Парадак – норма жыцця

З кожным годам у Жыткавічах прыбаўляецца сядзіб, якім прысвойваецца званне «Дом узорнага парадку». Сёлета ў іх пералік увайшло і домаўладанне Васіля Нямчэні, што знаходзіцца на вуліцы Перамогі. На святкаванні Дня горада гаспадару быў уручаны спецыяльны дыплом.


Наводзіць прыгажосць на сваім падворку Васіль Сяргеевіч пачаў з самага простага – аднойчы сабраў усе інструменты і вырашыў ўпарадкаваць іх па прызначэнню. Зрабіў для гэтага спецыяльныя скрынкі з паліцамі і разлажыў на іх увесь інвентар. У гаспадара яго шмат, таму заняў цэлыя дзве шафы, якія прыбіў пад дахам майстэрні.


— Навыкі карыстацца рознымі інструментамі я маю добрыя, у свой час закончыў індустрыяльна-педагагічнае вучылішча. Хаця больш працаваў па іншай спецыяльнасці, выкладаў музыку, але першая прафесія таксама не была забыта, бо пастаянна ўсё сваімі рукамі раблю, — расказвае Васіль Сяргеевіч.


На сваім участку зямлі шмат і Нямчэня папрацаваў нямала. Асабіста збудаваў там дом.


— Сам родам з вёскі, таму заўсёды цягнула да зямлі, было вялікае жаданне жыць ва ўласнай хаце, — кажа гаспадар. — Каб ажыццявіць сваю мару, нават кватэры не пашкадаваў — прадаў, каб будаваць дом.


Цяпер асабістым жыллём Васіль Сяргеевіч ганарыцца, падтрымлівае яго ў ідэальным парадку. Шмат высілкаў прыкладзена і на падворку: пакладзены дарожкі, зроблены альтанка, столік з крэсламі. У гушчыні садовых дрэў тут так хораша адпачываецца ў летнюю спёку. Акуратныя газончыкі і агародчык з кветкамі гарманічна дапаўняюць ландшафт падворка. Прычым усё выфарбавана ў «вясёлыя» фарбы, што таксама надае пазітыву пасля наведвання сядзібы Нямчэні. Дарэчы, усё гэта робіць


Васіль Сяргеевіч з падручнага матэрыялу. Выпіша дровы, абавязкова калодак некалькі пакіне. Пасля пачаруе над імі ў сваёй майстэрні, і вось ужо новая карысная рэч з’яўляецца на падворку. Або яшчэ прыклад. Многія суседзі Нямчэні замянілі ў сваіх дамах вокны, дык старыя рамы ён папрасіў прадаць яму. З іх на агародзе пабудаваў цудоўную цяпліцу, дзе нават кавуны вырошчваў. Дарэчы, агарод у яго, як у добрай гаспадыні, апрацаваны, ні зялінкі. Васіль Сяргеевіч не шкадуе грошай на доб-раўпарадкаванне сваёй сядзібы. Хаця даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але, як у маладыя гады, імкнецца палепшыць стан сваёй сядзібы. Для яго, як ён прызнаецца, гэта справа для душы, якая надае спакою, задавальнення і лечыць ад хвароб. Ён упэўнены, што кожны жыхар горада павінен старацца наводзіць прыгажосць на сваёй сядзібе, тады і райцэнтр будзе лепш добраўпарадкаваны. Скажам, Васіль Сяргеевіч не адмаўляе ў дапамозе суседзям. Адной з іх паправіў агароджу, другой – лавачку змайстраваў. Менавіта такія людзі, як Нямчэня, і робяць наш горад прыгажэйшым і маладзейшым, бо парадак для іх – гэта норма жыцця.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.