І прыгажосць лечыць
Уласным пчальніком, марскім узбярэжжам і замкам абзавялася Тураўская гарадская бальніца. Праўда, увасобіліся яны ў малых архітэктурных формах на тэрыторыі медыцынскай установы.
Упрыгожыць наваколле такім арыгінальным спосабам вырашылі самі работнікі бальніцы. А каб паддаць азарту, арганізавалі сярод сваіх падраздзяленняў конкурс на лепшую кампазіцыю, які прымеркавалі да надыходзячага прафесійнага свята – Дня медработніка. Кожнае з шасці падраздзяленняў бальніцы ў поўнай меры праявіла сваю выдумку і фантазію.
На “Цудоўнай паляне”, вырабленай рукамі супрацоўнікаў паліклінікі, шапоча прахалодай вадапад, у пырсках якога адпачывае стаміўшыся па дарозе на кірмаш фурман. Гаспадарчая група бальніцы змайстравала альтанку з імправізаваным калодзежам. Атмасферу ціхага вясковага побыту пастараліся перадаць у сваёй кампазіцыі “Сядзіба” работнікі кухні і раздачы. З драўлянымі скульптурамі насельнікаў мора запрашаюць пазнаёміцца наведвальнікаў бальніцы работнікі прыёмнага пакоя. Да воднай стыхіі ў сваёй рабоце звярнулася і тэрапеўтычнае аддзяленне. Хоць на конкурс яны прадставілі пчальнік, але размясцілі яго на беразе возера, у якім плавае жывая рыба. Па-сапраўднаму адметнай атрымалася скульптурная кампазіцыя аддзялення сястрынскага догляду: перад вачыма на ёй паўстае гісторыя старажытнага Турава – “векавыя” замкі ў засені папараці майстравалі не адзін дзень.
Лепшым пры падвядзенні вынікаў стала архітэктурная пабудова “Замак”, другое месца падзялілі “Пчальнік” і “На беразе мора”, трэцяя прыступка дасталася “Цудоўнай паляне”, чацвёртае прызавое месца – у “Сядзібы”, “Альтанка” атрымала заахвочвальны прыз.
Вядома, без падарункаў не засталіся ўсе без выключэння ўдзельнікі конкурсу. Але ж галоўны яго вынік, напэўна, не толькі ў матэрыяльным стымуляванні. Куды важней – умацаванне карпаратыўнай еднасці, падтрымка ініцыятывы і творчых пачынанняў.
С. ДАЙНЕКА.