Большай актыўнасці ў справах

Шырокае кола разнастайных пытанняў жыццядзейнасці раёна было разгледжана на апаратнай нарадзе, якую ў панядзелак правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


АДМІНІСТРАЦЫЙНАЯ ПРАКТЫКА І ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ. Месячнік па навядзенні парадку на зямлі і ў населеных пунктах падыходзіць да завяршэння. Але папрацаваць у гэтым накірунку дзейнасці патрэбна нямала. Кіраўніцтву сельсаветаў неабходна прыцягваць да гэтай работы насельніцтва. Там, дзе гэта адбываецца, і станоўчыя зрухі ёсць. У прыватнасці, нядрэнна наводзяць людзі парадак на тэрыторыі Людзяневіцкага Савета. Варта праявіць актыўнасць дарожным арганізацыям раёна па добраўпарадкаванню прыдарожных палос. Кіраўнікам ДЭУ-111 і ДЭУ-48 старшынёй райвыканкама названы канкрэтныя ўчасткі дарог, дзе ў самыя сціслыя тэрміны павінен быць узорны парадак.


Звернута ўвага старшынь сельсаветаў і на збор грошай па самаабкладанню. Зноў жа, у тых Саветах, дзе кіраўніцтва мясцовай улады слаба працуе з людзьмі, і гэтая справа выконваецца вельмі марудна. А гэта ж дадатковыя сродкі, якія сельвыканкам можа скарыстаць на патрэбы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Працы ж яшчэ шмат. Аб чым сведчыць і адміністрацыйная практыка. За мінулы тыдзень адказнымі работнікамі розных службаў складзена на жыхароў раёна сорак два пратаколы і выдадзена больш за двесце прадпісанняў.


НАДЗВЫЧАЙНЫЯ СІТУАЦЫІ І ПРАВАПАРАДАК. За мінулы тыдзень выратавальнікам даводзілася некалькі разоў выязджаць на тушэнне тарфянікаў. Іншых надзвычайных сітуацый не адбылося.


Працавалі і назіральныя камісіі. Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях У. Кулеш даў станоўчую адзнаку рабоце назіральных камісій Людзяневіцкага, Перароўскага, Дзякавіцкага сельсаветаў. Яны не толькі выяўляюць парушэнні, але і стараюцца, каб недахопы выпраўляліся.


У аддзел унутраных спраў за тыдзень паступіла 140 заяў і зваротаў ад грамадзян. Узбуджана 14 крымінальных спраў, дзесяць з якіх раскрыты. На дарогах раёна ўчынена чатыры дарожна-транспартныя здарэнні. Адно з іх са смяротным зыходам. Супрацоўнікамі міліцыі затрыманы тры п’яныя вадзіцелі за кіраваннем транспартнымі сродкамі, 54 вадзіцелі – за перавышэнне хуткаснага рэжыму.


САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА. У ліку асноўных пытанняў, якія былі разгледжаны на нарадзе, выкананне Дэкрэта №18 і працаўладкаванне. За мінулы тыдзень 28 так называемых абавязаных асоб не выходзілі на працу. Службе занятасці даручана ўзмацніць працу па працаўладкаванню непрацуючых жыхароў раёна, асабліва ў сельскай мясцовасці. З гэтай мэтай кіраўнік раёна парэкамендаваў у бліжэйшы час правесці выяздную ярмарку вакансій.


СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА. Вытворчасць малака, уздым зябліва, навядзенне парадку на вытворчых аб’ектах, вывазка і ўнясенне арганікі – гэта асноўныя задачы, якія стаяць на цяперашні час перад вяскоўцамі. Засяродзіў старшыня райвыканкама ўвагу аграрыяў на рацыянальнае расходаванне кармоў, а таксама на будаўніцтве клетак-домікаў для цялят. На кожнай ферме іх павінна быць дастатковая колькасць.


ІНШАЕ. На апаратнай нарадзе разгледжаны пытанні, якія звязаны з эканамічным развіццём рэгіёна, дзейнасцю камунальнай гаспадаркі, будаўнічага комплексу. Асобнае месца заняло абмеркаванне пытання па арганізацыі мерапрыемстваў і ўпрыгожванню горада і цэнтральных сядзіб Саветаў да навагодніх святаў.


Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.