Ты малітва мая, Вятчын!

Старажытныя грэкі некалі казалі: “Прадвызначанага лёсу не могуць пазбегнуць нават багі”.Так, немагчыма ў часе забегчы наперад, і вызначыць: а што будзе далей. Лёс немагчыма спазнаць. Жыццё заўсёды паверне па-свойму. І сіле лёсу падпарадкавана ўсё існае, усё, што жыве і дзейнічае…


Вятчынскую школу закрываюць ужо некалькі гадоў. Пэўней сказаць, яе закрыцця чакалі апошнія пяць-сем гадоў. Бацькі, вучні, настаўнікі, вяскоўцы.


Наканаванасць — балючая тэма для жыхароў вёскі (па апошніх дадзеных, яна існавала, толькі з крыху змененай назвай, яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай; пра гэта скажам асобна;), якая была некалі цэнтрам воласці і сельсавета, па колькасці насельніцтва ў канцы 19 стагоддзя амаль што раўнялася з Туравам і Жыткавічамі. Цяпер людзі ведаюць: у занядбанні населенага пункта яны вінаваты самі. Сваімі рукамі ссеклі корань, які жывіў іх, калі ў пачатку 80-ых мінулага стагоддзя паддаліся на ўгаворы “высокіх таварышаў” за некалькі рублёў аддаць сваё дабро, гаспадарку “2-ая пяцігодка”, якую стваралі, суседзям. “Лягчэй жыць будзе!” – сцвярджала наезджае начальства, прапагандуючае свой адзін з першых аб’яднаўчых эксперыментаў. Была такая “пастаноўка”. Згадваюць людзі, што актывістаў нават запалохвалі. Па дварах хадзілі. Подпісы збіралі…


І — усе памыліліся. Эксперымент знішчыў вёску ўшчэнт. Лягчэй жыць не стала нікому. За тры дзесяцігоддзі Вятчыны паменшалі ў людскім рэсурсе амаль у тры разы. Тыя, хто сёння жывы (у вёсцы засталіся адны пенсіянеры і, прабачце,… п’янтосы) расчаравана разводзяць рукамі: “Нас падманулі…” Ды і скажам яшчэ адзін факт: нават слава цэнтра падпольнага самагонаварэння ў Беларусі (была такая!) — вынік, народжаны памылковым эксперыментам, вострай праблемай людской незанятасці і адсутнасці бачных перспектыў…


І чым бліжэй надыходзіў апошні дзень асветніцкай установы (а такая існавала тут сама менш апошніх паўтара стагоддзя!), тым менш у вачах маіх землякоў свяцілася радасці. Прадвызначанага не пазбегнеш. Вось чаму мне, пісьменніку і журналісту, вельмі балюча сёння пісаць гэтыя радкі: сёння, 30 мая 2009 года ў Вятчынскай базавай, у маёй роднай школе, прагучыць апошні школьны званок…


…Ласкава-прыветлівае ранішняе сонца толькі пачынае разліваць сваю ўсмешку, калі я ступаю на школьны двор. Як і дваццаць пяць гадоў таму, вітаюся з белым двухпавярховым цагляным будынкам. Лёгкі ветрык калыхае ярка-зялёную лістоту клёнаў, таполяў, сліў, яблынь. Дрэвы (іх цяпер стала крыху меней) заўсёды багата акружалі школьныя пляцоўкі — біялагічную, валейбольную, асобна — агульнай фізічнай і вайсковай падрыхтоўкі, схаваную ў цішы сада школьную сталоўку (некалі яна была школай, перавезена з Вятчынскай Рудні, і там нам давалі як дабавак да абеду сабраныя самімі ж яблыкі са школьнага саду), майстэрню вытворчых відаў працы, цір, спартыўную залу, інтэрнат для настаўнікаў… І настальгія здавіла горла — успомнілася дзяцінства. Усё да дробязяў: і важнае, і другаснае, і шчаслівыя моманты, і крыўды…


Званок нібы абудзіў, вярнуў да рэальнасці…


“ И пошла писать губерния…»


Я не папярэджваў Веру Цімафееўну Кошман, што патрывожу яе і вучняў на ўроку (даруйце, калі ласка, мне!). Я не збіраўся гэтага рабіць. Планаваў першы ўрок проста пахадзіць па школе, па двары, згадаць школьныя гады. Але нейкая сіла падштурхнула: “Ідзі!” І, падначаліўшыся невядомай сіле, сам не ведаючы чаму, пастукаўся ў кабінет рускай мовы і літаратуры.


