Падворак Валянціны Герман адрозніваецца добраўпарадкаванасцю і прыгажосцю
Нават у такія пахмурныя снежаньскія дзянькі тут шмат зеляніны, якую ствараюць туі і іншая расліннасць. Летам жа тэрыторыя ўвогул патанае ў моры кветак. І ўсё гэта гаспадыня робіць для душэўнага камфорту, на радасць сабе і блізкім.
Валянціна Іванаўна заўсёды любіла працаваць на зямлі. Таму, калі пайшла на заслужаны адпачынак, поўнасцю прысвяціла сябе гэтаму занятку. Вырошчвае на ўчастку і садавіну, і агародніну. Толькі адной маліны і трускалак сёлета сабрала болей за сотню вёдзер. А абрыкосы зарадзілі так, што голле гнулася пад цяжарам пладоў. Як кажуць, ураджаю хапіла і сабе, і людзям.
Не меней сіл жанчына аддае і кветкаводству. З ранняй вясны і да позняй восені ў палісадніку і двары радуюць вока сваёй прыгажосцю ружы, цюльпаны, нарцысы і іншыя расліны.
– Бывае за дзень па гастапарцы так наробішся, што, здаецца, свет нямілы. Прысядзеш ля клумбаў, удыхнеш іх водар, палюбуешся на бутоны і стому, нібы рукой здымае. Такі прыліў бадзёрасці атрымліваеш, быццам занава нарадзіўся. Вось так станоўчай энергіі набіраюся, каб на наступны раз хапіла сіл на працу, – гаворыць Валянціна Іванаўна.
Любоў да кветак у жанчыны ад маці. Яна ж навучыла дачку і вышыванню. Праўда, да апошняга рамяства цяпер рукі не даходзяць, але ў хаце маюцца рэчы, якія Герман вырабіла ў маладосці. Зазар значную частку часу ў жанчыны забірае зямельны надзел, які прырос пустуючым суседзкім. Трымае на падворку і хатнюю жывёлу. Найлепшымі памочнікамі ў гаспадарчых справах для Валянціны Іванаўны з’яўляюцца дачка і зяць, а таксама ўнукі і праўнукі, што цэлае лета гасцююць у бабулі. Апошняя і забяспечвае вітамінамі растучыя арганізмы. Менавіта дзякуючы памочнікам на падворку з’явілася прасторная альтанка, малыя архітэктурныя формы, якія гожа ўпісваюцца ў агульны каларыт сядзібы.
– Зразумела, усё патрабуе клопату і догляду, – канстатуе жанчына, – але без такога захаплення жыццё было б сумным.
У ліку любімых заняткаў Валянціны Герман і паходы ў мясцовыя лясы па грыбы. Іх зборам займаецца вельмі ўмела, таму ніколі не вяртаецца з пустым кошыкам.
Так, вёска Перароў сёння знаходзіцца не ў самым вялікім росквіце. Толькі дзякуючы такім актыўным жыхарам паселішча як Валянціна Іванаўна і ў гэтым населеным пункце не спыняецца жыццё, якое людзі ўласнай працай і прыкладам хочуць зрабіць толькі лепшым і прыгажэйшым.
Сяргей БЕЛКА