская дзейнасць Друк яскрава паказала, што чалавек знаходзіцца на сваім месцы. Як вынікала з даклада, прафкамам камунальніка зроблена нямала карысных і добрых спраў, накіраваных на сацыяльную абарону членаў ячэйкі, стварэнне бяспечных умоў працы, арганізацыю культурна-масавага і спартыўнага адпачынку работнікаў і іншае. Канечне, поспехам найперш садзейнічалі цесная супраца прафсаюза з адміністрацыяй прадпрыемства, у прыватнасці, з дырэктарам Алегам Савосценка, а таксама своечасова наладжаныя сувязі з калектывам. Старшыня пярвічкі пастаралася дайсці да кожнага чалавека, хаця і лічыць, што весці дыялог з людзьмі даволі няпростая справа. Але больш як чатырыста членаў арганізацыі у той ці іншай ступені адчувалі аб сабе клопат з боку прафактыву і яго кіраўніка. Нягледзячы на нявельмі моцны матэрыяльны рэсурс, якім валодае прафсаюз, арганізацыі ўдавалася вырашаць многія праблемы працаўнікоў. І ў першую чаргу, гэтага дамагаліся за кошт палажэнняў калектыўнага дагавору, які ў КУП “Жыткавіцкі камунальнік” налічвае шмат пунктаў стымулявання і падтрымкі рабочых і спецыялістаў. Напрыклад, членам прафсаюза выплачваліся даволі салідныя сумы дапамогі на аздараўленне. Не забывае прафкам іх і ў святы 8 сакавіка, 23 лютага, на Новы год і іншыя. За тым, як выонваюцца правіля аховы працы на вытворчых аб’ектах, пастаянны кантроль ажыццяўляюць дваццаць грамадскіх інспектараў. Усе яны прайшлі навучанне. Неабходны дух сяброўства і ўзаемавыручкі падтрымліваецца ў асяроддзі камунальнікаў і праз шматлікія культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, якія арганізоўваюцца і праводзяцца прафсаюзным камітэтам прадпрыемства. Пры гэтым іх пераможцы ў якасці бонусаў атрымліваюць пэўныя грашовыя выплаты.
Да грамадскага жыцця арганізацыі актыўна прыцягваюцца не толькі дарослыя, але і дзеці работнікаў. Так, да першага верасня першакласнікам дапамагалі збіраць у школу партфелі. У Дзень аховы дзяцей дэлегацыя з дзяўчынак і хлопчыкаў накіроўваецца для ўдзелу ў творчым конкурсе “Чароўны дамавічок”. Гэтая акцыя выклікае ў малых шмат станоўчых эмоцый.
Яскравым прыкладам, што ў КУП «Жыткавіцкі камунальнік» прафсаюзная арганізацыя жыве, мае шмат добрых напрацовак, даволі дзеяздольная і вызначаецца актыўнасцю, з’яўляюцца і два дыпломы, якімі ўзнагароджана пярвічка старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімірам Гулютам за перамогу ў рэгіянальных конкурсах. Дарэчы, з узнагародамі Уладзімір Мікалаевіч прыйшоў і на справаздачную канферэнцыю. Ганаровыя граматы ад аб’яднання ён ўрачыста ўручыў дырэктару Алегу Савосценку і бухгалтару, па сумяшчальніцтву скарбніку ячэйкі Наталлі Чэрванёвай. А вось лідар пярвічкі Людміла Друк удастоена юбілейнага медаля з нагоды 115-годдзя прафсаюзнага руху краіны. Скажам, што прыемным момантам для Людмілы Леанідаўны на мерапрыемствы стала і адзінадушша калег пры галасаванні, якія зноў аказалі ёй давер і абралі старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Безумоўна, што кожны работнік і спецыяліст камунальнай службы раёна ўзнімаў свой мандат не проста так, а з удзячнасцю Людміле Друк за зробленае і адначасова са спадзяваннем, што ў будучым скарбонка прафсаюзных спраў будзе яшчэ паўнейшай. І варта сказаць, каб вынікова спраўляцца з абавязкамі Людміла Леанідаўна самаўдасканальваецца. Дзякуючы абласному прафсаюзу атрымлівае вышэйшую юрыдычную адукацыю. А гэта прамое сведчанне, што абараняць правы сваіх калег яна зможа больш прафесіянальней.
З абраннем на другі тэрмін старшынёй пярвічкі жанчыну павіншавалі і кіраўнікі рэспубліканскага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Сяргей Алейнікаў і абкама згаданага саюза Юрый Корж. У сваіх прамовах яны далі не толькі станоўчую адзнаку дзейнасці прафкама жыткавіцкіх камунальнікаў, але і зрабілі акцэнт на ролі прафсаюза па абароне правоў працоўных у цэлым. Апошнім вынікам такой работы сталі прынятыя папраўкі ў Працоўны кодэкс краіны, значная колькасць якіх унесена ў дакумент менавіта прафсаюзамі.
На канферэнцыі яе ўдзельнікі адзінадушна абралі і іншыя органы сваёй пярвічкі, а таксама дэлегавалі прадстаўнікоў на аналагічныя раённы і абласны форумы.
Сяргей БЕЛКА