— Можна я папрысутнічаю, Вера Цімафееўна… — спытаўся дазволу.


Цяпер, праз гады, здаецца, ведаю просты сакрэт маёй настаўніцы і класнага кіраўніка: яе добры настрой і прыхільнасць (за знешняй сур’ёзнасцю і нават суровасцю) выдае сцішаная ўсмешка, якая толькі кранае краёчкі вуснаў і асаблівы, пранізліва-уважлівы, позірк. Раней, пакуль мы, старшакласнікі, да Веры Цімафееўны прывыкалі (працавала з намі толькі ў старэйшых класах), здавалася, што яна занадта сур’ёзная і ад таго крыху пабойваліся нават. А пасля — палюбілі. Паважалі. Вера Цімафееўна заўсёды справядліва ацэньвала нашы заслугі і пралікі. І, шчыра кажучы, стала больш чым проста настаўніца…


— Канешне, канешне, праходзьце… — менавіта так, з той жа сцішанай усмешкай, што схавалася ў краёчках вуснаў, не паказаўшы разгубленасці, прамовіла, звярнуўшыся да мяне на “вы”, яна. Аднак хутка паглядзела на хлопца, што адказваў ля дошкі дамашняе заданне — дала зразумець, што вучань можа працягваць.


6 парт (іх традыцыйна фарбавалі светлай фарбай), настаўніцкі стол, кніжныя шафы, некалькі стэндаў, высокая столя, пабеленая жоўтай фарбай, металічныя кружкі люстраў, усё той жа прайгравальнік-насценнік, які я памятаю яшчэ з класа пятага-шостага…


Нічога, здаецца, не змянілася! А столькі ж часу прайшло!


І вось яна, Вера Цімафееўна, вядзе ўрок. Гогаль. “Мёртвыя душы”. Чычыкаў… Манілаў… Ці мала сёння такіх прайдох… Так, шмат. І чынавенства рознае ёсць. Божа, як гэта ўзрушвае зараз, праз гады. Велічны твор, актуальны нават праз стагоддзі. А ўстоўлівыя выразы: “И пошла писать губерния…», «Какой русский не любит быстрой езды…», «Эх, тройка, птица тройка, и кто тебя выдумал?..» — як іх забыць? Пісьменнік — прарок.


Нечакана спахапіўся над адкрыццём: я падсвядома сеў за трэцюю парту, так як сядзеў апошнія гады вучобы. Унутранае хваляванне паклікала слёзы…


А ў класе ідзе размова пра дзяцінства Чычыкава. Дзіўна… У класе… У класе, дзе заўсёды было не менш двух-трох дзесяткаў вучняў — цяпер толькі двое, дзяўчынка і хлопец. І голас, такі знаёмы голас мудрай настаўніцы, сцішана-адрывісты, нясе ім новыя адкрыцці: бяры, насычай сябе жыццёвым вопытам! Гэта ж спатрэбіцца, абавязкова спатрэбіцца ў жыцці…


Настаўніца і вучні замацоўваюць новую тэму, а я ўдзячна думаю пра Кошман. Тут, у Вятчынскай сярэдняй, а затым базавай школе, пачаўся і завяршаецца яе педагагічны шлях. Тут будавала ўласнае жыццё, як жонка, маці, гаспадыня. Тут вывела на шырокі прастор жыцця сотні вучняў. Тут яе лёс…


Паболей радасці і здароўя Вам, мая класная, у думках жадаю я, і, усхваляваны, не дачакаўшыся званка, ціхенька выходжу з кабінета…


«Я верыла, што ты будзеш пісаць!..”


