Развіваць вытворчасць, лічыць эканоміку
Менавіта на гэтых аспектах гаспадарчай дзейнасці была скіравана ўвага дырэктарскага корпусу раёна старшынёй райвыканкама Мікалаем Какорам падчас прайшоўшага днямі чарговага Дня кіраўніка.
Такая форма работы, як паказвае практыка, трывала прыжылася ў нашым раёне. Ужо многія прамысловыя прадпрыемствы і арганізацыі прымалі на сваіх вытворчых аб’ектах кіраўнікоў на чале са старшынёй райвыканкама, яго намеснікамі і спецыялістамі розных раённых службаў з дзелавым візітам. У апошні раз ролю гаспадароў прыйшлося выконваць прадстаўнікам ДЭУ-111 і філіяла “Тураўскі кансервавы камбінат” ААТ “Тураўшчына”. “Мерапрыемства праводзіцца не толькі з мэтай паказаць, як на асобных прадпрыемствах вырашаюцца пытанні вытворчага і эканамічнага характару, але і многія іншыя, што дазваляюць дабівацца поспеху ў вышэйазначанай дзейнасці. А гэта і навядзенне парадку на вытворчых тэрыторыях, добраўпарадкаванне аб’ектаў і стварэнне належных умоў для працы і быту работнікаў і спецыялістаў, — гаварылася напачатку нарады Мікалаем Міхайлавічам”. Менавіта са знаёмства з тым, як пастаўлена гэтая дзейнасць у ДЭУ-111, і распачалі сваю працу прадстаўнікі кіраўніцкага корпусу прадпрыемстваў раёна і галоўныя эканамісты на тэрыторыі дарожнай арганізацыі. На жаль, без заўваг не абышлося. Асабліва шмат іх гучала, калі прысутныя на мерапрыемстве знаёміліся з добраўпарадкаваннем вытворчай тэрыторыі і аб’ектаў.
Канечне ж, адмаўляць, што кіраўніцтвам ДЭУ не прымаецца ніякіх захадаў па навядзенні парадку, нельга. Тут нават маецца адпаведная праграма па вядзенні гэтай дзейнасці аж на некалькі гадоў наперад. Нешта з яе ўжо і выканана. Напрыклад, абсталявана прахадная, праведзена рэканструкцыя кацельні, пачалі агароджваць тэрыторыю і іншае. Але найперш адзначалася марудлівасць, якую праяўляюць у ДЭУ-111 па выкананні самімі ж распрацаванага дакумента. Па добраўпарадкаванні таго ж адміністрацыйнага будынку працы, як кажуць, распачаць і закончыць. Ды і ў майстэрнях яшчэ неабходна сіл прыкласці нямала, каб там былі добрыя ўмовы для працы работнікаў. Скажам, і да стану тэрыторыі арганізацыі прэтэнзіі былі: дрэвы не абрэзаныя, агароджа да канца не ўстаноўлена. За ёй жа адразу раскінулася шырокае поле антысанітарыі і беспарадку. Зразумела, што зямля не дарожнікаў, але гаспадарам хаця б пад сваёй агароджай варта было б падкасіць зараснікі пустазелля. Усё ж добры гаспадар у чаканні гасцей наводзіць парадак не толькі ў хаце, але і вакол яе. Ды і па тым, як працуюць работнікі Тураўскга ДЭУ на сваіх аб’ектах, а гэта дарогі раёна, ёсць нямала заўваг, асабліва па стану іх абочын.
Ацанілі добраўпарадкаванасць кіраўнікі Тураўскага ўчастка МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”. Асноўная тэма, якая тут была абмеркавана, тычылася захаванасці маёмасці. Новае спецыяльнае абсталяванне, якое ўстаноўлена кіраўніцтвам прадпрыемства, дазваляе штомесяц эканоміць некалькі мільёнаў рублёў на ахове базы ўчастка.
Уразілі ўсіх перамены і на філіяле “Тураўскі кансервавы камбінат”. Зрабілі тут прахадную, добрыя раздзявалкі і душавыя. Праведзены рамонты і ў іншых кабінетах адміністрацыйнага будынку. Ды і на вытворчасці, у перапрацоўчым цэху, з’явілася многа новага. Дарэчы, і зараз плануецца яе мадэрнізацыя і рэканструкцыя. Пабывалі ўдзельнікі Дня кіраўніка і ў кацельні, якую перавялі на газ, і на складах гатовай прадукцыі. Усюды парадак, усюды ідзе праца, якая дае належны вынік як па вытворчых, так і эканамічных паказчыках.
Вынікі Дня кіраўніка былі падведзены ў актавай зале філіяла. Як спрацавалі прадпрыемствы і арганізацыі з пачатку года прысутных на нарадзе праінфармавала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Аліна Чорная. Кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе праводзілася мерапрыемства, падзяліліся з калегамі інфармацыяй пра здабыткі сваіх калектываў. Падводзячы вынікі чарговага Дня кіраўніка, старшыня райвыканкама Мікалай Какора падкрэсліў, што цяперашнія ўмовы патрабуюць ад кожнага калектыва яшчэ большай ініцыятывы ў дзейнасці па развіццю вытворчасці, карпатлівага эканамічнага аналізу, якія дазволяць не толькі працаваць паспяхова прадпрыемствам, але іх кіраўніцтву забяспечваць належныя ўмовы працы і дабрабыту для работнікаў.
С. БЕЛКА.