Зрабіць болей і лепш

Пытанні жыццядзейнасці раёна разгледжаны на апаратнай нарадзе, якую правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора ў прайшоўшы аўторак.


Добраўпарадкаванне. Разгляд гэтага пытання распачаўся традыцыйна з дэманстрацыі фотаздымкаў, прадстаўленых інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На іх адлюстраваны ў чарговы раз факты неахайнасці і антысанітарыі на гарадскіх вуліцах. У прыватнасці, Фрунзе і Чыгуначная. У працяг тэмы закранулі на нарадзе і стан палігонаў для складзіравання бытавых адходаў. На жаль, на некаторых з іх таксама мала парадку. Таму адпаведным службам патрэбна прыкласці намаганні ў бягучым годзе па прывядзенню гэтых месцаў згодна ўсіх патрабаванняў.


Падчас абмеркавання пытання па навядзенні парадку на зямлі закранута тэма і збору другаснай сыравіны. Макулатура, пластык, поліэтылен, раскіданыя, дзе папала пасля выкарыстання, наносяць вялікую шкоду навакольнаму асяроддзю, у тым ліку аказваюць адмоўны ўплыў на парадак на зямлі. Таму і зразумела, што на планёрцы прагучала патрабаванне больш актыўна наладзіць збор другаснай сыравіны, каб яна замест шкоды прыносіла карысць. Што тычыцца ўласна добраўпарадкавання населеных пунктаў і навядзення парадку на зямлі, то тут таксама патрабаванне адназначнае – сёлета ў гэтым накірунку дзейнасці ў раёне павінна быць зроблена ўдвая больш, чым летась.


Мабільныя групы. У апошні тыдзень мінулага года рабочай групай райвыканкама праведзена два рэйды па вытворчых аб’ектах прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра. Выяўлена два парушэнні правілаў тэхнікі бяспекі. Праверана на цвярозасць у рабочы час 42 працаўнікі. П’яных не выяўлена. Ацэньваючы вынік працы рабочай групы начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Леанід Валатоўскі адзначыў, што кіраўнікі прыкладваюць намаганні па выпраўленні выяўленых парушэнняў. Аб чым сведчыць і пастаяннае іх зніжэнне. Перад членамі рабочай групы пастаўлены і канкрэтныя задачы на бягучы год: працаваць яны павінны яшчэ больш плённа і выяўляць не толькі парушэнні, звязаныя з тэхнікай бяспекі на вытворчасці і аховай працы, але і цікавіцца, якія бытавыя ўмовы маюцца на прадпрыемствах і ў арганізацыях, у якім стане знаходзяцца гэтыя памяшканні.


Звароты грамадзян. За мінулы год у райвыканкам паступіла 390 вусных і пісьмовых зваротаў ад грамадзян. Больш за восемдзесят з вышэйстаячых органаў кіравання. У параўнанні з 2010 годам намецілася тэндэнцыя па зніжэнню зваротаў грамадзян. Асноўныя праблемы, якія жыхары раёна ўздымалі ў сваіх зваротах, тычыліся работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнага забеспячэння і іншыя. Па значнай колькасці зваротаў кампетэнтнымі службовымі асобамі дадзены тлумачэнні па сутнасці ўздымаемых пытанняў, нямала іх вырашана станоўча. І ўсё ж не ўдалося пазбегнуць зваротаў паўторных і калектыўных. Такіх адпаведна паступіла 13 і 29. Карані такой з’явы найперш крыюцца ў тым, што людзі замест таго, каб звярнуцца ў суд за вырашэннем сваёй праблемы, проста закідваюць скаргамі дзяржаўныя ўстановы. Асабліва гэта тычыцца спрэчак паміж суседзямі з-за мяжы зямельных участкаў. І ўсё ж, нягледзячы на ніякія акалічнасці і спасылкі, кіраўнік раёна запатрабаваў больш дэталёва і кампетэнтна працаваць са зваротамі грамадзян, адкінуць фармальны падыход. З пастаяннымі ж аматарамі пісаць скаргі патрэбна працаваць на апераджэнне, каб у іх не было падстаў дасылаць звароты. Тады і вынік гэтай працы будзе намнога лепшы.