…Вучнем-шасцікласнікам я напісаў сваю першую заметку ў “Новае Палессе”. Пра добрага чалавека, сапраўднага педагога Ганну Ігнатаўну Жыткавец. Заметку тую надрукавалі. I я адразу “падрос” у вачах аднакласнікаў, настаўнікаў, вяскоўцаў. Потым былі яшчэ заметкі, пасля — эамалёўкі, нават гумарэскі і першыя апавяданні. Займаючыся на філалагічным факультэце МДПІ імя Горкага, паралельна наведваў аддзяленне журналістыкі факультэта грамадскіх прафесій, і за два гады вучобы атрымаў сур’ёзную кваліфікацыю грамадскага карэспандэнта, стала супрацоўнічаў з інстытуцкім выданнем “Савецкі настаўнік” і “Чырвонай зменай”. Мне гэта падабалася. (Чым жа аднак я не захапляўся ў студэнцкія гады, нават быў артыстам народнага тэатра “Жывое слова” педагагічнага інстытута і ездзіў з калектывам на гастролі… На ўсё хапала часу!). Але стаць прафесійным журналістам ніколі не думаў — бо марыў аб настаўніцтве, аб школе, аб тым, як упершыню зайду ў клас, як павітаюся, як пачну ўрок роднай мовы!..


Як радавалася потым мая настаўніца, гераіня першай заметкі, якая пасля хваробы не змагла больш выйсці на працу, што яе месца за настаўніцкім сталом займу менавіта я — яе вучань! Помніцца, як цёпла сустрэлі, прынялі ў педагагічны калектыў З.А. Крукоўская (мая першая настаўніца), В.Ц. Зацапілін, дырэктар школы, В.Ц. Кошман, М.І. Чэчка, Л.П. Века, В.Р. Нікановіч, В.Ф. Мархотка і М.П. Мархотка, М.М. Кудлач. Гэта — незабыўнае! Божа, здаецца толькі ўчора было тое, а мінулася, столькі мінулася!.. Ужо пасля і адслужыўся, і сем гадоў дырэктарам Бялёўскай дзесяцігодкі адпрацаваў, а ўсё той час успамінаў. Першыя крокі ў прафесію ў роднай школе. А яшчэ школьнае маленства, малалецтва, юнацтва… I там, у Вятчынскай дзесяцігодцы, перакананы, найперш “зляпілі” з мяне такога, які ёсць сёння, развілі тое, што генетычна заклалі спрадвечныя сяляне-гарэмнікі маці і бацька, дзядуля і бабуля… Траіх апошніх ужо няма на свеце. Пайшла з жыцця і Ганна Ігнатаўна — схуднелая, змучаная хваробай мая настаўніца. У час адной з сустрэч сказала мне: “Я задаволена табой, Валодзя! Але цябе чакае большае. Вер мне!..” Гэта была вышэйшая адзнака, пастаўленая педагогам вучню. I калі лёс прывёў мяне ў журналістыку, калі стаў рэдактарам, яна — жыла тады ўжо ў дачкі, за межамі раёна, бо не магла сама даглядаць за сабой з-за хваробы, — патэлефанавала і павіншавала: “Я верыла, што гэта будзе! Што ты будзеш пісаць!.. Віншую, дарагі!..”


Помню і буду помніць словы гэтыя, колькі буду жыць. I шкадую, што не паспеў падараваць ей першую сваю кніжку. Але што ўжо тут…


“… Я шчаслівая сваімі сынамі”


Лёс… Ен такі несправядлівы з дзяцінства быў да Валянціны Рыгораўны Нікановіч. Яна – карэнная вятчынка. Застаўшыся сіратой, з чацвёртага класа выхоўвалася ў Капаткевіцкім інтэрнаце. Нягоды ўсе забываліся ў час працы: дзяўчынка была вельмі дапытлівай, выдатна вучылася, актыўна ўдзельнічала ў школьным жыцці.


З першага класа яна марыла стаць настаўнікам. Але лёс распарадзіўся іначай: давялося папрацаваць звычайным прадаўцом, пакуль дабілася-такі свайго: паступіла на гісторыка-філалагічны факультэт. Працавала ў розных школах – у Сукачах, Беразняках, Грычынавічах. І ў родную вёску вярнулася толькі ў 1978 годзе — настаўніцай гісторыі, мовы і літаратуры. Я заўсёды згадваю Нікановіч добрым словам: не аднойчы падтрымлівала мяне і як вучня, і як калегу, які толькі заяўляў пра сябе, як пачынаючы настаўнік. Мабыць, менавіта Валянціна Рыгораўна і падштурхнула мяне абраць для будучай прафесіі філалагічны профіль…


… У яе прасторнай хаце, дзе жыве з мужам, майстрам Хвойкаўскага лясніцтва, нетаропка і хораша гутарым пра мінулае і цяперашняе жыццё. Валянціна Рыгораўна здаецца мне той жа, светлай жанчынай. Аднак гады робяць сваю няўдзячную справу, ды і хваробы не мінаюць.


