Бульбяны паток

Верасень. Час збору бульбы. У КСУПе “Бялёў” адзін з самых вялікіх палеткаў “другога хлеба” ў нашым раёне. Ён займае 160 гектараў. Зараз мясцовыя працаўнікі прыкладваюць усе намаганні, каб выкапаць, давесці да ладу вырашчаны ўраджай клубняў.


Работы па ўборцы “другога хлеба” вядуцца ў сельгаспрадпрыемстве планава. У многім гэтаму садзейнічае тое, што за апошнія гады гаспадарка ўмацавала парк машын для ўборкі клубняў. Цяпер на бульбяным палетку працуе два камбайны. Механізатары на іх падабраліся старанныя. Таму і выпрацоўкі штодзённа на адзін агрэгат дабіваюцца нядрэннай. Як не старацца, напрыклад, Анатолю Чмыхуну. У сёлетнім ураджаі бульбы ёсць яго немалая заслуга, бо ён вясной садзіў гэтую культуру, даглядаў летам. А восенню збірае плён сваёй працы. Дарэчы, па дзвесце цэнтнераў з гектара выходзіць. Некаторыя ўчасткі і паболей даюць аддачы. Адпаведныя адносіны і ў механізатара Васіля Жогаля, які разам працуе з Анатолем на бульбаўборачным камбайне. Другі экіпаж складаюць Мікалай Чэркас і Віктар Уханаў, якія імкнуцца таксама якасна выбіраць клубні. Проста паважаюць працу свайго калегі. Што бульбаводы гаспадаркі працуюць на палетку без прастояў, спрыяе праца Аляксандра Гаўрылава і Уладзіміра Рудога, іншых механізатараў і вадзіцеляў. У іх не менш важная задача – адвозіць клубні з поля на сартавальны пункт. Так, увесь працэс давядзення бульбы да ладу таксама механізаваны. Як адзначыў дырэктар КСУПа Уладзімір Ачапоўскі, вось яшчэ загрузчык установім у бульбасховішчы і ад поля да самага захоўвання клубні ў асноўным будуць дастаўляцца механізавана.


Дарэчы, у сховішчы за лета праведзены рамонт, устаноўлена вентыляцыя.


— Патрэба часу, — кажа Уладзімір Уладзіміравіч. – Пастаўлена задача ўвесь ураджай клубняў захоўваць у бульбасховішчах. У сваім на 1000 тон мы мяркуем размясціць насенны матэрыял, таму цяпер не будзе звычайных буртоў.


Што тычыцца таварнай бульбы, то яе кіраўніцтва гаспадаркі мяркуе рэалізаваць за восень. “Вопыт ёсць”, пакупнікі цікавяцца, — адзначае дырэктар, — абдумваюць нашу прапанову па цане. Спадзяемся, што ў накладзе не застанемся”. Гэтая надзея кіраўніка не беспадстаўная. Гадамі праверана, што бялёўская бульба не залежваецца, а раскупляецца ахвотна.


Увесь бульбаводчы канвеер у сельгаспрадпрыемстве працуе як адладжаны механізм. Шчыруюць на палетку не толькі дарослыя, але і вучні мясцовай школы, якія падбіраюць клубні за камбайнамі. Усё робіцца, каб убраць вырашчаны ўраджай да апошняй бульбіны. Таму і мацнее з кожным днём “бялёўскі” бульбяны паток і ўжо дасягнуў велічыні больш як 1000 тон.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.