У царстве Дзеда Мароза
Другі год запар аграсядзіба “Закінуты рай”, што ў аграгарадку Сяменча, дае прытулак напярэдадні навагодніх святаў Дзеду Марозу і яго ўнучцы Снягурцы ды іншым казачным героям. У прайшоўшую суботу яны правялі першы прыём дзетвары, які стаў цудоўным святам.
Першымі, хто наведаў рэзідэнцыю Дзеда Мароза, сталі выхаванцы Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтва імя У. Будніка. Перад варотамі рэзідэнцыі рабят і гасцей павіншаваў з Новым годам намеснік старшыні райвыканкама Валерый Маркавіч Рагалевіч. Ён адзначыў, што Дзед Мароз, рухаючыся з Вялікага Усцюгу, крыху прытаміўся і вырашыў зрабіць невялікі прыпынак, каб парадаваць і дзяцей з нашага раёна. Гасцінна расчыніліся перад рабятамі вароты, і яны апынуліся ў чароўным царстве Дзеда Мароза. На ўваходзе дзяцей сустрэлі казачныя героі Злюка і Злюк. Яны вельмі не хацелі, каб рабяты патрапілі на святочную ёлку і сустрэліся з Дзедам Марозам. Таму адразу пачалі задаваць дзецям складаныя загадкі, ды праводзіць з імі не менш мудрагелістыя гульні. Але рабяты аказаліся кемлівымі і ўсе выпрабаванні вытрымалі выдатна. Далі і правільныя адказы на загадкі, і паказалі, што яны могуць у гульнях. Хаця Злюка і Злюк пераконвалі дзяцей, каб яны не ішлі да Дзеда Мароза і яго ўнучкі, але ўсё было марна. Дзеці ўзялі накірунак туды, дзе стаяла ўпрыгожаная ёлка. Тут іх гасцінна сустрэлі Ірыска і Карамелька. Яны адразу пачалі весяліць рабят, прыдумвалі для іх розныя забавы і конкурсы.
Дружна з казачнымі героямі дзеці вадзілі карагоды, спявалі песні, клікалі Дзеда Мароза і Снягурачку. А пасля, калі тыя далучыліся да вяселля, разам прасілі засвяціцца ёлачку. І яна на просьбу ўспыхнула мноствам разнакаляровых агеньчыкаў. На гэтым свята толькі набрала моцы. Рэй вялі Дзед Мароз і Снягурачка. Рабяты весела вадзілі карагоды, спявалі песні. А калі Дзядуля Мароз стаміўся і сеў на свой трон, каб не перапыняць свята, папрасіў рабят пацешыць яго вершамі ды песнямі. Здольных дзяцей на такую забаву знайшлося вельмі шмат. Таму ля Дзеда Мароза выстраілася немалая чарга. З вялікім задавальненнем дзядуля выслухваў дзяцей і за кожнае выступленне аддзячваў іх цукеркамі, якія выймаў са свайго меха.
Каб свята для рабят запомнілася надоўга, радавалі іх і казачныя героі рознымі атракцыёнамі. Напрыклад, Лесавік прапаноўваў дзецям паўдзельнічаць у атракцыёне па падкідванню мячыка ўгору. Хпаця і нялёгкая гэта справа, біць кувалдай па драўляным рычагу, але ахвотнікаў сабралася нямала. Нават дзяўчаткі спрабавалі ў гэтым конкурсе свае сілы. Вызначыць самага трапнага стралка прапаноўвалі Ірыска і Карамелька. У іх конкурсе дзеці кідалі мячыкам па мішэнях і надзявалі абручы на цвічок, які быў убіты на стэндзе. Паддалася агульнаму святочнаму настрою і Баба Яга. Для рабят яна арганізавала бяспройгрышную латарэю. Усе з задавальненнем у ёй удзельнічалі. Зразумела, што ў царстве Дзеда Мароза, хаця дзеці і шмат рухаліся, даволі марозна. Таму ўсіх, каго прабраў холад, запрашалі пагрэцца ля печкі, або наведаць кафэ, дзе частавалі гарачымі стравамі.
Сустрэча з Дзедам Марозам і яго памагатымі прайшла вельмі весела і цікава. Рабятам усё спадабалася. Для іншых жа дзяцей паведамляем, што у сваёй рэзідэнцыі “Закінуты рай” Дзед Мароз будзе прымаць хлопчыкаў і дзяўчынак да 7 студзеня наступнага года. Так што і многія рабяты з нашага раёна змогуць пабываць у царстве Дзеда Мароза і адсвяткаваць з ім навагоднія святы.
С.МІКАЛАЕЎ.