Але па-ранейшаму гасцінная: не стала і размаўляць, пакуль не накарміла смачнымі каўбаскамі і катлетамі, духмяным чаем не напаіла…


— Я сваю працу любіла, — усміхаецца мая настаўніца і калега. — Заўсёды шчымела сэрца, калі ў некага з вучняў надаралася бяда. Уяўляла, як яму цяжка згубіць роднага чалавека… Цаніла добрасумленнасць і стараннасць у вучнях. Добра памятаю адну дзяўчынку, яна зараз у Гомелі жыве. Выбіралі калгасную бульбу. А яна, малеча, так стараецца, так стараецца, нават дома так не капаюць. Я з незвычайнай цеплынёй да яе стала ставіцца, вельмі працалюбівы атрымаўся чалавек… Справядлівай старалася быць і ад іншых гэтага хацела. Ну, часам не атрымлівала, але гэта жыццё… Жыццё было нялёгкае, таму прыходзілася і рускую мову і літаратуру выкладаць, і беларускую, і гісторыю. Лепш, канешне, калі чалавек усё жыццё адзін прадмет вядзе, але я не шкадую, што так атрымалася. І тыя вучні, хто хацеў вучыцца, атрымалі добрыя веды…


Гэта — так. За што нельга не сказаць дзякуй. І за прынцыповую пазіцыю В.Р.Нікановіч у выключных сітуацыях у дачыненні да вучняў і калег — таксама.


Я адчуваю сябе ўтульна ў гасцях у Валянціны Рыгораўны. З 2006-га года яна на заслужаным адпачынку, хаця ж, канешне, магла яшчэ працаваць. Душэўнай цеплыні ў яе хапіла б яшчэ на многіх вучняў. Пашчасціла тром яе сынам — Юры, Валодзі, Жэні, якія цяпер жывуць у Жыткавічах. Дарэчы, яны падаравалі маці чатырох ўнукаў.


— У мяне добры муж, я шчаслівая сынамі… — кажа яна.


Я ж не змог сказаць, але падумаў: “Вы шчаслівыя не толькі ў сям’і. Вы шчаслівыя і сваімі вучнямі. Тымі, якія хацелі вучыцца і хацелі стаць сумленнымі людзьмі.”


Гэта таксама важна.


Ад рамеснага вучылішча — да сучаснай школы


Паводле архіўных звестак, на пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы існавала рамеснае двухкласнае вучылішча, дзе, акрамя прафесійных ведаў, настаўнік вучыў дзяцей чытаць і пісаць. У вучылішчы займаліся пераважна мужчыны, так як профіль навучання быў мужчынскі.


Пасля рэвалюцыі ў 1918 годзе пачала ствараецца савецкая пачатковая школа. Жыхары вёскі, як старыя, так і малыя, пацягнуліся да навукі, да святла. Вучыліся і працавалі на зямлі, паляпшалі свой дабрабыт, узнімалі свой культурны ўзровень.


Але мірны рух жыцця быў прыпынены. Пачалася знішчальная вайна, якая змятала на сваім шляху усё. Школа таксама была спалена. Як і вёска.


Адразу пасля вайны вучобу дзяцей пачалі наладжваць па хатах. Настаўнікамі былі тыя, хто ўжо скончыў сямігодку. Сярод іх Кактыш Ганна Рыгораўна, Цішка Ніна Афанасьеўна, Мірановіч Вольга Мікалаеўна, Мірановіч Галіна Якімаўна і інш. Больш за дзесяць гадоў навучанне дзяцей праходзіла па хатах.


У 1957 годзе была пабудавана новая тыповая двухпавярховая школа. У 1964-1965 навучальным годзе адбыўся першы выпуск адзінаццацікласнікаў. Колькасць вучняў у гэтыя гады складала 468. Школа працавала ў дзве змены. Штат настаўнікаў складаў 25 чалавек.


