Паклікала яго сірэна хуткай дапамогі

Ахова здароўя — сфера не толькі надзвычай адказная, а і, як паказалі апошнія падзеі, дужа самаахвярная і небяспечная. Нехта скажа: людзі ў белых халатах самі выбіралі сабе прафесію, і фармальна будзе правы. Толькі ж і службовыя абавязкі можна выконваць па-рознаму. Фельчар аддзялення хуткай дапамогі ЦРБ Аляксандр Грышчэня працуе без адзінага наракання, а падзякі ў яго адрас гучаць ледзь не штодня.

За такой рэпутацыяй не толькі вялікі вопыт. У чалавечых адносінах (і медыцына не выключэнне) шмат што значыць камунікабельны характар, добрае сэрца і паважлівасць да кожнага. Акрамя  згаданых якасцяў маладому чалавеку ўласцівы высокая кампетэнтнасць і пастаяннае самаўдасканальванне, уменне адчуць чужы боль як свой.

— Самому не верыцца, што ў гэтым калектыве праляцела ўжо дзесяць гадоў, — твар блакітнавокага мужчыны азарае сарамлівая ўсмешка, адчуваецца, што не прывык ён да павышанай увагі. — Такую работу ні на што не прамяняю, пастаянны экстрым трымае ў тонусе. На кожны выклік едзешь нібы на экзамен, да якога павінен быць заўжды падрыхтаваным. Ні адна змена на іншую не падобная. Прыемна адчуваць сваю запатрабаванасць.

За мінулы час Аляксандр Мікалаевіч на хуткай пабачыў рознага — на цэлы серыял хапіла б. Прызнаецца, што цяжэй за ўсё канстатаваць сыход з жыцця, а яшчэ ратаваць пацярпелых у аварыях і лячыць малых дзетак. З мноства штатных сітуацый хіба што экстранныя роды пакуль  не выпадала прымаць, а так практыка ў медыка багатая.

— З будучай спецыяльнасцю вызначыўся ў падлеткавым узросце, — фельчар тлумачыць, як паклікала яго сірэна аўтамабіля з лічбамі 103 на борце. — У медвучылішча параіла ісці мама, а цётка, якая працавала дыспетчарам на хуткай, падтрымала. Я з тых, пра каго кажуць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. І пра такі варыянт ніколькі не шкадую.

Першыя крокі ў прафесію ён зрабіў у 2005-ым на Боркаўскім ФАПе, якім загадваў тры з паловай гады. Выдатнейшы вопыт для выпускніка — і прафесійны, і жыццёвы. Але жыткаўчанін марыў пра тое, каб аказваць дапамогу менавіта на пярэднім краі. І няхай дзеля гэтага нават прыйшлося ў сілу розных акалічнасцяў на цэлы год змяніць інтэлектуальную працу на фізічную, мэты сваёй дасягнуў.

Фельчараў часта называюць людзьмі з рукамі медсястры і мозгам урача. І гэта так, бо на іх ляжыць вялікая адказнасць за самыя першыя хвіліны абвастрэння хваробы, якія могуць стаць вырашальнымі ў стане здароўя пацыента, а парою і самога яго жыцця.

— Толькі дурні не баяцца, — развенчывае субяседнік міф пра тоўстаскурасць экскулапаў. — Бывае кожнаму аднойчы страшна. Заўжды перажываеш, ці правільна ўсё зрабіў, сумняваешся, калі пасля змены дома сам сабе частяком ладзіш “разбор палётаў”. Па-мойму, тут нельга прывыкнуць да абыякавасці… — У нашага Аляксандра Мікалаевіча ні разу не было паўторнага выкліку, — дапаўняе  прафесійную характарыстыку падначаленага старшы фельчар аддзялення хуткай дапамогі Леанід Жогаль. — А вось пажаданні адправіць менавіта яго па тым ці іншым адрасе тэлефануючыя выказаюць нярэдка. Мы іншы раз можам і заўвагу яму зрабіць, што так доўга затрымаўся ў пацыента? Упэўнены: Грышчэня — на сваім месцы.

І яшчэ адзін немалаважны штрых да партрэта героя публікацыі ўзгадаў яго кіраўнік. Нядаўна той здзівіў калег тым, што кардынальна перамяніў уласны лад жыцця, аддаўшы перавагу здаровым звычкам. Спачатку кінуў курыць, а потым, пазбавіўшыся залішняй вагі, прывёў сябе ў форму, якую падтрымлівае пешымі трэніроўкамі і іншымі актыўнасцямі. Напрыклад, нечакана для сябе ўпадабаў агародніцтва на бацькоўскай сядзібе. Такое хобі добра пераключае энергію і гарманізуе стан. Зямля дае сілу, забіраючы негатыў.

Святлана ШАКАЛЯН

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.