У лесе папрыгажэла

Кіраўніцтва і спецыялісты  ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, а таксама іншых службаў аграрнай галіны дружна папрацавалі на добраўпарадкаванні ляснога масіву,  што раскінуўся ўздоўж вуліцы хвойнай.

У суботніку прынялі ўдзел прыкладна паўсотні чалавек. Сумесная грамадска-карысная праца доўжылася не адну гадзіну. За гэты час работнікі ачысцілі ад бруду, непажаданай расліннасці ладную дзялянку. Першымі ў справу ўключыліся спецыялісты ветэрынарнай станцыі. Яны з мяхамі прайшліся ўзбоч дарогі і пазбіралі смецце. Разам з іншымі падмялі і праезджую частку шашы.

Мужчынам, як моцнай палавіне, дасталася і адпаведна іх прызначэнню праца. Пасля таго, як у руках спецыяліста агратэхсервісу зазвінела бензапіла, упраўленцы дружна пачалі выносіць з лесу распілаваныя рэшткі буралому. Іх разам з другімі шкоднымі для зялёнага сябра рэчамі дружна грузілі ў трактарны прычэп, каб адвезці ў спецыялізаванае месца складзіравання.

— Тут мы шчыруем ужо не адзін год і штораз напаўняем цялежку смеццем. Безумоўна, вельмі прыкра за жыхароў райцэнтра, якія забруджваюць тэрыторыю, — разам даводзілі ўдзельнікі мерапрыемства.

— Наша акцыя “Чысты лес” заўсёды знаходзіць шмат прыхільнікаў, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Жыткавіцкага лясгаса Надзея Шабаева. — Гэты год не выключэнне. На дапамогу лесаводам паспяшаліся навучэнцы і працаўнікі многіх арганізацый і прадпрыемстваў.

У ліку такіх: вучні СШ №3 райцэнтра, Чырванаборскай школы, выхаванцы Жыткавіцкага прафесійнага ліцэя, спецыялісты райсельгасхарчу, ветстанцыі, райвыканкама, аддзела статыстыкі, цэнтра падрыхтоўкі рабочых кадраў, агратэхсервісу і іншыя. У агульнай сукупнасці наводзілі парадак у лясах 273 чалавекі, з якіх 158 работнікаў лясгаса. Плён сумесных намаганняў таксама аказаўся ўнушальным. Дапоўнена лясных культур на 35 гектарах, высаджана 37,9 тысячы сеянцаў, створаны гектар новага лесу. Пад шатамі дрэў сабрана і вывезена пяць метраў кубічных смецця.

Па цвёрдым меркаванні ідэолага Жыткавіцкага лясгаса, мерапрыемства ў чарговы раз даказала, што ў нашым грамадстве нямала людзей, якія беражна адносяцца да прыроднага багацця малой радзімы і імкнуцца гэтую любоў і культуру паводзін прывіваць іншым.

Сяргей БЕЛКА

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.