Дырэктарам школы быў Шчур Леанід Іларыёнавіч (да яго старажылы згадваюць Стахіевіча, Трыбуналава). Настаўнікі, якія пачалі сваю працоўную дзейнасць адразу пасля будаўніцтва школы, аддалі ёй амаль усе сваё жыццё. Гэта Жыткавец Ганна Ігнатаўна, Гаева Кацярына Сцяпанаўна, Крукоўская Зінаіда Астапаўна, Кавалёў Уладзімір Трыфанавіч, Мірановіч Мікалай Андрэевіч, Папок Мікалай Мікалаевіч, Зацапілін Валянцін Ціханавіч, Века Людміла Паўлаўна…


Дырэктарам – 37 гадоў


У 1968 годзе, пасля заканчэння Гомельскага універсітэта дырэктарам школы быў назначаны Зацапілін Валянцін Ціханавіч. Хоць і прыехаў ён у вёску яшчэ зусім маладым чалавекам, але з першых дзён работы ўсе адчулі ў ім сапраўднага кіраўніка. Усебакова адукаваны, цікавы чалавек, таленавіты педагог, выхавацель і наогул спецыяліст сваёй справы, моцны гаспадарнік, хутка заваяваў аўтарытэт не толькі ў вучнёўскага і педагагічнага калектыву, але і ў насельніцтва вёскі, якое перавышала больш за тысячу чалавек.


За час кіраўніцтва школай Зацапіліна знешні і ўнутраны змест вясковай навучальнай установы непараўнальна змяніўся да лепшага. Была створана кабінетная сістэма навучання, добра абсталяваны кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, матэматыкі, кабінет гісторыі, рускай мовы і літаратуры, пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і г.д. Школа адказвала ўсім патрабаванням, не адставала ад педагагічных і тэхнічных інавацый, ствараліся ўсе ўмовы для навучання дзяцей. І само па сабе гэта з неба не падала. Дзякуючы цвёрдаму і часам рашучаму характару Зацапіліна былі пабудаваны валейбольная, баскетбольная пляцоўкі, спартыўная зала, скарыстоўвалася любая магчымасць, каб набываўся спартыўны інвентар, пабудавана пляцоўка для правядзення заняткаў па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, пабудавана майстэрня, якая адыгрывала вялікую ролю для школьнікаў у выбары далейшай прафесіі. У майстэрні прывівалася любоў да працы рабочага, даваліся навыкі работы, як з механічнымі прыладамі працы, так і са складаным электрычным абсталяваннем. Была наладжана трактарная справа. Кіраўніцтва школы рабіла ўсё, каб дзеці былі здаровымі, моцнымі, усебакова адукаванымі, каб прыносілі карысць людзям. Лідарам усіх інавацый, зразумела, быў Валянцін Ціханавіч.


Ен быў выдатным прадметнікам-хімікам. На ўроках заўсёды праводзіліся цікавыя лабараторныя эксперыменты, ініцыяваў шмат цікавых выхаваўчых і практычных мерапрыемстваў на карысць педагогаў і вучняў. Актыўны ўдзел прымаў у грамадскім жыцці вёскі, сельсавета…


Вернай спадарожніцай жыцця Валянціна Ціханавіча Зацапіліна дзесяткі год заставалася Людміла Паўлаўна Века. Яны пажаніліся яшчэ студэнтамі і разам прыехалі ў палескую глыбінку на працу. Зяцю парэкамендаваў гэта зрабіць бацька Людмілы Паўлаўны, Века Павел Васільевіч, які ў даваенныя гады працаваў у Хвойцы, а пасля ўсё жыццё шчыраваў дырэктарам пачатковай школы ў Калінаўцы нашага раёна.


Я дагэтуль памятаю ўрокі біялогіі і геаграфіі Людмілы Паўлаўны… Чатыры дзесяткі год працы яна аддала школе, якая стала роднай. І нават цяпер працягвае сваю асветніцкую місію — дае дзецям трывалыя веды па сваіх прадметах. Разам з мужам выхавалі дачку Галіну (яна атрымала тры адукацыі, апошняя звязана з юрыдычнай справай, выхавала трох сыноў; і сына Аляксандра. Гэтым хлопцам бацькі могуць ганарыцца асабліва. Ен — кадравы вайсковец, служыць у Ваеннай акадэміі ў Маскве. Аляксандр — і мой вучань. Спадзяюся, што і мне ўдалося, працуючы настаўнікам мовы і літаратуры, закласці, дзякуючы сумеснай працы ў створаным мной тэатральным гуртку “Зніч”, пачуццё прыгожага ў ягоную душу…


Зараз Людміла Паўлаўна жыве разам са састарэлым бацькам, ветэранам вайны, ветэранам педагагічнай працы Паўлам Васільевічам. Асірацеў іх дом без гаспадара, які яго будаваў…


Валянцін Ціханавіч Зацапілін раптоўна памёр 14 студзеня 2005 года.


