Карыснае лета
Самымі рознымі формамі занятасці ахоплены школьнікі раёна ў летні час. На базе навучальных устаноў сёлета працуе шэраг профільных аб’яднанняў. У школах дзейнічаюць рамонтна-будаўнічыя і валанцёрскія атрады, вучнёўскія брыгады па добраўпарадкаванню тэрыторыі і сбору другаснай сыравіны.
Акрамя таго, падлеткі займаюцца доглядам за гароднінай на замацаваных участках, прыводзяць у парадак кнігі ў бібліятэках, працуюць у школьных лясніцтвах, рыхтуюцца да выступленняў падчас жніва ў складзе агітбрыгад.
Грамадска-карыснай працай навучальныя ўстановы запланавалі падчас цяперашніх канікулаў заняць не менш за тры з паловай тысячы рабят ці 70% вучнёўскай моладзі, гэта значна больш чым у мінулыя гады. У першую чаргу да такой работы прыцягваюцца так званыя праблемныя дзеці, што стаяць на розных прафілактычных уліках. Толькі ў лагерах дзённага знаходжання, што завяршылі на гэтым тыдні сваю работу, налічвалася 123 цяжкія падлеткі, якія арганізавана бавілі свой вольны час пад наглядам дарослых.
Падчас летніх канікулаў многія школьнікі атрымліваюць і свае першыя грошы. Па інфармацыі аддзела адукацыі, сёлета ствараецца 10 сельскагаспадарчых атрадаў колькасцю 170 рабят, 3 атрады ці 41 чалавек будуць працаваць на прамысловых прадпрыемствах, 4 чалавекі займаюцца пашывам розных вырабаў па праекту другаснай занятасці школьнікаў, арганізаванаму ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Ул. інф.