Метадычная вучоба настаўнікаў

Дзеля таго, каб вучыць іншых, ты павінен сам увесь час вучыцца. Такія словы справядлівыя для спецыялістаў розных галін народнай гаспадаркі, але асабліва яны актуальныя для настаўнікаў. Сапраўдны, каб даць асновы ведаў маладому пакаленню, а таксама каб навучыць вучняў уменню самім вучыцца здабываць веды, настаўніку самому трэба ведаць не толькі той прадмет, які ён выкладае, і навуку, на аснову якой ён грунтуецца, але і мноства іншых ведаў і рэчаў.


Менавіта па гэтай прычыне існуе разгалінаваная сістэма курсаў падрыхтоўкі, семінараў рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўню, якая дапамагае настаўніку быць у курсе як апошніх дасягненняў навукі па свайму прадмету, так і методыкі яго выкладання ў школе.


Вось такі семінар-практыкум быў зладжаны напрыканцы лістапада ў Запясоцкай базавай школе для настаўнікаў геаграфіі ўстаноў адукацыі раёна. Яго тэма: “Асаблівасці розных тыпаў урокаў па геаграфіі”.


Па прыездзе ў школу настаўнікі агледзелі экспазіцыю школьнага цэнтра краязнаўства і турызму. Неабходныя тлумачэнні, пры гэтым, давала захавальніца і кіраўнік цэнтра, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Іванаўна Клаўшына. Затым удзельнікі семінара прысутнічалі на ўроку ў восьмым класе, дзе вывучалася “Геаграфія матэрыяльнай і духоўнай культуры”, яго правяла настаўнік геаграфіі школы Алена Уладзіміраўна Малчанава. Трэба адзначыць вялікую работу настаўніка па падрытоўцы і правядзенні ўрока. У яго ходзе вучні ўспомнілі азначэнне слова культура. Было адзначана, што трэба адносіць да матэрыяльнай, а што да духоўнай культуры і чаму ў шэрагу выпадкаў бывае складана вызначыць, дзе заканчваецца матэрыяльная і пачынаецца духоўная частка культуры і наадварот. Урок быў насычаны разнастайным вучэбным матэрыялам, выкарыстоўваўся падручнік, дадатковая літаратура, геаграфічныя карты, рабіліся запісы ў сшытках. Вучні на працягу яго пазнаёміліся з цікавымі ўзорамі матэрыяльнай і духоўнай культуры розных народаў свету. Гэта было дасягнута як з дапамогай настаўніка, так і самімі вучнямі, метадам адраджальных заданняў. Нягледзячы на тое, што гэта быў урок агульнай геаграфіі, прысвечаны культуры народаў свету, пры яго падрыхтоўцы і правядзенні выкарыстоўваўся мясцовы матэрыял: паказваліся ўзоры беларускага нацыянальнага адзення, мясцовых строяў, рушнікі, вышыўка — усё зроблена мясцовымі майстрамі. Перад вучнямі і настаўнікамі выступіў фальклорны жаночы калектыў “Запясочанка” мясцовага Дома культуры. Ён выканаў народныя песні.


Пасля ўрока адбылося яго абмеркаванне (аналіз), удзельнікі семінара высока ацанілі работу калегі. Яны былі аднадушнымі ў тым, што такія ўрокі маюць вялікую карысць не толькі для вучняў, але і для настаўнікаў, якія ў час яго прысутнічаюць. Заўсёды можна нешта ўзяць карыснае для работы ўжо са сваімі вучнямі, у сваіх школах.


Потым згодна з тэмай і планам далейшай работы семінара адбылося абмеркаванне шляхоў удасканалення ўрока як асноўнай формы па прадмету. У ходзе яго выступілі В.В. Жыгала (СШ №1, г. Жыткавічы), А.М. Саскевіч (Хлупінская базавая школа/сад), Н.М. Рыдзецкая (Верасніцкая СШ), Н.М. Ефімовіч (намеснік дырэктара Дуброўскай СШ), Т.М. Жыгала (СШ №3 г. Жыткавічы). Выступленні былі прысвечаны розным пытанням урокаў, асаблівасцям іх падрыхтоўкі і правядзення, мэтазгоднасці іх выкарыстання ў розных класах і пры вывучэнні канкрэтных раздзелаў і тэм школьнага курса геаграфіі. І хаця другая частка семінара-нарады традыцыйна носіць назву тэарэтычнай, педагогі ў сваіх выступленнях шырока выкарыстоўвалі ўласны вопыт работы, выказвалі канкрэтныя парады, пажаданні і рэкамендацыі ў частцы лепшай арганізацыі работы па прадмету.


Былі таксама заслуханы справаздачы аб выніках курсавой перападрыхтоўкі і ўдзеле ў рабоце абласнога семінара па тэме: “Арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў на ўроках і ў пазакласнай рабоце па геаграфіі”, з якімі выступалі С.У. Аліфяровіч (Пухавіцкая базавая школа/сад) і Н.М. Аксёнчык (Хваенская СШ/сад).


В. НІКАНОВІЧ, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.