Душа гэтага чалавека балела за школу, за ўсю вёску. Не магла не хваляваць іх будучыня. А якраз актыўна вяліся размовы, што першага верасня ў школе больш не надарыцца, бо дзяцей стала зусім мала. І сэрца — не вытрымала. Вялікая, не па часе ранняя, страта была ўспрынята ўсёй вёскай, выпускніепмі школы як асабістае гора…


У класе былі як членамі сям’і


Выпуск 1984 года быў, мабыць, самым дружным, лёгкім на пад’ём ва ўсіх школьных і вясковых справах. Сёлета 25 гадоў, як мы пакінулі сцены роднай школы, развіталіся з дзяцінствам. Надта ж хутка праляцелі гэтыя гады. Мы сталі бацькамі, нехта ўжо нават бабулямі і дзядулямі. Атрымалі прафесіі, занялі, як кажуць, сваю нішу ў жыцці. Але заўсёды вярталіся ў думках туды, дзе закапана пупавіна, дзе набыты першы жыццёвы вопыт. І адчувалі сябе дзецьмі, хаця ж ужо і за сорак, калі сустракаліся са сваімі настаўнікамі.


Згадваю з цёплымі ўдзячнымі думкамі сваю першую настаўніцу Зінаіду Астапаўну Крукоўскую (аднойчы, я памыліўся, сказаўшы, што яе ўжо няма – нехта мне тады паведаміў, што яна вельмі хварэла, а жыла яна то ў дзяцей у Мінску, то ў суседняй вёсцы; слава Богу, яна жывая і дай Божа ёй здароўя надалей!) – відавочна, яна змагла закласці ў нас жаданне вучыцца, парасткі дабрыні.


Шмат нас (клас) звязвала з Марыяй Іосіфаўнай Чэчка. Яна — педагог нямецкай мовы і класны кіраўнік у сярэднім звяне. Патрабавальны настаўнік, яна імкнулася зрабіць, каб кожны вучань зразумеў, што сучасны чалавек не можа быць абмежаваны, ён павінен ведаць культуру, каб узбагачаць сябе, іншых народаў. А культура і традыцыі Германіі не менш цікавыя, чым беларускія. Зразумела, нішто не зменіць нашу нацыянальнасць, мы і застанемся беларусамі, але быць багацейшымі духоўна, разумець “душу” чужога народа ў школьныя гады, прынамсі і мне, не надта ўжо гэтак і хацелася. Пасля (асабіста я) разумееш: дурань, чаму б не было вывучыць дасканала нямецкую мову ў школе?! За плячыма было б не насіць. А аказалася – спатрэбілася праз гады гэтая мова, жывём жа ў ХХІ стагоддзі…


Першую пяцёрку па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы з усяго класа атрымаў у Васіля Фёдаравіча Мархоткі ў дзесятым класе не хто іншы, а я. Сям’я Мархоткаў толькі прыехала ў вёску, гэта быў наш выпускны год. Затое аднойчы на ўроку матэматыкі я яго расчараваў. Бывае… 42 гады аддаў педагагічнай дзейнасці Васіль Фёдаравіч, а яго жонка, Марыя Пятроўна сумленна 41 год вучыла пісьму і чытанню маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, 25 год – у Вятчынскай школе…


Нельга не згадаць і Уладзіміра Трыфанавіча Кавалёва, які быў надта інтэлігентым чалавекам, выдатным гісторыкам. Для многіх з выпускнікоў ён быў прыкладам настаўніка.


Добрыя навыкі прывіў нам і Кудлач Міхаіл Максімавіч – настаўнік чарчэння і працы. Амаль трыццаць год як ён прыехаў з тураўскага зарэчча ў Вятчыны і тут знайшоў сваё шчасце. Цяпер Міхаіл Максімавіч, акрамя выкладання прадметаў, выконвае абавязкі школьнага бібліятэкара.


