Небяспечнаму захворванню – заслон

Прафілактыка афрыканскай чумы свіней характарызуецца шматвектарнай дзейнасцю. І ў многім  яе поспех залежыць не толькі ад зладжанай працы ветэрынараў, але і ад таго, наколькі абачлівымі і асцярожнымі будуць самі гаспадары падворкаў, каб засцерагчы ўласнае пагалоўе ад захворвання. Як паведамілі спецыялісты Жыткавіцкай раённай ветэрынарнай станцыі, у прыватным сектары зараз утрымліваецца 2779 галоў свіней, прыкладна ў два разы болей – у грамадскім.  І АЧС, калі не прытрымлівацца адпаведных захадаў, расправіцца з гэтымі жывёлінамі за невялікі тэрмін. Гібель дасягае ста працэнтаў.

Зрабіць усё можна проста. Дастаткова выконваць немудрагелістыя меры прафілактыкі. Найперш, няварта набываць кармы і кармавыя дабаўкі невядомага паходжання і ў неўстаноўленых гандлёвых месцах. Менавіта заражаны вірусам АЧС корм можа стаць крыніцай захворвання для вашых свіней. Таму рызыкаваць не трэба. У раёне маецца дастаткова гандлёвых арганізацый, якія здольныя забяспечыць прыватнае пагалоўе ў неабходнай колькасці якасным і правераным фуражом.

Даволі спрыяльная для распаўсюджвання хваробы сітуацыя, калі прыватнікі купляюць маладняк без адпаведных ветэрынарных суправаджальных дакументаў. У такім разе ніхто не дасць гарантыю, што набыты здаровыя парасяты. Афрыканская чума свіней перадаецца непасрэдна пры прамым кантакце здаровых і хворых жывёлін. Пазбегнуць такой неспадзяванасці таксама можна: купляць парсюкоў толькі ў спецыялізаваных арганізацыях і абавязкова па ўзгадненні са спецыялістамі ветэрынарнай службы. Неадкладна патрэбна паведамляць ім і пра выпадкі падзяжу свіней, іх захворванні. Прычым, такіх жывёлін таксама нельга забіваць без папярэдняга агляду ветэрынарам.

Сярод папераджальных мераў варта назваць і наступныя: пастаянная барацьба з грызунамі ў хлеўчуках, забарона на скармліванне харчовых, атрыманых пасля забою жывёлін адходаў. Іх патрэбна ўтылізаваць у спецыялізаваных месцах. Яшчэ адной умовай прафілактыкі АЧС з’яўляецца недапушчэнне старонніх людзей на падворкі і ў памяшканні, дзе ўтрымліваюцца парасяты. Таксама гаспадар павінен пільна сачыць за санітарным станам падворка, абсталяваць на ўваходзе ў свінарнік дэздыванчык, мець зменныя вопратку і абутак для наведвання хляўчукоў.

Немалаважным у папярэджванні небяспечнага захворвання з’яўляецца знішчэнне дзікоў, якія могуць быць разносчыкамі афрыканскай чумы свіней. Работа ў гэтым накірунку лесакарыстальнікамі праводзіцца  на тэрыторыі раёна ўжо некалькі гадоў. Дзякуючы прымаемым захадам у 2014 годзе адстрэлены 921 дзік, у 2016 – 459 і ў 2016 годзе – 16 жывёлін. Летась трапныя стрэлы паляўнічых скарацілі насельніка лясных абшараў яшчэ на 143 асобіны.  Асабліва плённа ў гэтым плане працуюць і работнікі філіяла “Ласіны востраў” ААТ “Тураўшчына” і Жыткавіцкага лясгаса. Для ўтылізацыі тушаў забітых дзікоў створаны і абсталяваны згодна з ветэрынарнымі патрабаваннямі тры магільнікі. Па словах спецыялістаў ветстанцыі, дэпапуляцыя дзікоў не спыняецца, гэта звязана з міграцыяй лясных жывёлін, якія здольныя пераадольваць значныя адлегласці і заходзіць на нашу тэрыторыі з іншых краінаў, дзе сітуацыя з АЧС выклікае занепакоенасць. За першы месяц новага года на тэрыторыі раёна адстрэлена пяць дзікоў.

І ўсё ж для спецыялістаў ветэрынарнай службы ў справе прафілактыкі афрыканскай чумы свіней галоўнейшым звяном з’яўляецца работа з насельніцтвам Калі людзі, якія ўтрымліваюць на сваіх падворках гэтых хатніх жывёлін, будуць строга прытрымлівацца рэкамендацый спецыялістаў, пагроза ўзнікнення захворвання значна зменшыцца. І аб гэтым варта памятаць заўсёды.

Сяргей Белка

Фота илюстрацыйнага характару

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.