Не страціць дзяцей назаўсёды…

Кожнае новае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх яскрава паказвае наколькі моцна пусціла карані ў нашым грамадстве сямейная нядобранадзейнасць. Вось і ў чарговы раз членам камісіі прыйшлося запар разгледзець 17 пратаколаў і 7 матэрыялаў, самых розных па зместу, але ўсе іх аб’ядноўвала адно – у кожнай сям’і маюцца не жартоўныя праблемы.


Чаго выклікалі на камісію жыхарку вёскі Хісцецкі Бор, здагадацца было няцяжка. Як кажуць, у яе ўсё на твары было напісана: выдаваў характэрны колер, які сведчыў, што жанчына доўга і цесна сябруе з зялёным зміем.


— Выпіваеце? — запытаў старшыня камісіі Валерый Рагалевіч.


— Вы што. Ужо некалькі месяцаў і кроплі не бяру. Вось даведка аб кадзіроўцы, — з гэтымі словамі жанчына працягнула старшыні паперу.


— Які ўжо раз кадзіруецеся?


— Трэці.


— Глядзіце. Сарвецеся, адбяруць дзяцей, —папярэдзіў Валерый Маркавіч. — А дома хаця парадак навялі?


— Зробім рамонт, — зазначыла жанчына.


Павыхоўваць яе ў чарговы раз сапраўды былі важкія падставы. Дзеці жанчыны знаходзяцца ў сацыяльным прытулку. І цяпер ўсё залежыць ад маці: здолее змяніць свае паводзіны ў лепшы бок ці не. Выбар тут адзін — вяртанне дзяцей у біялагічную сям’ю. Як адзначыла супрацоўнік цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марына Бакуновіч, матываванасць у жанчыны ёсць, але вось сілы волі адмовіцца ад чаркі не хапае. Таму і кадзіравалася неаднаразова.


— Як жа яна адмовіцца ад гарэлкі, калі замест таго, каб заняцца карыснай працай па дамашняй гаспадарцы, водзіць сяброўства з сумніўнымі кампаніямі. — адзначае старшыня камісіі. — А там “чарніла” штодня ракой льецца. Вось і спакуса. Гэта ж да чаго ў тым Хісцецкім Бары дайшло, што некаторыя жыхары нават уласныя жалезныя ложкі паздавалі на металалом. А грошы прапілі.


Са сказанага відавочна, што ўсім службам працаваць у гэтай вёсцы спатрэбіцца яшчэ нямала, каб направіць на правільны шлях такіх выпівох. Напрыклад, чаго не хапае нашай гераіні. Дом гаспадарка выдзеліла новы. Навядзі парадак там, распрацуй агарод, расці дзетак на здароўе. Хочацца спадзявацца, што гэта апошні выклік жанчыны на пасяджэнне камісіі, і яна возьмецца за розум, тым больш што і матывацыя ёсць — не страціць уласных дзяцей назаўсёды.


На жаль, не ўсё так проста складваецца ў адносінах з такімі грамадзянамі. Для некаторых маці дзеці з’яўляюцца толькі перашкодай на шляху да разгульнага жыцця. Такую выснову зрабіць было няцяжка.


Чарговы чалавек, якога выклікалі на пасяджэнне камісіі, ужо таксама тут быў неаднойчы. Узяў сябе ў рукі. Яму нават сына з прытулку вярнулі. Цяпер клапоціцца,, каб і дачку забраць з дзяржаўнай установы. А вось яго жонка нават і не думае зварочваць з “п’янай” сцяжынкі. Уцякае з дому, калі ёй прапануюць кадзіравацца.


Відавочны выхад у такой сітуацыі адзін – пазбавіць маці яе правоў на дзяцей. А што ў такім разе рабіць? Каб дзеці бачылі гэты блуд і пайшлі па яе шляху. Яблыка ж недалёка ад яблыні падае. Дарэчы, дачка гэтай жанчыны ўжо таксама трапляла на камісію і менавіта за распіццё спіртнога.


Жахліва , канечне, што маладыя яшчэ жанчыны, якім няма і трыццаці, ператвараюцца ў п’яніц. Адсюль усе іх беды: бруд у хаце і кватэрах, няўвага да ўласных дзяцей і іншае.


І тое, што дзяржава стараецца іх выцягнуць з гэтай п’янай багны, хутчэй клопат не пра іх, а клопат пра дзяцей, каб апошнія жылі ў шчасці і радасці, мелі дастатак, адчувалі пастаянна ўвагу і пяшчоту ад бацькоў.


Цяпер, даводзіцца канстатаваць, нават у добранадзейных сем’ях з апошнімі якасцямі праблемы. У большасці выпадкаў бацькі занятыя вырашэннем матэрыяльных пытанняў: накармілі, абулі, апранулі дзяцей, а выхоўвае няхай школа, іншыя ўстановы.


Да чаго могуць дайсці дзеці з такім выхаваўчым падыходам у сям’і. Вядома, да ўчынення розных правапарушэнняў. Усё пачынаецца з малога. Бацькі купілі мапед, скутэр, матацыкл свайму сыну, але не патлумачылі, што ездзіць без шлема і дакументаў нельга. Вось і ўзнікаюць у хлопцаў праблемы з супрацоўнікамі ДАІ, а бацькам даводзіцца плаціць штрафы. Але важней тут іншае, што бацькам нават і ў галаву не прыходзіць, з такімі адносінамі да сваіх дзяцей і да бяды недалёка.


Ды і схільнасць да крадзяжоў чужой маёмасці ў падлеткаў маецца, асабліва калі тыя падпадаюць пад уплыў не вельмі законапаслухмяных дарослых. А ўсё таму адбываецца што сацыяльны аспект выхавання ўсё больш пераважае над сямейным. Каб дасягнуць у гэтым гармоніі, найперш павінны старацца бацькі і спыняць своечасова сваіх дзяцей ад неабдуманых супрацьзаконных учынкаў.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.