Належна вырашаць пастаўленыя задачы

План мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў на гэты год у Перароўскім сельскім Савеце сельвыканкам зацвердзіў яшчэ ў студзені. Сёння наша гутарка з кіраўніком справамі сельсавета Ганнай Васільеўнай Пашук, аб тым, ці ўдалося выканаць тыя мерапрыемствы, што намячаліся?


— Безумоўна, зроблена ў плане добраўпарадкавання населеных пунктаў за гэты год нямала. У значнай ступені гэтаму садзейнічала бюджэтная фінансавая падтрымка, якую выдзелілі мясцовай уладзе сёлета. На добраўпарадкаванне затрачана бюджэтных сродкаў на суму 14968,9 тысячы рублёў. Адзначу і ўклад насельніцтва, сіламі якога выканана работ на 25978,3 тысячы рублёў. Хаця з апошнім патрэбна яшчэ працаваць і працаваць, каб яны наводзілі парадак ля сваіх сядзіб і на сваіх вуліцах. Прывяду такія лічбы: з пачатку года прадстаўнікамі сельсавета выдадзена людзям 416 прадпісанняў, складзена 36 пратаколаў. І гэта нягледзячы на тое, што ва ўсіх вёсках сельскім актывам праведзены падворны абход, усім уручаны падчас яго памяткі-напамінкі аб неабходнасці ўтрымання ў добрым санітарным стане сваіх двароў і прыдамавой тэрыторыі. Як бачна, для некаторых гаспадароў гэтага аказалася недастаткова, таму даводзілася некаторым яшчэ раз напамінаць, а некага за развядзенне антысанітарыі і караць рублём. А як па іншаму, калі добраўпарадкаванню надаецца апошнім часам такое вялікае значэнне.


— А што канкрэтна ўдалося зрабіць па навядзенні парадку ў населеных пунктах?


— Найперш хочацца адзначыць работу, якую сельсавет правёў па аднаўленню агароджаў каля праяздной часткі дарогі. 450 пагонных метраў было разабрана старой агароджы. Больш як на чатырох кіламетрах абылося яе выраўніванне. У Перарове і Перароўскім Млынку пафарбавана агароджаў адпаведна 2606 і 1499 метраў квадратных. Праводзіліся суботнікі з удзелам насельніцтва і замацаваных за Саветам гарадскіх арганізацый па навядзенні парадку на грамадскіх могілках. Усяго на тэрыторыі Савета было праведзена шэсць суботнікаў. Сярод іншых спраў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў хочацца назваць такія, як спілоўка аварыйных дрэваў (20 штук), абрэзка ветак на дрэвах (25 штук), высечка кустоў на вуліцах вёсак, рамонт сіламі ДЭУ-111 аўтобуснага прыпынку ў Перарове, касметычны рамонт помніка загінуўшаму салдату, знос непрыгодных для эксплуатацыі будынкаў (8 штук), праведзена рэканструкцыя знака “Перароўскі сельскі Савет», а таксама абустройства ўязнога знака ў вёску Перароў, дзе высаджаны кветкі. Канечне ж варта адзначыць, што дзякуючы старанню рабочага сельсавета Мікалая Андыка ў Перарове з’явілася дзіцячая пляцоўка. Тут устаноўлены дзве альтанкі, арэлі, пясочніца, малыя архітэктурныя формы. Дарэчы, апошніх з’явілася нямала за гэты год і на вясковых вуліцах. Напрыклад, у в. Перароў па вуліцы Ленінскай — матрошкі, ліліі, мядзведзь, ёжык, матылькі, ландышы, русалка, няптун, у в. Хлупін – матылькі і ландышы. 30 раней устаноўленых архітэктурных формаў рэстаўравана. На вуліцах вёсак разбіваліся клумбы (больш сарака штук) і на іх высаджваліся кветкі. Пералік такіх спраў можна працягваць яшчэ і яшчэ. Удалося нам правесці і рамонт у адміністрацыйным будынку Савета. Немагчыма патрабаваць парадку ад іншых, калі ў саміх непарадак.


Хачу зазначыць, што работы па добраўпарадкаванні працягваюцца і зараз. Сельскі Савет актыўна ўключыўся ў месячнік па навядзенні парадку, які аб’яўлены з 25 кастрычніка. Вялікую дапамогу вясковай уладзе ў гэтым аказвалі і аказваюць гарадскія шэфы, за што ім вялікае дзякуй.


— А якія арганізацыі на месцах пастаянна падстаўляюць плячо сельвыканкаму па навядзенні парадку?


— Канечне ж, гэта аддзяленне “Хлупін” і перароўскае лясніцтва. Яны не толькі наводзяць парадак на сваіх аб’ектах, але і дапамагаюць у гэтым сельсавету. Старанна працуюць па добраўпарадкаванні і ўстановы культуры, медыцыны і адукацы. Іх калектывамі праводзяцца рамонты будынкаў, устанаўліваюцца архітэктурныя формы, высаджваюць на сваіх тэрыторыях кветкі.


— Значны ўклад у справу добраўпарадкавання і стварэння бяспечных умоў пражывання людзей уносіць назіральная камісія. Як яна працуе ў вашым Савеце?


— Нашай назіральнай камісіяй было праведзена амаль дзвесце наведванняў, з якіх больш шасцідзесяці паўторна. Наведваліся шматдзетныя сем’і, сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, адзінока пражываючыя старыя людзі, інваліды, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Членамі камісіі, а гэта работнікі розных службаў, выказана больш за трыста розных нараканняў. Выдадзена 94 прадпісанні, складзена 8 пратаколаў. Нараканні ў асноўным тычацца раздзелкі ацяпляльных пячэй, іх частковага рамонту, замены электраправодкі, адсутнасці перадтопачных лістоў і аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Але скажу, што дзейсны вынік работы камісіі ёсць. Значная частка парушэнняў выпраўляецца.


— Самая значная праблема, што турбуе мясцовую ўладу?


— У любой рабоце праблем заўсёды дастаткова. Але ўсё ж найбольш турбуе дэмаграфічная сітуацыя. Сёлета закрылі Перароўскую школу, таму што там было вельмі мала вучняў. Цяпер яны вучацца ў Хлупіне. З’язджае з вёскі моладзь, таму і нараджальнасць невысокая. Нарадзілася толькі адно дзіця, а вось памерла 20 чалавек. Зразумела, статыстыка сумная. Але і ў такіх умовах вясковай уладзе патрэбна належна вырашаць пастаўленыя дзяржавай задачы. Над чым Перароўскі сельвыканкам і працуе.


— Дзякую за гутарку.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.