Мадэрнізацыя і новыя вытворчасці

ДВАЦЦАЦЬ ШЭСЦЬ гадоў Анатоль Ярмоліч электраманцёрам адпрацаваў у адкрытым акцыянерным таварыстве “Жыткавіцкі агратэхсервіс”. Анатоль Васільевіч добра памятае і ўдалыя гады для арганізацыі, і не вельмі. Былі часы, калі яму даводзілася працаваць, так бы мовіць, не пакладаючы рук, бо займаўся ён адказнай справай – рамантаваў электраабсталяванне для тэхнікі розных арганізацый. І цяпер ён шчыруе на гэтым участку вытворчасці таварыства. Акрамя асноўных абавязкаў, цяпер ён мае і яшчэ адзін клопат, як найхутчэй дасканала асвоіць новае абсталяванне, якое дазваляе больш якасна рамантаваць стартары і генератары для розных відаў сельскагаспадарчай тэхнікі.


— Канечне, вопыт маю за плячыма не малы, але сучасныя станкі патрабуюць дадатковых ведаў і навыкаў, — кажа майстар па наладцы электраабсталявання.


Новае абсталяванне, на якім давядзецца працаваць Ярмолічу, выгодна выдзяляецца ў цаху сярод іншага. У першую чаргу кідаецца яго ярка-сіняя афарбоўка.


— Вось чакаем спецыялістаў з Мінска, каб увялі праграму і пачнем працаваць, — расказвае Анатоль Васільевіч. – На такім стэндзе можна намнога якасней правесці рамонт электраабсталявання для любой маркі тэхнікі. Усе неабходныя параметры будуць высвечвацца на дысплеі.


Узняць на больш высокі якасны ўзровень свае паслугі па рамонту вузлоў для тэхнікі з’яўляецца стратэгічным напрамкам у дзейнасці кіраўніцтва акцыянернага таварыства. Таму і набываецца новае сучаснае абсталяванне, з дапамогай якога тут і вырашаюць гэтую задачу. Яно з’явілася не толькі ў цаху, дзе рамантуюць генератары і стартары, але і там, дзе ўзнаўляюць паліўныя помпы.


— Першы сучасны станок на гэты ўчастак мы купілі яшчэ год назад, — расказвае начальнік вытворчасці Іван Комар. – Справа пайшла, бо значна палепшылася якасць рамонту паліўнай апаратуры для тэхнікі. Да нас сталі звяртацца не толькі нашы пастаянныя партнёры – сельгасарганізацыі, але і з іншых прадпрыемстваў раёна і нават з суседніх. Цяпер усе навучыліся лічыць грошы – новыя паліўныя помпы каштуюць нямала, а іх рамонт абыходзіцца намнога танней. Нават самы складаны ў нас выходзіць прыкладна мільён. Абсталяванне дазваляе праводзіць іх вельмі якасна , бо яно таксама мае неабходнае праграмнае забеспячэнне. Майстар- наладчык карыстаецца ў сваёй рабоце камп’ютарам. Тым больш што набыты і ўстаноўлены ўжо другі стэнд.


Якасць рамонтаў паліўных помпаў забяспечваецца ў агратэхсервісе не толькі па прычыне набыцця новага абсталявання, але і кадравага забеспячэння. Стараецца кіраўніцтва, каб на такіх участках працавалі людзі адказныя і спрактыкаваныя. Вось і майстар-наладчык па рамонту паліўнай апаратуры Аляксандр Іваноў з такіх працаўнікоў.


Кіраўніцтва таварыства добра разумее, што без мадэрнізацыі вытворчасці вельмі складана даводзіцца ў сучасных эканамічных умовах дабівацца поспеху. Але не толькі на гэта спадзяюцца ў агратэхсервісе. Тут паралельна развіваюць і новыя вытворчасці. Адна з іх — выраб жалезабетонных агароджаў і малых архітэктурных формаў. Як адзначыў Іван Іванавіч Комар, справа тут пайшла вельмі добра, цяпер нават не паспяваем вырабляць гэтую прадукцыю, бо попыт на яе вельмі вялікі як збоку арганізацый, так і прыватных гаспадароў. Таму і было вырашана развіваць гэтую вытворчасць далей. Закуплена неабходнае абсталяванне ў цэх. Дарэчы, тут зараз ствараюць належныя ўмовы для працы людзей, і пачалі выпускаць рознакаляровую фігурную тратуарную плітку. Ідэолаг таварыства Аляксандр Бандзюк падчас нашага наведвання вытворчасці прадэманстраваў яе ўзоры. Скажам, што ў мясцовых майстроў выйшла вельмі добра. І цяпер на гэтую прадукцыю чакаюць пакупнікоў. У агратэхсервісе ўпэўнены, што яны абавязкова будуць. Першыя заяўкі ўжо паступілі. Ды і самой арганізацыі плітка спатрэбіцца для добраўпарадкавання тэрыторыі. Магутнасць вытворчасці – выраб дзесяці метраў квадратных пліткі за змену, а яшчэ і бардзюры прапаноўваць будуць да яе.


Відавочна, што дарога скараецца тым, хто ідзе наперад. У Жыткавіцкім агратэхсервісе менавіта ўсё гэтаму падпарадкавана – ідуць да поспеху праз мадэрнізацыю і адкрыццё новых вытворчасцей.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.