ІМЧЫЦЬ У ВЁСКІ СВЯТА НА КОЛАХ…

Жыткавіцкаму аўтаклубу – пяць гадоў.


Гартаеш тоўстыя альбомы са шматлікімі рознакаляровымі фотаздымкамі і даешся дзіву: як шмат зроблена гэтым аўтаклубам –“пілігрымам” пад кіраўніцтвам заўсёднай падзвіжніцы, чалавека неспакойнай душы Любові Феакціставай усяго за пяць апошніх гадоў дзейнасці. І вось у першыя дні студзеня 2012 года хоць маленькі, а ўсё ж юбілей…


Наша Жыткаўшчына – адзін з найбольш буйных раёнаў Гомельскай вобласці. І са 107 населеных пунктаў, што знаходзяцца на яго тэрыторыі, 102 размешчаны ў сельскай мясцовасці. На момант стварэння аўтаклуба стацыянарных устаноў культуры не мела 45 вёсак, у якіх пражывала 2396 чалавек, у пераважнай большасці пенсіянеры. Вось чаму дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі патрабавала новага комплекснага падыходу да арганізацыі абслугоўвання сельскага насельніцтва. Адначасова з неабходнасцю фарміравання паўнацэннай інфраструктуры сацыякультурных аб’ектаў у аграгарадках яна зрабіла вельмі надзённай задачу наладжвання работы мабільных устаноў культуры, закліканых задавальняць запыты жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак.


У першыя дні студзеня 2007 года і пачаў сваю дзейнасць аўтаклуб аддзела культуры Жыткавіцкага райвыканкама. На пасаду загадчыцы прызначылі вопытнага культработніка, здольнага арганізатара Любоў Раманаўну Феакціставу. І не памыліліся ў гэтым выбары, як яскрава засведчыць далейшая работа новай структуры. Выязджаючы на месцы, яна дэталёва вывучыла сітуацыю ў кожным сельскім Савеце, знайшла аднадумцаў у розных раённых структурах, сфарміравала творчую каманду і вызначыла формы работы з насельніцтвам зыходзячы з яго патрэб. Была вызначана і перыядычнасць выездаў: раз у паўгоддзе ў кожны з 45 населеных пунктаў. Дзякуючы актыўнай, зацікаўленнай рабоце, цеснаму супрацоўніцтву з аддзеламі і ўпраўленнямі райвыканкама, раённымі арганізацыямі, сельскімі Саветамі за кароткі час аўтаклуб здолеў стаць сапраўдным каардынатарам у аператыўным вырашэнні сацыяльных, псіхалагічных і культурных праблем жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак. Кожны рэйс (а трэба за адзін выезд наведаць некалькі населеных пункаў) Любоў Феакцістава і яе каманда ператварылі ў сапраўдную “культурную рэвалюцыю” на сяле. Іх паўсюль чакалі як самых дарагіх гасцей і пасля кожнага канцэрта, шчырай размовы па душах у пажылых людзей, здаецца, разгладжваліся маршчынкі на старэчых тварах…


У 2008 годзе, напрыклад, для вяскоўцаў было арганізавана 195 мерапрыемстваў і 84 канцэрты, якія наведалі 2633 чалавекі. Акрамя канцэртных выступленняў пажылым людзям прапаноўваліся калядныя вечары, літаратурна-музычныя вечарыны, акцыі, віншаванні, вечары “Гучыць любімы гармонік”, фальклорныя вячоркі. Асабліва значнымі ў рабоце аўтаклуба сталі мерапрыемствы для пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду “Ад усёй душы”, і “Адзінота, сагрэтая дабрынёй”, акцыі-віншаванні “З днём нараджэння, салдат”, вечары-сустрэчы “Як добра, калі мы разам”, абрад “Зажынкі” і ўшанаванне маладых камбайнераў “Штурманы залатых ніў”.


— Культурны клопат пра кожнага жыхара вёскі — гэта абавязковы сацыяльны стандарт, — гаворыць Любоў Феакцістава. — А зыходзячы з сённяшніх умоў аўтаклуб выкарыстоўвае прынцып “Адно акно”, калі абслугоўваць жыхароў разам з намі выязджаюць спецыялісты розных служб. Тэматыка лекцый, інфармацыйных паведамленняў, кансультацый закранала пытанні сацыяльных правоў, гарантый і льгот грамадзян, пажарна-прафілактычнай работы, асабістай бяспекі пажылых людзей, прафілактыкі правапарушэнняў, п’янства, інфекцыйных захворванняў і гэтак далей. Як правіла, на сустрэчу запрашаюцца медыцынскія работнікі, якія даюць індывідуальныя кансультацыі. Сустрэчы наладжваем у цесным кантакце з кіраўнікамі сельвыканкамаў і даверанымі асобамі ў маланаселеных пунктах. Пра дзень, час прыезду аўтаклуба, тэматыку праграмы людзі інфарміруюцца загадзя. Месцам правядзення мерапрыемства становяцца брыгадны клуб, магазін, аўтобусны прыпынак, прыватны дом, чыгуначная станцыя.


Раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, энергаінспекцыяй, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзеламі ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях былі распрацаваны і ўзгоднены з аддзелам культуры планы сумеснай работы з аўтаклубам у маланаселеных пунктах раёна. Наладжаны цесныя кантакты з рэдакцыяй раённай газеты, саветам ветэранаў, з цэнтральнай бібліятэкай, бальніцай.


— Сваю далейшую работу плануем разам з дырэктарам раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Людмілай Грыб, якая даўно і плённа працуе на культурным фронце, — дзеліцца справамі Любоў Раманаўна. — На наш аўтаклуб, вобразна кажучы, працуе вялікая “армія” раёна. І ўсё ж сярод актывістаў і найпершых памагатых хацелася б адзначыць прадпрымальніцу Жанну Ярмош, работніцу райвыкканкама Алену Чарнагаловую, старшынь Юркевіцкага і Ленінскага сельскіх Саветаў Алену Шпакевіч і Васіля Нямчэню, Тураўскага гарсавета Ігара Міцюрыча, многіх другіх. А з удзельнікаў мастацкай самадзейнасці гэта Алег Старажэнка і Наталля Баранава, Любоў Трафімовіч і Вольга Жураўская, Марыя Дармель і Галіна Бандзюк, да якіх у апошні час далучыліся маладзейшыя выканаўцы Ірына Касцюк, Анатоль Саенка, Сяргей Макарэвіч. За адчувальную падтрымку мы шчыра ўдзячны нашаму аддзелу культуры, а таксама ідэалагічнаму аддзелу райвыканкама.


Што застаецца дадаць? Як цудоўна, што ў нашым раёне няма забытых вёсак. А ёсць як аўталаўка, так і аўтаклуб, якія дастаўляюць у самыя аддаленыя куточкі Жыткаўшчыны як прадукты харчавання, так і ежу духоўную.


С. КУЛАКЕВІЧ.


НА ЗДЫМКУ: чарговы «дэсант» аўтаклуба ў адным з населеных пунктаў раёна.


Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.