Музей народнай адукацыі. Якім яму быць?

Музей народнай адукацыі. Якім яму быць?


Дыялог ветэрана рэспубліканскага перыядычнага друку, нашага земляка Міхаіла ХІЛЬМАНА і педагога, краязнаўцы Васіля НІКАНОВІЧА, які адбыўся днямі ў рэдакцыі газеты «Новае Палессе»


У інтэрв’ю, якое надрукавана ў раённай газеце “Новае Палессе” 8 снежня 2010 года, выказана думка аб адкрыцці на базе адной са школ горада музея народнай адукацыі раёна. Якія вашы меркаванні наконт гэтага?


В.Н. — Думаю, што ў гэтым інтэрв’ю  выказаў вельмі слушную думку. Я з ёй поўнасцю згодны. У навучальных установах раёна ёсць музеі гісторыка-краязнаўчыя, этнаграфічныя, баявой славы і іншыя. А вось музея гісторыі адукацыі пакуль няма. І яго, безумоўна, трэба стварыць.


М.Х. — На мой погляд, у ім павінны быць экспанаты: дакументы, фотаздымкі, успаміны аб тым, як адкрываліся школы, хто ў іх працаваў. Першыя настаўнікі. Хто яны? шкада, што мы нічога не ведаем. А пачынаць трэба. Час не чакае.


В.Н. — Я з вамі не згодны, што мы нічога не ведаем. Мы ведаем і даволі шмат. У кнізе “Памяць” Жыткавіцкі раён, выдадзенай у 1994 годзе, сабраны матэрыялы, у тым ліку дакументальныя, архіўныя, якія распавядаюць пра адкрыццё ўстаноў адукацыі ў дарэвалюцыйныя часы — ХІХ пачатак ХХ стагоддзя. Ёсць матэрыялы і дакументы аб станаўленні савецкай сістэмы адукацыі, а таксама аб яе аднаўленні, пачынаючы з 1944 года, пасля вызвалення нашага раёна і ўсёй Беларусі ад фашысцкай акупацыі, у выніку якой яна была дашчэнту разбурана.


Школы ў той ці іншай ступені займаліся і займаюцца гэтай работай. У свой час даволі шырока з запрашэннем грамадскасці, ветэранаў педагагічнай працы адзначаліся юбілейныя даты Ленінскага і Мілевіцкага навучальна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад-сярэдняя школа, Чырвоненскай і Хваенскай сярэдніх школ. У мінулым навучальным годзе ў час грамадскага агляду ведаў Запясоцкай базавай школы адзначалася, што школе ў 2011 годзе споўнілася 100 гадоў. Другая справа, што ўсе гэтыя матэрыялы пакуль не сістэматызаваны, не сабраны ў адно месца.


М.Х. — Можна згадзіцца, можна паспрачацца. На мой погляд, у гэтай справе сваё слова абавязаны сказаць настаўнікі-гісторыкі. Развіццю народнай асветы павінны быць прысвечаны тэмы навуковых даследаванняў юных гісторыкаў школ.


В.Н. — Зразумела, настаўнікі гісторыі бяруць актыўны ўдзел у гэтай рабоце, далучаючы да яе сваіх вучняў. У мінулым навучальным годзе на раённай канферэнцыі “Інтэлект будучыні” прэзентавалі сваю работу вучні САШ №1 г. Жыткавічы. Яны даследуюць гісторыю сваёй школы пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Таццяны Вячаславаўны Касінскай. Працавалі па складанню летапісу сваёй навучальнай установы настаўніцы гісторыі САШ №2 г. Жыткавічы Алена Вячаславаўна Мікалаенка і Наталля Юр’еўна Нікановіч. Я павінен адзначыць, што ў гэтай важнай справе бяруць удзел таксама і педагогі іншых спецыяльнасцей. Галоўнае, каб чалавек быў зацікаўлены гэтай работай. Мы маем прыклады, калі даследаваннямі гістарычнага мінулага нашых мясцін займаліся педагогі роднай мовы і літаратуры, замежнай мовы і потым на аснове гэтых матэрыялаў у навучальных установах ствараліся музеі. Тым не менш і ў гэтым выпадку настаўнік гісторыі, як педагог, які валодае спецыяльнымі ведамі, павінен выступаць як кансультант, дарадца і г.д.


М.Х. — Мяркую, што ў бліжэйшыя часы больш за ўсё з’явіцца экспанатаў аб гісторыі савецкай сярэдняй школы.


В.Н. — Гэта зразумела. Пры ўсім, што мы гаворым пра тое, што адукацыя ў нашых мясцінах пачалася недзе з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, а ў Тураве дык, напэўна, і значна раней, але ж калі браць масавую адукацыю, калі бацькі ўсвядомілі, што трэба абавязкова вучыць сваіх дзяцей, прычым не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак, то гэта савецкі перыяд нашай гісторыі.


Ды, акрамя таго, і мы з вамі, і вельмі шмат нашых грамадзян — жывыя сведкі таго часу. Таму трэба думаць вельмі шмат, што  захавалася ў нашых сем’ях, у школах, у тых, хто вучыў і вучыўся.


М.Х. — Тут павінна быць сістэмнасць.


