Тут сям’я ваша і прыстанак

Калі ёсць падтрымка, любое пачынанне праходзіць лягчэй, упэўнена адміністрацыя прафесійнага ліцэя. Каб дапамагчы сваім сёлетнім навічкам хутчэй уліцца ў калектыў, навучальная ўстанова зладзіла для іх па завядзёнцы прысвячэнне ў першакурснікі.

Сёлета парог ДПЛ пераступіў 81 чалавек. Набрана дзве групы леснікоў і адна – механізатараў. Раздзяліць з імі свята ў актавую залу пазвалі і старэйшых навучэнцаў, настаўнікаў ды майстроў вытворчага навучання. Пасля прывітання дырэктара Наталлі Ільені слова прадаставілі старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзіміру Гулюту, які стаў невыпадковым госцем. Павіншаваўшы моладзь з чарговым этапам дарослення, выказаўшы спадзяванне, што за яе не будзе сорамна, ён выканаў важную місію – уручыў рабятам прафсаюзныя білеты.

– У такім фармаце гэтая цырымонія праходзіць упершыню, – адзначыў лідар, – думаю, што яна стане добрай традыцыяй. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі – самая масавая грамадская арганізацыя. Яна аб’ядноўвае чатыры мільёны работнікаў 15-ці галін народнай гаспадаркі краіны, адстойваючы іхнія правы і рознабакова падтрымліваючы.

Добрыя словы адрасавала першакурснікам, з якіх большасць будучыя калегі, начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесаўзнаўлення лясгаса (па сумяшчальніцтву член экзаменацыйнай камісіі ліцэя) Ірына Кракіна, пажадаўшы добра вучыцца, каб стаць сапраўднымі прафесіяналамі.

Расквецілі свята выступленні рабят. Хлопцы і дзяўчаты (апошніх тут, дарэчы, усяго 20 з 220 навучэнцаў) прэзентавалі выдатныя харэаграфічныя нумары, песні. Усмешку выклікалі жартоўныя наказы куратарам груп і самім першакурснікам. Як кажуць, у добры шлях!

Святлана Шакалян 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.