У добрых гаспадароў і запас належны
Акцыянернае таварыства “Тураўшчына” – адзіная гаспадарка ў раёне, дзе вырошчваюць садавіну. Яблыневыя сады тут раскінуліся на ста шасцідзесяці гектарах. Зараз у сельгаспрадпрыемстве ідзе збор ураджаю.
– Канечне, ён сёлета выспеў не такім вялікім. Неспрыяльныя пагодныя ўмовы паўплывалі на аддачу пладовых дрэўцаў, – расказвае аграном-садавод Вікторыя, – але разам з тым наша сховішча пуставаць зімой не будзе. Як не застанецца без сыравіны ўласная перапрацоўка. Зараз ураджайнасць з аднаго гектара складае амаль сто цэнтнераў.
У дзень нашага наведвання менавіта Вікторыя Гуркоўская і кантралявала збор яблыкаў, якія пойдуць на канвеер кансервавага камбіната. З іх тут звараць павідла.
Усяго ж садавіны ў таварыстве сабралі больш як сямсот тон. Значная частка накіравана на захоўванне ў сховішча. Яшчэ сотню паданкі прадалі.
– Мы здольныя прыняць дзве тысячы васемсот тон яблыкаў, – гаворыць загадчык структурнага падраздзялення Андрэй Грэцкі, які займае пасаду чатыры гады. – Прадукцыя ў кантэйнерах размяшчаецца ў спецыяльныя камеры, якія абсталяваны клімат-кантролем. Пасля яблыкі праходзяць перадгандлёвую апрацоўку: сартыруюцца, размяркоўваюцца па колеру, мыюцца, выдаляюцца сапсаваныя плады, упакоўваюцца. Для гэтага маем спецыяльную сучасную машыну. Зараз жа для нас важна максімальна запоўніць сховішча.
Таму нядзіўна, што ў грамадскім садзе кіпіць праца, на якой задзейнічаны не толькі работнікі сельгаспрадпрыемства, але і нанятыя зборшчыкі з бліжэйшых паселішчаў. Гаспадарка прадстаўляе магчымасць жыхарам зарабіць нядрэнную капейку. На дзень выходзіць па трыццаць рублёў. І людзі гэтым карыстаюцца. Дзякуючы сумесным намаганням, яблыкі сабраныя на сямідзесяці гектарах. Па тым, як людзі хутка запаўнялі трактарны прычэп, было добра відаць, што справа ім у радасць. Збор ураджаю ў акцыянерным таварыстве вядзецца не толькі ў грамадскім садзе, але і агародзе. У гаспадарцы завяршылі ўборку сталовых буракоў. Пры сярэдняй ураджайнасці 519 цэнтнераў іх накапалі 260 тон. Гэта практычна столькі, каб напоўніць сталовымі буракамі сховішча. Узяліся ў сельгаспрадпрыемстве і за цыбулю. І гэтая культура таксама аддзячвае адменнай аддачай. Кожны гектар – 424 цэнтнерамі. Відавочна, што з заданнем па закладцы цыбулі таксама ўсё атрымаецца ў мясцовых працаўнікоў паспяхова.
– Наша сховішча разлічана на адначасовае захоўванне пяці тысяч тон розных агародніных культур, яблыкаў і бульбы, – гаворыць загадчык Андрэй Грэцкі. – Па ўраджайнасці на палетках адчуваецца, што аб’ёмаў прадукцыі атрымаем дастаткова, і зімою калектыў не будзе сядзець без працы. Бо ўсё, што зараз да нас паступае, неабходна рэалізаваць, для чаго садавіну і агародніну патрэбна даводзіць да таварных кандыцый.
Уборачны канвеер у акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” працуе арганізавана і зладжана на кожным яго ўчастку. А значыць працаўнікі гаспадаркі будуць радаваць сваёй вітаміннай прадукцыяй гараджан да самай вясны.