В.Н. — Што тычыцца сістэмнасці. Калі правільна я зразумеў, дык гэта што і як збіраць, каб потым сабранае выкарыстаць пры стварэнні музейнай экспазіцыі. Вы вышэй часткова ўжо адказалі на гэтае пытанне: трэба збіраць дакументальныя матэрыялы, загады, рашэнні вышэйстаячых органаў кіравання адукацыі і  дзяржаўных органаў аб адкрыцці навучальных устаноў і арганізацыі іх паспяховай жыццядзейнасці. Вельмі важным з’яўляюцца натуральныя аб’екты, гэта тое, дзе, на чым і з дапамогай чаго вучылі і вучыліся: падручнікі, узоры чарнільніц, ручак, парты, дошкі, вучнёўскія ранцы, школьная форма, у тым ліку піянерская, дзённікі, вучнёўскія сшыткі. Дакументы аб заканчэнні навучальных устаноў, атэстаты, пасведчанні, пахвальныя лісты за вялікія поспехі ў навучанні. Трэба сабраць усё, што тычыцца настаўнікаў, ад іх асабістых рэчаў, якімі яны карысталіся ў працэсе работы, а таксама здымкаў, дакументаў і іншага. Усё гэта патрэбна сабраць, пабачыць, што ў нас ёсць, і зыходзячы з гэтага рабіць экспазіцыі, тэматычныя раздзелы і г.д.


М.Х. — У раёне шмат дынастый настаўнікаў. Упэўнены, што маладое пакаленне акажа дапамогу грамадскаму савету ў набыцці экспанатаў. З’явяцца сямейныя рэліквіі.


В.Н. — Так, настаўніцкія дынастыі ў нашых школах былі і ёсць. І, трэба думаць, яны будуць паказаны ў музеі. Але мне здаецца, што ў дадатак да настаўніцкіх дынастый у музеі павінны быць шырока прадстаўлены лепшыя педагогі нашага раёна ўсіх часоў. Менавіта іх адданай працай падрыхтаваны спецыялісты ўсіх галін народнай гаспадаркі, многімі з якіх мы цяпер ганарымся.


М.Х. — Я згодзен з вамі. У кожнага чалавека была школа, былі настаўнікі. Кім сталі выпускнікі школ раёна? Такі раздзел павінен быць.


В.Н. — У свой час першы пасляваенны загадчык райана ў нашым раёне Аляксандр Уладзіміравіч Галавач, успамінаючы 1944 г., напісаў, гэтыя ўспаміны ёсць у кнізе “Памяць”, што час быў цяжкі, не было дзе, на чым і па чым вучыцца. Заняткі арганізоўваліся ў дзве змены, нярэдка ў наёмных і прыстасаваных будынках, але цяга да навукі ў тагачаснай моладзі была такая вялікая, што ўсе цяжкасці пераадольваліся і з таго пасляваеннага пакалення выйшла шмат вельмі вядомых людзей. Хто яны гэтыя людзі? Нешта пра некага мы ведаем. Зразумела, не усё і не пра ўсіх. Добра было б агульнымі намаганнямі  папоўніць гэтыя веды і зрабіць адпаведны раздзел у будучым нашым музеі.


М.Х. — У першую чаргу, неабходна засяродзіць увагу на настаўніках, якія засталіся, — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На кінаплёнку запісаць іх успаміны. На вялікі жаль, іх з кожным днём становіцца менш.


В.Н. — Трэба адзначыць, што ў большасці нашых навучальных устаноў сабраны ўспаміны актыўных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны мікрараёна школ раёна. Сярод іх, зразумела, ветэраны вайны-педагогі. Было б добра, каб да запісаных успамінаў нешта дадалося знятае з дапамогай відэакамеры ці другіх сродкаў візуальнай інфармацыі.


М.Х. — Вялікую ролю ў станаўленні савецкай сярэдняй школы адыгрывалі розныя грамадскія арганізацыі. У першую чаргу партыйныя, камсамольскія, піянерскія. Мяркую, што знойдзецца месца для адлюстравання іх дзейнасці?


В.Н. — А чаму не? Названыя вамі грамадскія арганізацыі былі актыўнымі ўдзельнікамі жыццядзейнасці педагагічных калектываў, дапамагалі кіраўніцтву школ у арганізацыі адукацыйнага працэсу, ў наладжванні элементаў самакіравання, спрыялі павышэнню якасці ведаў навучэнцаў. Матэрыялы аб іх дзейнасці, упэўнены, захаваліся і знойдуцца.


М.Х. — Васіль Васільевіч, аб стварэнні музея патрэбна гаварыць ва ўвесь голас. Кабінетная тактыка не падыходзіць. Яна загубіць справу. Сваё слова павінны сказаць журналісты раёнкі.


В.Н. — Я павінен адзначыць, што раённая газета “Новае Палессе”, усе яе супрацоўнікі, і ў першую чаргу, галоўны рэдактар У.М. Гаўрыловіч, адгукнуцца на ўсе падзеі, якія маюць месца як у сістэме адукацыі нашага раёна ў цэлым, так і ў кожнай навучальнай установе. Усё значнае і карыснае, што адбываецца ў нашых школах, знаходзіла і знаходзіць сваё адлюстраванне на старонках газеты.Упэўнены, што не застанецца яна ў баку ад такой важнай справы, як стварэнне музея адукацыі. Зразумела, што ініцыятыва ў асвятленні гэтага працэсу павінна зыходзіць ад нас — супрацоўнікаў адукацыі.


М.Х. — Упэўнены, што музею народнай адукацыі — быць! Ён павінен стаць сучасным цэнтрам прафесійнай арыентацыі школьнікаў, патрыятычнага выхавання моладзі. Не толькі шырока, змястоўна адлюстроўваць гістарычнае мінулае, але і дасягненні творцаў цяперашняй педагагічнай думкі. А ў перспектыве – самастойным калектывам у сістэме адукацыі раёна.


В.Н. — Згодзен з вамі.

P.S.  Ад галоўнага рэдактара: журналісты «НП» падтрымліваюць ідэю стварэння ідэі музея. але ж, на наш погляд, тут найперш павінна быць ініцыятыўнасць і праца педагагічнай грамадскасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.