Тэмпы і якасць работам па корманарыхтоўцы

Нарыхтаваць не толькі дастатковую колькасць травяністых кармоў для грамадскага статка, але і забяспечыць іх высокую якасць — такая задача сёлета пастаўлена перад работнікамі АПК. Якім чынам зрабіць гэта, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў на чале з начальнікам райсельгасхарчу Валянцінам Карпавым і яго намеснікам Аляксандрам Наўныка абмяркоўвалі на семінары ў КСУП “Верасніца”.


Грунтоўная размова па вынесеным на парадак дня пытанні распачалася на полі канюшыны. Тут мясцовыя корманарыхтоўшчыкі вялі назапашванне сенажу. Падрабязна аб асаблівасцях тэхналогіі нарыхтоўкі гэтага віду корму і яго спажыўных якасцях спыніўся Аляксандр Наўныка. У прыватнасці, ім было адзначана, што нарыхтоўка сенажу ў меншай ступені залежыць ад пагодных умоў, чым тая ж нарыхтоўка сена. Менавіта гэта першы акцэнт, на які была звернута ўвага прысутных, паказана тэхналогія, як дабіцца найхутчэй неабходнай вільготнасці травяной масы. Для гэтага корманарыхтоўшчыкам рэкамедуецца актыўна прымяняць граблі і спушвацелі валкоў. Інтэнсіўнасць іх прымянення дазволіць за дзень-другі пры сонечным надвор’і знізіць вільготнасць да неабходных пяцідзесяці працэнтаў. Менавіта так паступілі ў “Верасніцы”. Толькі адзін праход грабляў пасля скошвання канюшыны даў магчымасць знізіць вільготнасць травы на дваццаць працэнтаў. Не меншае значэнне надавалася і пытанням па змяльчэнню травы, выкарыстанню кансервантаў. Тэарэтычныя высновы спецыяліста райсельгасхарчу А.Наўныкі, дырэктара, галоўных агранома і эканаміста сельгаспрадпрыемства У.Чарнушэвіча, М.Блоцкага і М.Сулкоўскага падмацаваліся працай мясцовых корманарыхтоўшчыкаў, якія зладжана працавалі на палетку. Машыны, гружаныя здробненай кормаўборачным комплексам масай, бесперапынна снавалі з палетка да сянажнай траншэі. Менавіта ля яе зрабілі другі прыпынак удзельнікі семінара. Тут таксама асноўны акцэнт быў зроблены на тэхналагічных патрабаваннях да закладкі корму. Прыцягнула ўвагу кіраўнікоў канструкцыя самой траншэі. Яе сцены зроблены з саламяных рулонаў. Гэта дазволіць адысці ад глубінных траншэй, якія не надта спрыяюць назапашванню якаснага корму. Да таго ж ёмістасць такіх саламянных траншэй можна рэгуляваць у залежнасці ад магутнасці парку кормаздабываючай тэхнікі. Чым яе менш, тым меншую траншэю можна рабіць. Усё ж якасць корму ў многім залежыць ад тэрмінаў закладкі траншэй. А яшчэ трамбоўкі ў ёй масы. Таму пастаўлены перад кіраўнікамі жорсткія патрабаванні: работы па назапашванню кармоў неабходна весці звеннямі або атрадамі, на трамбоўцы прымяняць толькі “Кіраўцы”. Апошняя аперацыя павінна весціся практычна круглыя суткі. Практыка паказвае, што з-за дрэннай трамбоўкі менавіта зніжаецца якасць корму. Несумненна, пры арганізацыі работ на сенакосных угоддзях павінны быць дэталёва адрэгуляваны рабочыя планы, нормы выпрацоўкі, ўмо-вы аплаты і стымулявання працы механізатараў. Прычым стымулюючыя надбаўкі павінны быць не толькі за колькасныя паказчыкі, але больш за якасныя. Кантроль за якасцю будучага корму павінны рабіць спецыялісты ветэрынарнай службы штодзённа. Падрабязна аб яго арганізацыі расказаў галоўны ветэрынарны ўрач раёна Мікалай Сяргейчык.


Сярод іншых пытанняў, на якіх засяродзілі ўвагу ўдзельнікі семінара, стала і работа меліяратараў. Падчас наведвання будаўнічай пляцоўкі меліярацыйнага аб’екта ля вёскі Любавічы кіраўнікі Жыткавіцкага ПМС, і ПМК-66 В.Палуянаў і У. Валадзько падрабязна расказалі пра справы меліяратаў раёна, назвалі праблемы, якія іх турбуюць на цяперашні час.


Наведалі кіраўнікі гаспадарак і выпасы сельгаспрадпрыемстваў “Запясочча” і “Коленскае”. Тут тэмай для гутаркі стала арганізацыя доглядных мерапрыемстваў на іх. У неабходнасці гэтага пераканаліся ўсе, асабліва на інтэнсіўных шматкампанентных выпасах. Толькі наладзіўшы своечасовае падкошванне, зграбанне травы, падкормку мінеральнымі тукамі, і гэтак далей можна мець ад такіх травяных угоддзяў максімальную аддачу. Прычым не толькі пры прамым спасванні жывёлай, але яшчэ і пэўныя кармы нарыхтаваць на зіму. Галоўнае — усё рабіць своечасова і ў поўным аб’ёме. Як і доглядныя мерапрыемствы на палетках.


Вынікі сваёй работы ўдзельнікі семінара падвялі на пленарным пасяджэнні ў Кольненскім Доме культуры. Асноўная ідэя яго -– неадкладна ва ўсіх гаспадарках распачынаць нарыхтоўку кармоў з траў першага ўкосу. Як мага хутчэй справіцца з гэтай работай на высокім узроўні, каб пасля мець паўнацэнны другі ўкос траў. Усё ж травастой беднаваты, і нягледзячы на надвор’е, травы пераспяваюць. Сена ж, падобнае на дрот, як адзначыў Валянцін Мікалаевіч Карпаў, рыхтаваць навучыліся, цяпер пара вучыцца назапашваць і якасны корм, які дасць належную аддачу ў выглядзе высокіх надояў і прываг.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.