Прыйшлі вестачкі, што хочацца естачкі
Дзевяць з дзесяці школьнікаў раёна атрымліваюць гарачае харчаванне
За партай вучні праводзяць добрую палову дня, таму без своечасовага сілкавання, зразумела, не абысціся. Адны абмяжоўваюцца прыхопленым з дому яблыкам ці якой смакоткай, іншыя паміж урокамі бягуць за пачкам вафляў у бліжэйшы магазін. Але ж большасць дзяцей, як і патрэбна, аддаюць перавагу паўнацэннаму прыёму ежы ў сценах альма-матэр. Якое меню ў топе, колькі каштуе абед і чаму стравам іншы раз не хапае пярчынкі?
Сюды вядуць усе дарогі
На кухні СШ №2 г. Жыткавічы штодня гатуюць каля 450 комплексных порцый. Першы стол накрываюць да 8.45., апошні — а палове шаснаццатай. Паміж імі дзевяць “галодных” перапынкаў абедзьвюх змен. Штат сталовай заступае на вахту не пазней сямі раніцы. А па чацвяргах, захаваўшых савецкую традыцыю звацца рыбнымі, праца тут пачынаецца на гадзіну раней. Мінтай ці хек не каша, часу на падрыхтоўку патрабуе ў разы больш. Акрамя залацістага “хвосціка” на талерцы сёння самы папулярны гарнір — бульбянае пюрэ, ўпрыгожанае салёным агурком. Побач кружкі з кампотам і хлеб у карзінках.
…Пасля званка сталовая імгненна ажывае. Гурба шкаляроў сярэдняга ўзросту дружна рассаджваецца па сваіх месцах. У руках мільгаюць відэльцы, бразгае керамічны посуд, чуецца смех. За рознагалоссем і тлумам ледзь паспяваю з’аерантавацца, каб зрабіць некалькі фотакадраў – дзяўчаты сарамліва адварочваюцца, а хлопчыкі, наадварот, пазіруюць з ахвотай. Між справай цікаўлюся, што дзецям падабаецца найбольш?
— Катлеткі смачныя і боршч чырвоны, — уступае ў дыялог вучаніца сёмага класа Таццяна, — рыбу я не люблю, ні дома, ні ў школе яе не ем.
— А мне нармальна, — шасцікласнік Максім становіцца на абарону чацвярговай стравы і хітра прыжмурыўшыся, дадае, што нядрэнна было б і найсмачнейшыя для яго ролы ці сушы на абед атрымаць.
Задача кухараў — не дагадзіць кожнаму, а зрабіць харчаванне максімальна карысным для ўсіх. Школьная рэцэптура — не фантазія, то зацверджаны стандарт, адступаць ад якого нельга. Другая справа, што да дыетычнай ежы, дзе вылічана, так бы мовіць, кожная калорыя і збалансаваны ўсе спажыўныя рэчывы, нашы дзеці не прывучаны.
— Многае залежыць ад смакавых звычак у сем’ях, — як толькі зала з касмічнай хуткасцю пусцее, у шэф-повара Алены Шараковай з’яўляецца пара хвілін для размовы. — Калі дома кожны дзень сасіскі ці пельмені, то наша меню многім падасца прэснаватым, незважаючы на яго разнастайнасць і здаровыя прынцыпы. Асаблівая праблема з ужываннем тушанай гародніны, яе найчасцей пакідаюць на талерках.
Вараць, тушаць, запякаюць
Перспектыўнае меню ва ўсіх школах прыблізна аднолькавае і складаецца па спецыяльных зборніках на паўмесяца. Пры гэтым абавязкова ўлічваюцца санітарныя патрабаванні, сярод якіх нормы фізіялагічнай патрэбы ў энергіі і харчовых рэчывах, рэкамендуемы аб’ём порцыі, нават сезоннасць. Адна і тая ж страва можа падавацца не раней чым праз тры дні, а ўпадабанай каўбасою дзяцей дазваляецца карміць не часцей раза на тыдзень.
— Повары выкарыстоўваюць ашчадныя спосабы прыгатавання — тушэнне, варку, запяканне, — акцэнтуе ўвагу на тэхналогіі начальнік аддзела арганізацыі харчавання цэнтра па забеспячэнню дзейнасці бюджэтных арганізацый Ганна Голад. — Ніякіх паўфабрыкатаў, ежа павінна быць свежапрыгатаванай. Даўно забараняецца выкарыстоўваць косцевы булён для першых страў, абмежавана ўжыванне спецый, зніжана колькасць солі, цукру. Многае, зразумела, залежыць ад майстэрства кухараў, якія стараюцца, каб дзецям было смачна, і якасці зыходных прадуктаў.
Сёння ў штаце школ налічваецца каля 80 работнікаў сталовых. У многіх установах істотна абноўлена абсталяванне харчблокаў, абедзеныя залы выглядаюць утульнымі і камфортнымі. У дзвюх школах (№2 і 3 райцэнтра) працуюць буфеты спажыўкааперацыі. Ёсць пажаданні арганізаваць такія пункты і ў іншых установах, але пакуль не знаходзіцца жадаючых узяць на сябе гэты клопат. Аддзел адукацыі ў азначаным пытанні гатовы да супрацоўніцтва з суб’ектам любой формы ўласнасці.
За грошы і бясплатна
— Гарачым харчаваннем ахоплена больш за чатыры тысячы дзяцей, што складае 91,7 працэнта, — удакладняе галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Друк. — Пераважная іх колькасць ці, дакладна 3276 чалавек, абедаюць за бюджэтны кошт. Гэта ўсе вясковыя вучні і пачаткоўцы гарадскіх (жыткавіцкіх і тураўскіх) школ. У льготнай катэгорыі таксама рабяты з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане, інваліды, жыхары забруджаных радыяцыяй тэрыторый. Бясплатна наведваюць сталовую і выхаванцы спецыяльных і інтэгрыраваных класаў, гімназісты, якія жывуць у інтэрнаце. Меню астатніх вучняў (іх каля 800) фінансуюць бацькі. Калі раней грошы на харчаванне збіралі класныя кіраўнікі, то цяпер мамы ўносяць іх самастойна на рахунак праз “ЕРИП” — зручную і беспраблемную сістэму.
Варта зазначыць: набор страў для платнікаў і бюджэтнікаў амаль не адрозніваецца. Гэта здымае сацыяльныя бар’еры і напружанасць паміж дзецьмі. Прыкладна аднолькавы і кошт абеду: 1,21 — 1,46 рубля. Згадзіцеся, накарміць за такую суму трэба дужа ўмудрыцца. У аддзеле адукацыі расказалі, што ў кожнай установе працуюць саветы па харчаванню ў складзе прадстаўнікоў адміністрацыі, прафсаюза, бацькоўскай грамадскасці і вучняў. Калі ўзнікаюць, так бы мовіць, тэматычныя пытанні, іх абавязкова вырашаюць з улікам пажаданняў.
— Прымусу да таго, каб дзіця ела ў школьнай сталовай, быць не павінна, — падкрэслівае галоўны спецыяліст Святлана Друк. — Разам з тым дарослым трэба разумець, што перакусы не параўнуюцца з гарачымі абедамі. І можа, нават, калі малым нешта і не падабаецца, не спяшайцеся адмаўляцца. Іх не накормяць шашлыком ці піцай, затое здаровая ежа гарантаваная і пойдзе на карысць.
Святлана Шакалян