Святкавалі ў Пагосце

“Кожная песня “Міжрэчча” – гісторыя нашай спадчыны”, — сёння так можа з гонарам сказаць кожны жыхар Пагоста, калі размова зойдзе пра народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль мясцовай установы культуры. А што гэты самадзейны калектыў паважаны ў населеным пункце ды і за яго межамі яскрава засведчыла вечарына, прысвечаная 30-годдзю гэтаму самабытнаму ансамблю.


Прывітаць сваіх артыстаў у мінулую нядзелю ў Пагосцкі клуб прыйшло шмат землякоў і гасцей. Бурнымі апладысментамі ўзарвалася зала ўстановы культуры, калі на сцэну запрасілі віноўнікаў урачыстасці – удзельнікаў народнага калектыва “Міжрэчча”. Начальнік аддзела культуры Сяргей Агіевіч цёпла павіншаваў прысутных з такой знамянальнай для вёскі падзеяй.


Сапраўды, за сваю трыццацігадовую гісторыю самадзейныя артысты з Пагоста шмат зрабілі па захаванню песенна-абрадавай спадчыны роднага краю, яго традыцый. Чаго варты толькі “Юр’еўскі карагод”, які з’яўляецца нематэрыяльным духоўным помнікам ЮНЕСКА. А колькі канцэртаў дадзена за гэтыя гады артыстамі ансамбля ў нашым раёне і за яго межамі. Былі і здымкі на тэлебачанні, дзе “Міжэрэчча” дэманстравала лепшыя ўзоры песень, танцаў, абрадаў нашага краю.


Таму і не дзіўна, што Сяргей Віктаравіч надзвычай цёпла віншаваў старэйшых удзельнікаў ансамбля за іх талент, старанне, папулярызацыю народнай творчасці. Зосі Рыгораўне Кузьміч, Аляксандры Нікіцічне Зохна, Марыі Дзянісаўне Валанцэвіч, Юліі Нікіфараўне Панчэні, Галіне Рыгораўне Літвінка, Кацярыне Аляксееўне Панчэні, якія стаялі ля вытокаў калектыва, начальнік аддзела культуры райвыканкама ўручыў падзячныя лісты ад аддзела культуры. Дарэчы, гэтыя жанчыны і зараз з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ансамбля, так бы мовіць, ідуць поруч з песняй па жыцці.


Не засталіся без падарункаў і малодшыя ўдзельніцы народнага гурта. Знакаміты пагастчанін Мікалай Саскевіч уручыў кожнай з іх кнігу не менш выбітнага нашага земляка Уладзіміра Гаўрыловіча.


Але бадай самымі лепшымі падарункамі для ўдзельніц “Міжрэчча”, якія ўсё жыццё прысвяцілі служэнню народнай творчасці, сталі песні, якія на вечарыне выканалі для іх і гледачоў калектывы Азяранскай і Чэрніцкай устаноў культуры. Усеагульнаму святочнаму настрою садзейнічалі і выступленні ансамбляў “Запясочанка” і “Абібок”. Удзячны артысты з Пагоста і кіраўніку сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба Міхаілу Рыгоравічу Шрубу, які аказаў пасільную спосарскую дапамогу ў падрыхтоўцы свята, а таксама многім паклоннікам і аматарам народнай песні, што прыйшлі адсвяткаваць юбілей “Міжрэчча”.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.