Спявалі. Танчылі. Адпачывалі

Як клікаў палескі фестываль

Яшчэ задоўга да афіцыйнага адкрыцця фестывалю пляцоўку, дзе мелася адбыцца мерапрыемства, пакрылі шматлікія гандлёвыя рады, а таксама сімвалізаваныя падворкі палескіх рэгіёнаў.

У першых размясціліся палаткі спажывецкіх таварыстваў, прадпрыемстваў Гомельшчыны, індывідуальных прадпрымальнікаў, і рамеснікаў. Паліцы аж ламіліся ад розных тавараў: прысмакаў, рэчаў штодзённага ўжытку, цацак, сувеніраў і іншых. Таму госці ахвотна адгукаліся на прызывы прадаўцоў заглянуць да іх і нешта набыць з прапаноўваемага асартыменту, або пакаштаваць ежу. Уражвала тая арыгінальнасць, з якой гандляры рэкламавалі ўласныя лаўкі. Прыемна было адчуваць, што і прадстаўнікі нашага раёна ў гэтай разнастайнасці не згубіліся. З лёгкасцю можна было знайсці  палаткі жыткавіцкіх кааператараў, Тураўскага малочнага камбіната і ААТ “Тураўшчыны”.

Несумненна, непадробную цікавасць праявілі ўдзельнікі фэста і да яго навінак. У прыватнасці, вялікая чарга ўтварылася ля вартавой вежы, бо было нямала ахвотнікаў узабрацца на яе, каб  з глядзельнай пляцоўкі ацаніць маштаб культурнай дзеі. Шмат людзей заходзілі ў хаты-музеі рыбака і паляўнічага, ганчара, ткача, разбяра па дрэву і пляцення. Толькі пераступаеш парог і адразу адчуваеш, наколькі моцны дух паляшуцкіх традыцый, якія развіваюць умелыя рукі майстроў.

Галоўныя падзеі свята адбыліся на цэнтральнай сцэне. Тут ў імправізаванай глядзельнай зале сабраліся госці ўрачыстасці, сярод іх – віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін, старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь-інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка, міністр інфармацыі Ігар Луцкі, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і дыпламатычных місій, іншыя.

Традыцыйна гучалі песні, былі танцы. А яшчэ назвалі ўладальнікаў звання «Ганаровы Паляшук». Сёлета ўзнагароды атрымалі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы, генеральны дырэктар вытворчага аб’яднання «Беларуснафта» Аляксандр Ляхаў, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Спецжалезабетон» (г. Мікашэвічы Лунінецкага раёна) Васіль Басевіч.

– «Кліч Палесся» – знакавая падзея для ўсёй краіны. Ён нагадвае вялікае сямейнае свята, якое сцірае межы. Мы хочам, каб пра Беларусь ведалі не па чутках, каб госці самі маглі ўбачыць багатую культурную спадчыну – адзначыў віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін. – Сёння Прыпяцкае Палессе – гэта магутны індустрыяльны цэнтр, які мае вялікі эканамічны патэнцыял.

Перад прыстымі выступіў і Міхаіл Русы, які пачаў сваю прамову са слоў падзякі кіраўніку дзяржавы, нагадаў гісторыю стварэння свята:

– Недалёка адсюль ёсць урочышча Буслы. У 1996 годзе кіраўнік дзяржавы сустрэўся з мясцовымі жыхарамі і прыняў рашэнне актыўна развіваць Палескі край. Пабудавалі новыя вытворчыя аб’екты, масты, дарогі, адноўлены і культурныя каштоўнасці. Мы падтрымалі ўнікальны рэгиён. Я нарадзіўся ў вёсцы непадалёку ад Турава. І добра ведаю, якія людзі тут жывуць, гэта тыя ж гамельчане, але са знакам якасці… Мы многае зрабілі для развіцця гэтай старонкі, нашай краіны.

Фестываль аб’яднаў таленавітых людзей. У гэтым прысутныя маглі пераканацца, наведаўшы самабытныя палесскія падворкі.

Нагадаем, з моманту правядзеня апошняга фестывалю ў Ляскавічах сур’ёзна падрыхтаваліся да святкавання сёлетняга «Кліча Палесся»: на набярэжнай узвялі цэлую вёску – яна захаваецца і надалей. Вось дзе было разыйсціся талентам рамеснікам, паспрабаваць свае сілы ў ганчарнай справе мог кожны жадаючы, як і купіць спадабаўшуюся рэч.

Не менш годна на свяце прадэманстравалі і песенны скарб рэгіёна. Бліжэй да абеду, здавалася, ад спеваў і музыкі  аж цесна стала ў наваколлі аграгарадка. Кампазіцыі рознай тэматыкі выконваліся і на сцэнах, і на падворках раёнаў. У сваёй большасці  тэматычная накіраванасць апошніх звязвалася з міфалагічнымі істотамі, якія дапамагалі нашым продкам у гаспадарчай дзейнасці і іншых промыслах. Жыткаўчанне запрашалі гасцей на пагулянку да еўніка, які спрыяў сялянам у перапрацоўцы збажыны. Гаспадары гумна шчыра віталі афіцыйную дэлегацыю фестывалю, паказалі ім, як у старыну малацілі, сушылі, веялі і малолі зерне. А напрыканцы тэатралізаванай дзеі пачаставалі ўсіх смачнымі булкамі з квасам, якія прыгатавалі па старадаўніх рацэптах.

Чым вышэй узнімалася сонца, тым большая колькасць забаў і мерапрыемстваў прапаноўвалася ўдзельнікам свята. Канцэрты заслужаных калектываў краіны: хора імя Цітовіча, ансамбляў «Бяседа», «Чысты голас», «Лісапетны батальён» і іншых  радавалі душу і сэрца прысутных цэлы дзень. А колькі станоўчых эмоцый атрымлівала дзетвара, да паслуг якой працавалі адначасова некалькі гульнявых пляцовак. Заўзята падтрымлівалі людзі і асілкаў, якія змагаліся за званне самага моцнага палешука, а таксама дзяўчат – за тытул лепшай прыгажуні.

Фестываль “Кліч Палесся” гудзеў аж да апоўначы, прыносячы асалоду людзям самых розных узростаў, тым духоўным багаццем, якое ўласціва толькі жыхарам гэтага вялікага і адметнага рэгіёна краіны. І кожны, хто пабываў на гэтым фэсце, стане яшчэ больш ганарыцца, што яго малой радзімай з’яўляецца Палессе.

Сяргей БЕЛКА,

Святлана СЕВАСЦЬЯНАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.