Знайсці ўзаемапаразуменне
На прамую тэлефонную лінію, якую правёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш, звярнуліся тры жыхары раёна. Пытанні, што агучылі заяўнікі, тычыліся самых розных сфер жыццядзейнасці.
Пенсіянерку з Грычынавічаў непакоілі стасункі, якія склаліся ў яе з КУП “Жыткавіцкі камунальнік”. Сітуацыя дайшла аж да судовага разбірацельства. толькі яго можна было б пазбегнуць. Ад жанчыны патрабавалася не так і шмат: своечасова аплачваць за вываз смецця і падпісаць дагавор на гэтую паслугу. Калі з першай часткай задачы, няхай і са спазненнем яна справілася, то з афармленнем дакумента па ўласнай віне выйшла замінка. Хаця вяскоўцы настойліва прапаноўвалі паставіць пад ім подпіс, нават спецыяліст камунальнай службы разам з кіраўніцтвам мясцовай улады прыязджалі да яе дамоў. Але атрымалася як атрымалася, зразумеўшы сваю памылку, пенсіянерка і звярнулася да старшыні райсавета.
Як заўсёды праявіў актыўнасць падчас дыялогу пажылы чалавек з аграгарадка Сяменча. У прыватнасці, яго непакоіла крутая лесвіца, якая вядзе ў падвал іх шматпавярхоўкі.
— Спускацца цяжка старым па ёй, няхай бы камунальнікі поручні зрабілі, — падзяліўся набалелым пенсіянер.
— Дадзім адпаведнае даручэнне. Пастараемся дапамагчы, — адказаў Уладзімір Мікітавіч.
Задаволены такім адказам суразмоўца на тым канцы провада пацікавіўся і тым, як абстаяць справы з ранейшым яго зваротам, які тычыцца змянення раскладу руху аўтобуса.
— Новы графік знаходзіцца на ўзгадненні, таму праблема ваша вырашыцца станоўча, — запэўніў старшыня райсавета.
Яшчэ адна праблема Сяменчы, якая турбавала мужчыну, — дрэнны стан дарог у паселішчы. Дарэчы, на гэтую тэматыку адбылася размова Уладзіміра Куляша і з жыхаркай райцэнтра. Яе непакоіла, што пасля падсыпкі вуліцы Леніна, летам пыл ляціць у вокны яе кватэры. Таму жанчына цікавілася, калі ж пакладуць на згаданай вуліцы асфальт. Неабходныя тлумачэнні заяўніцы будуць дадзены пасля кансультацый з адказнымі спецыялістамі адпаведных службаў.
Тэлефонная лінія паказала, што абыякавасць да надзённых праблем непрымальная ні для людзей, ні для ўлады. На жаль, не заўсёды магчымасці і жаданні бакоў супадаюць. Але менавіта праз такія дыялогі ўдаецца прыйсці да прымальных рашэнняў.
Сяргей Белка