Шмат цёплых слоў варта сказаць усім педагогам, што прадоўжылі свой педагагічны шлях у іншых школах раёна, у гарадах і вёсках Беларусі. Спадзяюся, што і сёлета нашаму класу ўдасца сабрацца разам, каб гэта зрабіць яшчэ раз…


Адкуль твой род?


Ці задумваліся вы калі, адкуль пайшоў ваш род, адкуль пайшла ваша дарога ў жыццё? Наша ж памяць – гэта памяць нашага роду, памяць народа, а памяць народа – вялікая кніга, якая называецца – гісторыя.


Наш род, вятчынскі, у агульным плане маю на ўвазе, доўгія дзесяцігоддзі меў “сямейную” повязь з Вятчынскай школай: пачатковай, сямігадовай, сярэдняй, базавай.


Пачынаючы з дня адкрыцця школы, да 2009 года было выпушчана 3400 выпускнікоў. З іх атрымалі вышэйшую адукацыю звыш 100 чалавек. Валянцін Ціханавіч Зацапілін вёў дакладны падлік тых выпускнікоў, якія дасягнулі шмат чаго ў жыцці і праславілі вёску. Але звесткі тыя неверагодным чынам згубіліся. Рыхтуючы гэты матэрыял, на хуткую руку разам з педагогамі мы падлічылі, што толькі вышэйшую педагагічную атрымалі каля 10 чалавек, каля 70 чалавек – вышэйшую тэхнічную. Прафесію пры школе, калі існаваў навучальна-вытворчы камбінат (трактарная справа) атрымалі 72 выпускнікі. Некалькі выпускнікоў скончылі вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы, абралі прафесію абаронцы Айчыны і добрасумленна выконваюць свой абавязак перад Радзімай. Вятчынцы па праву ганарацца сваімі землякамі.


На 1 студзеня 1998 года колькасць насельніцтва Вятчын складала: 690 чалавек, з іх 390 чалавек пенсійнага ўзросту, 230 – працаздольнага насельніцтва, дзяцей да 16 гадоў – 80 чалавек. Вятчынская базавая школа мае 52 вучні. 9-11-класнікі працягваюць вучобу ў Дзякавіцкай сярэдняй школе. За апошнія дзесяць год вёска паменшыла ўдвая. У 2009-ым 1 верасня ў школу прыйшлі толькі 27 вучняў…


Сёння, 30 мая 2009 года ў Вятчынскай базавай школе, у маёй роднай школе, прагучыць апошні школьны званок… Затым выпускныя экзамены і… школа спыняе сваё існаванне. Дзеці прадоўжаць сваё навучанне, як выбралі бацькі, у Дуброўскай сярэдняй школе, куды трэба дабірацца каля трынаццаці кіламетраў. Іх будуць падвозіць школьным аўтобусам. А настаўнікі Вятчынскай? Большая палова з іх – пенсійнага ўзросту. Але многія будуць шукаць працу за межамі вёскі, і хутка, мабыць, пакінуць яе…


Усе без выключэння ў вёсцы ўспрымаюць закрыццё школы як уласную трагедыю. Яна была больш чым светачам. Перажываюць вельмі за будынак, які з такой цяжкасцю быў пабудаваны і цяпер, праз пяцьдзесят два гады, у выдатным стане, застанецца без гаспадарскага вока. Што з ім будзе? Такой – двухпавярховай — школы ў раёне яшчэ не закрывалі… А, можа, людзі спадзяюцца, знойдзецца нейкі спонсар і захоча зрабіць тут турыстычную базу ці базу адпачынку: дзе ж яшчэ знойдзеш такія ягаднікі і грыбныя месцы, недалёка легендарнае Князь-Возера і паляўнічыя ўгоддзі?..


… Я сяжу на імправізаваным мосціку каля роднай школы – і не хачу з ёй развітвацца. Я не хачу развітвацца з вёскай. Некалі ў сваім вершы мая выдатная зямлячка Ніна Аксёнчык напісала “Ты малітва мая, Вятчын!” Я малюся за цябе, Вятчын…


Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, член Беларускага Саюза журналістаў Беларусі, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Лепшая кніга 2007 года”, лаурэат расійскай прэміі імя М.А. Мельнікава, галоўны рэдактар жыткавіцкай раённай газеты “Новае Палессе”, выпускнік Вятчынскай сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.