Адміністрацыйная практыка. За прайшоўшы год усімі службамі, якія маюць на гэта паўнамоцтвы, складзена 1356 пратаколаў і выдадзена 12233 прадпісанні. Хаця, як падкрэслівалася на нарадзе, пры навядзенні парадку на зямлі важна не столькі колькасны паказчык прымянення адміністрацыйнай практыкі, а больш якасны — выкананне жыхарамі тых заўваг, што ім прадпісаны ў адміністрацыйных матэрыялах. За год разгледжана больш тысячы пратаколаў, спагнана за развядзенне антысанітарыі 69 мільёнаў рублёў. Гэта сведчанне таго, што пакуль адміністрацыйная практыка з’яўляецца адным са спосабаў прымусіць людзей працаваць над добраўпарадкаваннем. Для гэтага павінен быць наладжаны належны кантроль. Таму дзіўна, што некаторыя службы недастаткова скарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс, каб падштурхнуць насельніцтва да больш рашучых дзеянняў па навядзенні парадку на зямлі.


Надзвычайныя сітуацыі. Два пажары надарыліся на тэрыторыі раёна ў першыя дні новага года. На адным загінуў чалавек. Як падкрэсліў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Кулеш, трагедыі адбыліся па віне гаспадароў. Яны, так бы мовіць, знаходзіліся ў групе рызыкі. Праца з такімі катэгорыямі грамадзян, а таксама мнагадзетнымі сем’ямі – поле дзейнасці для назіральных камісій, якія павінны даводзіць да лагічнага канца сваю работу ў арганізацыі кантролю за такімі жыхарамі.


Правапарадак. Дзякуючы зладжанай рабоце супрацоўнікаў праваахоўных органаў навагоднія святкаванні прайшлі без сур’ёзных правапарушэнняў. За апошні ж тыдзень мінулага года ў раённы аддзел унутраных спраў ад жыхароў раёна паступіла 135 зваротаў і заяў. Найбольшая колькасць з іх паступіла ад жыхароў райцэнтра. Заведзена 32 крымінальныя справы, 25 з іх раскрыты па гарачых слядах. На дарогах раёна ўчынена 4 дарожна-транспартныя здарэнні. Затрыманы тры вадзіцелі за кіраванне транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане, 23 – за перавышэнне хуткаснага рэжыму. За парушэнне правілаў вулічнага руху затрымана 18 пешаходаў. Працавалі работнікі міліцыі і па выкананні Дэкрэта №18, займаліся пошукам абавязаных бацькоў, якія не выйшлі на працу.


Сельская гаспадарка. Аналіз дзейнасці аграрнага комплексу раёна зрабіла на нарадзе намеснік начальніка па эканоміцы райсельгасхарчу Галіна Чорная. На цяперашні час адной з галоўных задач, якая стаіць перад працаўнікамі вёскі, з’яўляецца забеспячэнне павелічэння выручкі ад рэалізацыі прадукцыі. А гэта магчыма толькі пры ўмове павелічэння продажу прадукцыі, найперш малака. Таксама закрануты пытанні захаванасці маладняку на грамадскіх фермах. На гэтым, а таксама на агароджванні тэрыторый ферм, рэгістрацыі вытворчых аб’ектаў, закупе цялят у прыватных гаспадарках павінны засяродзіць свае высілкі аграрыі раёна.


Іншае. На нарадзе разгледжана дэмаграфічная сітуацыя ў раёне за прайшоўшы год. Таксама прааналізавана эканамічнае развіццё рэгіёна, абмеркаваны пытанні дзейнасці жыллёва-камунальнай службы, будаўнічага комплексу і другія пытанні жыццядзейнасці раёна. Падводзячы вынікі нарады старшыня райвыканкама Мікалай Какора акцэнтаваў увагу прысутных кіраўнікоў, што ў новым годзе агульнымі намаганнямі неабходна зрабіць яшчэ больш спраў і лепш для развіцця раёна.


Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.