За добрую гульню – аматарскае прызнанне
Па выніках сёлетняга футбольнага сезону абаронца каманды “Меліяратар” Аляксандр Цімашышын, па меркаванні чытачоў “Новага Палесся”, стаў уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый. Днямі супрацоўнікі рэдакцыі ўручылі спартсмену заслужаную ўзнагароду.
Захапляцца футболам Аляксандр пачаў з дзяцінства. Пра тое, як прыйшоў у секцыю, расказвае проста:
— У агульнаадукацыйную школу, дзе вучыўся, завітаў трэнер ДЮСШ, які ўсіх хлопцаў запрасіў на заняткі. Вось так і далучыўся да здаровага ладу жыцця.
Спорт для Цімашышына стаў не толькі хобі. Менавіта ён закаліў характар маладога чалавека, у пастаянных трэніроўках выпрацаваў байцоўскія якасці, якія ва ўсёй красе дэманструе не адзін год на зялёным газоне падчас шматлікіх спаборніцтваў. Найбольш значнымі з іх з’яўляюцца выступленні ў камандах “ЮАС” і “Меліяратар” у першай і другой лігах беларускага футбольнага чэмпіяната. Аляксандр удзельнічае і ў раённым першынстве. Праўда, тут ён стараецца не толькі ў абароне, але і ў нападзенні. Нездарма за прайшоўшы сезон запісаў на ўласны рахунак дваццаць пяць галоў у вароты сапернікаў.
— Канечне, нечаканым стала такое прызнанне аматараў гульні нумар адзін, — гаворыць спартсмен, — але разам з тым сюрпрыз перад новым годам даволі прыемны.
Не спадзяваўся Аляксандр і на падарункі ад “Новага Палесся”. Калектыў газеты, які аказвае інфармацыйнае спонсарства многім рэгіянальным спаборніцтвам, з належнай адказнасцю прыслухаўся да меркавання заўзятараў раёна і аддзячыў Цімашышына за яго выдатную гульню і адданасць любімаму віду спорту.
Нельга не адзначыць, што Аляксандр — клапатлівы бацька. У яго сям’і падрастае трое дзетак. Нядаўна ячэйка Цімашышыных справіла наваселле. А гэта прамое сведчанне таго, што яшчэ не ў адным матчы малады чалавек выйдзе на поле, каб парадаваць жыткаўчан, а ў будучым, магчыма, гэта зробяць і яго нашчадкі.
Сяргей БЕЛКА