Больш малака – мацней эканоміка

Сёння работа малочнай галіны кожнага сельгаспрадпрыемства аказвае істотны ўплыў на іх эканоміку. Аб справах жывёлаводаў у гэтыя дні расказвае намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатоль Санюк.


— Анатоль Васільевіч,  наколькі паспяхова працуюць жывёлаводы гаспадарак па вытворчасці малака  ў гэтым годзе?


— За шэсць месяцаў у сельгаспрадпрыемствах раёна валавая вытворчасць малака склала 15747 тон. Калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года, малака па раёну атрымалі на 925,3 тоны больш. Найбольшую прыбаўку забяспечылі жывёлаводы КСУПаў “Чырвоны Бор” (19,6 працэнта), “Бялёў” (18,8 працэнта), “Дзякавічы” (11,3 працэнта), “Коленскае” (7,3 працэнта). Надой ад каровы павялічыўся на 61 кілаграм і дасягнуў за гэты перыяд 2048 кілаграмаў. Сярод станоўчых зрухаў у рабоце галіны можна адзначыць і рэнтабельнасць продажу малака — 24,9 працэнта са знакам “плюс”.


— На вашу думку, ці здольны жывёлаводы раёна на большае ў сваёй працы?


— Нягледзячы на шматлікія станоўчыя моманты ў рабоце галіны, усё ж поўнага задавальнення вынікамі яе дзейнасці няма. Шэраг гаспадарак, у прыватнасці акцыянернае таварыства “Тураўшчына”, КСУПы “Людзяневічы», “Марохараўскі”, вось ужо каторы месяц запар працуюць па вытворчасці малака ніжэй мінулагодняга ўзроўню. А гэта тыя сельгаспрадпрыемствы, якія істотна аказваюць уплыў на агульны вынік.


— Зараз ідзе летне-пашавае ўтрыманне статка. Гэта перыяд, калі працаўнікі ферм атрымліваюць найбольшую колькасць малочнай прадукцыі. Ці ўдаецца ім гэта?


— На жаль,  сёлетні перыяд пашавага ўтрымання статка назваць парой вялікага малака  даволі складана. Пачынаючы з сярэдзіны чэрвеня і практычна да сярэдзіны ліпеня, у гаспадарках назіраўся спад вытворчасці малака. Сталася гэта па прычыне спякотнага надвор’я, калі павыгаралі практычна ўсе  выпасы. І, каб не дапусціць зніжэння надояў, даводзілася вазіць каровам падкормку. Не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах атрымалася наладзіць бездакорна гэты працэс. Да таго ж мы не мелі неабходнай колькасці канцэнтратаў. Іх камбікормавыя заводы адпускалі нам усяго 60 працэнтаў да неабходнага. Яшчэ адным сур’ёзным пралікам з’явілася тое, што ў гаспадарках менш чым на пяцьсот галоў расцялілася кароў. Я ўжо не кажу пра менш значныя недапрацоўкі, якія мелі месца ў дзейнасці жывёлаводаў на месцах: гэта і недобрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў аператарамі машыннага даення, пастухамі, тэхнікамі-асемянатарамі. Таму дапускаліся збоі і на пасьбе, і пры арганізацыі даення, а таксама штучнага асемянення.


— Ці здолелі ў гаспадарках на цяперашні час пераламіць такую негатыўную тэндэнцыю?


— Сітуацыя паціху выпраўляецца. Напрыклад, толькі напачатку бягучага тыдня мы павялічылі продаж малака за суткі на тону васямсот кілаграмаў. Дапамагло ў пэўнай ступені надвор’е. Прайшоўшыя дажджы паспрыялі росту траў на выпасах. Пачалася ўборка зерневых культур, і цяпер мы маем сыравіну для прыгатавання канцэнтратаў. Зараз імі забяспечанасць сто працэнтаў ва ўсіх гаспадарках. Скарачаецца адставанне і па ацёлах. Толькі за апошні перыяд яно склала больш чым на сто цялят. Увогуле спадзяюся, што па выніках дзевяці месяцаў па вытворчасці малака раёну ўдасца выканаць даведзенае заданне.


— Як ідуць справы з якаснымі паказчыкамі малочнай прадукцыі?


— Сельгаспрадпрыемствамі прада-дзена перапрацоўшчыкам 13155 тон малака, з прыростам да леташняга 866 тон. У заліковай вазе 14021 тону. Аб’ём рэалізацыі малака за першае паўгоддзе павялічыўся на 9,4 працэнта. Гатункам “экстра” прададзена 33,1 працэнта малака, вышэйшым гатункам — 59,6 працэнта, першым — 6,9. Не даатрымана за гэты перыяд 109,6 мільёна рублёў выручкі ў суадносінах да цаны вышэйшага гатунку. Сярод такіх гаспадарак КСУПы “Марохараўскі”, “Людзяневічы”, “Дзякавічы”. Гэта сведчыць, што шэрагу гаспадарак патрэбна больш мэтанакіравана працаваць над якаснымі параметрамі малака.


— Хутка  прыйдзе час, калі статкі патрэбна будзе пераводзіць на стойлавае ўтрыманне. Як ідзе падрыхтоўка да гэтага перыяду?


  На цяперашні час у гаспадарках вядуць толькі дробязныя рамонты на фермах. Спецыяльныя брыгады, якія створаны ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, больш працуюць з драўлянымі канструкцыямі: рамантуюць вокны, дзверы, падлогі, агароджы кашар, мяняюць адслужыўшыя свой тэрмін трубы вадапаення, праводзяць  пабелку памяшканняў, займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Ёсць з падрыхтоўкай ферм  праблемы. Асноўныя аб’ёмы рамонтных работ зараз не вядуцца, таму, што гаспадаркі не могуць набыць цэменту і шыферу. Вытворцы не маюць магчымасцей задаволіць нашы заяўкі.  Гэтыя будаўнічыя матэрыялы нам вельмі неабходны, каб праводзіць рэканструкцыю пустуючых памяшканняў ферм, каб зімой там размясціць жывёлу.  Ёсць такія і ў КСУПе “Чырвоны Бор”, і ў КСУПах “Бялёў”, “Марохараўскі”, “Дзякавічы” і іншых. Важнае значэнне надаецца нарыхтоўцы кармоў з траў другога ўкосу. Для гэтых мэт будуць задзейнічаны корманарыхтоўчыя атрады. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што кармоў на зіму назапасім дастаткова. Бо ўся цяперашняя работа, якая праводзіцца да зімова-стойлавага ўтрымання статка – гэта нашы будучыя надоі і прывагі. Якімі яны будуць па велічыні, залежыць толькі ад стараннасці непасрэдна працаўнікоў усіх гаспадарак.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.