Чым жыве Ленінскі сельсавет

З надыходам маразоў прыбавілася клопатаў у кіраўніцтва Ленінскага сельвыканкама.  І мясцовая ўлада з абавязкам па забеспячэнню жыццёвых патрэб людзей справілася паспяхова.

— Так, цяжкасцей нам непагадзь падкінула, — характарызуе сітуацыю старшыня савета Васіль Нямчэня, — але пастараліся звесці яе наступствы да мінімуму. Адразу ўзяліся за расчыстку дарог да населеных пунктаў, каб туды можна было заехаць. Дарожнікі  зрабілі ўсё вельмі добра, іх тэхніка прайшла не толькі паміж паселішчамі, а і па цэнтральных вуліцах. Давялося падключыць і работнікаў лясніцтва, каб яны прыбралі паваленыя і пахіленыя дрэвы з праезджай часткі паміж Сцяблевічамі і Грычынавічамі.

Людзі таксама не адседжваліся ў хатах, а браліся за рыдлёўкі і змагаліся са снегам ля ўласных падворкаў. А дэпутат Савета Генадзь Смаглей справіўся з такой работай не толькі ля сваёй сядзібы, а яшчэ на трактары падсобіў землякам на перыферыйных вуліцах аграгарадка. Дзякуючы яго старанню зніклі  сумёты і з пад’ездаў да аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. Па словах Васіля Канстанцінавіча, народны абраннік выканаў  усё не толькі якасна, але і бескарысна.

— Хаця снег — не самая вялікая бяда, якая звалілася тады на нашу адміністрацыйную тэрыторыю, — адзначае старшыня Савета. — Болей турбавала, што, нягледзячы на намаганні спецыялістаў, не ўдавалася хутка падаць у вёскі электраэнергію. Прыйшлося наведацца ў кожнае паселішча і асабіста пагаварыць з жыхарамі,  адказаць на іх  пытанні, расказаць, якія захады прымаюцца. І да часовых нязручнасцей грамадзяне аднесліся з разуменнем. Актывізавалася і сельсавецкая назіральная камісія. Яе спецыялісты абышлі дамы, каб непасрэдна пераканацца ў бяспецы пражывання вяскоўцаў, якія ва ўлады на асаблівым уліку.

Па меркаванні Васіля Канстанцінавіча,  паспяховая дзейнасць Ленінскага сельвыканкама  менавіта і асноўваецца на цесным супрацоўніцтве з насельніцтвам. Канечне, як прызнаўся кіраўнік, дабіцца гэтага няпроста, але, калі ўдалося, то кантактамі важна даражыць і развіваць іх. Тады і спраў карысных можна зрабіць безліч. У гэтай рабоце сельвыканкам абапіраецца на ўласны актыў: дэпутатаў і давераных асоб. Органы мясцовага самакіравання і дапамагаюць арганізаваць землякоў на грамадскую работу. Напрыклад, летась у Ленінскім сельсавеце жыхары ахвяравалі амаль дзесяць тысяч рублёў, яшчэ 924 сабралі па самаабкладанні. Грошы былі накіраваны на добраўпарадкаванне могілак, на ўстаноўку там агароджаў, высечку  дрэваў і хмызняку. У Савеце знаходзіцца дзевяць пагостаў, і кожны з іх абняслі поўнасцю або часткова жалезабетоннымі агароджамі. На многіх выпілавалі і прыбралі ўсю расліннасць. Завяршыць работу плануецца сёлета, для чаго кіраўніцтва сельсавета загадзя запаслося неабходнай колькасцю будаўнічых матэрыялаў. Актыўна Ленінскі сельвыканкам наводзіў парадак і ў знакавых месцах — воінскіх пахаваннях. Належнае значэнне надавалася і чысціні ў вёсках. Вось некаторыя факты згаданай дзейнасці: знесена 11 пустуючых дамоў, адрамантавана ў Леніне цэнтральная вуліца, прададзена 13 зямельных надзелаў, выканана іншая работа. Шмат у гэтым плане пастараліся і калектывы арганізацый і ўстаноў. Дарэчы, яны першыя памочнікі сельвыканкама.

— Зразумела, хацелася, каб гаспадароў, якія маюць жаданне набыць участак для будаўніцтва або агародніцтва і садаводства, было значна больш, — выказвае  думку старшыня Савета Васіль Нямчэня. — У нас маецца магчымасць задаволіць патрэбы  людзей у зямлі.  Сельвыканкаму гэта выгадна. Найперш нейкі даход атрымліваем, а па-другое, новыя ўладальнікі на такіх тэрыторыях самі падбаюць пра парадак. Практыкуем перадачу зямлі і акцыянернаму таварыству “Людзяневічы”. У гэтым годзе пастараемся, каб да ўгоддзяў сельгаспрадпрыемства прымкнулі яшчэ тры пустуючыя ўчасткі.

Спецыфіка тэрыторыі Ленінскага сельскага Савета ў аддаленнасці ад раённага цэнтра. Ды і самі вёскі адна ад адной знаходзяцца на немалой адлегласці. Прычым у пераважнай большасці паселішчы маланаселеныя. З 968 чалавек, якія жывуць у Савеце, 609 абаснаваліся ў аграгарадку Ленін, яшчэ 128 — у Грычынавічах, астатнія, у асноўным пажылога веку, — у іншых дзевяці пунктах.

— На жаль, меньшае людзей у нашым краі, — з сумам адзываецца пра мясцовую дэмаграфію кіраўнік. —  У мінулым годзе толькі чатыры дзіцяці нарадзіліся, а памёр сорак адзін жыхар. А гэта дадатковыя клопаты. Павялічваецца колькасць пустуючых хат. Каб каля іх быў парадак, варта шукаць нашчадкаў, або пазбаўляцца ад такіх будынкаў. Пасля прыстройваць пакінутыя надзелы. Ды і паўсядзённыя патрэбы бабуль і дзядуль таксама забяспечваць неабходна. А гэта магчыма пры адной умове, калі кіраўніцтва мясцовай улады і яго актывісты пастаянна знаходзяцца ў гушчыні грамадскага жыцця.

Сяргей БЕЛКА

Фота з архіву «НП»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.