Ветэраны Жыткаўшчыны падвялі вынікі пяцігадовай дзейнасці
Ветэраны Жыткаўшчыны падвялі вынікі пяцігадовай дзейнасці і пераабралі новы склад кіруючых органаў.
Канферэнцыя прайшла ў кінатэатры “Узыход” пры добрай яўцы дэлегатаў мерапрыемства. У рабоце сходу прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый. Грунтоўны і дэталёвы аналіз працы за прайшоўшы перыяд зрабіў старшыня раённага савета ветэранаў Адам Купрацэвіч. У сваім выступленні Адам Прохаравіч спыніўся не толькі на асноўных аспектах ветэранскай работы, але і на пытаннях жыцця і развіцця краіны ў цэлым.
Сацыяльныя гарантыі
На цяперашні час у рэгіёне пражывае 10469 чалавек пенсійнага ўзросту, з якіх 5853 людзі старэй за 65 гадоў. З акрэсленай колькасці 10101 ветэран працы, 15 – Вялікай Айчыннай вайны, 53 вязні, 18 удоў, 128 удзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. На жаль, з кожным годам іх меншае. 682 з’яўляюцца адзінокімі, 4803 – адзінокапражываючымі. Бяспрэчна, што дзякуючы ўстойліваму развіццю нашай краіны, гэтыя грамадзянне маюць істотную падтрымку з боку дзяржавы. За пяць гадоў сярэднямесячны памер пенсій вырас ў два разы. 162 чалавекі за апошні год атрымалі 29671 рубель дзяржаўнай дапамогі, 212 – з фонда сацыядьнай абароны. У 234 домаўладаннях пажылых праведзены рамонты, за кошт бюджэта ўстанавілі 45 АПІ, 25 ветэранаў атрымалі кампенсацыі на аздараўленне.
Вялікая работа па сацыяльнай абароне праводзіцца супрацоўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра. 980 бабуль і дзядуль знаходзяцца на надомным абслугоўванні. 63 чалавекі пастаянна наведваюць дзённае аддзяленне ТЦСАН. З мэтай большага ахопу вяскоўцаў у невялікіх паселішчах на пастаяннай аснове дзейнічаюць 13 сацыяльных пунктаў. Усе пажылыя людзі ахоплены бясплатнай медыцынскай дапамогай як у бальніцы, так і на фельчарска-акушэрскіх пунктах, а таксама ў рэспубліканскіх установах.
Бяспека пажылым
Важным напрамкам дзейнасці мясцовых органаў улады з’яўляецца бяспека пажылых людзей.
Створанымі назіральнымі камісіямі за год абследаваны ўсе домаўладанні старых людзей. Выяўлена 361 парушэнне. Агульнымі намаганнямі сельвыканкамаў, тэрытарыяльнага цэнтра, аддзела па надзвычайных сітуацыях усе недахопы выпраўлены. На пастаянным кантролі ў супрацоўнікаў РАУС знаходзяцца пытанні грамадскай бяспекі і правапарадку, што дапамагае папярэджваць злачынствы супраць старых людзей.
Апора на пярвічкі
і партнёраў
Ветэраны ўсіх катэгорый аб’яднаныя ў 67 пярвічках. Падчас справаздачна-выбарчай кампаніі ў іх памянялася шэсць старшынь. Кадравае абнаўленне накіравана на тое, каб актывізаваць работу на месцах. Галоўнымі задачамі такіх арганізацый з’яўляецца сацыяльная і юрыдычная падтрымка пажылых людзей, паляпшэнне іх матэрыяльнага становішча, жыллёвых умоў, медыцынскага, гандлёвага і культурнага абслугоўвання, удзел у грамадскім жыцці, патрыятычным выхаванні, прыцягненне да пасільнай працоўнай дзейнасці. Менавіта раённы савет ветэранаў прыкладваў нямала намаганняў па выкананні пастаўленых задач. Яны дэталёва абмяркоўваліся на пленумах і пасяджэннях прэзідыумаў. Іх паспяховае ажыццяўленне з’яўляецца вынікам сумеснай працы ветэранскага савета, органаў улады і грамадскіх арганізацый. Напрыклад, з аб’яднаннем прафсаюза, райкамам ГА “БРСМ” падпісана трохбаковае пагадненне аб узаемадапамозе. У такой супольнасці ветэраны і моладзь разам удзельнічалі ў суботніках, ладзілі мерапрыемствы, у тым ліку і з нагоды юбілейных дат. Больш як сто актывістаў руху былі адзначаны ўзнагародамі. Разам з усімі пажылыя людзі ўрачыста адзначылі 75-годдзе вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі. Шмат сіл прыкладзена пярвічкамі па навядзенні парадку ў памятных месцах і на грамадзянскіх могілках. І пералік добрых і карысных спраў можна працягваць і працягваць.
Кожны зварот
пад увагай
Дзверы раённага савета ветэранаў заўсёды расчынены для наведвальнікаў. Пажылыя людзі могуць звярнуцца сюды па самых разнастайных пытаннях. У розныя дзяржаўныя ўстановы, на прадпрыемствы было накіравана больш як 250 зваротаў. І ўсе яны не засталіся без увагі, ветэраны атрымалі адчувальную падтрымку. У сваёй прамове Адам Купрацэвіч засяродзіў увагу прысутных на такім аспекце, які тычыцца вырашэння ветэранскіх праблем праз палажэнні калектыўных дагавораў. Адам Прохаравіч назваў нямала прадпрыемстваў рэгіёна, дзе гэтая работа пастаўлена на высокі ўзровень. У прыватнасці, належна дбае аб сваіх ветэранах кіраўніцтва і прафкам Жыткавіцкага лясгаса, ПМК-66, РУПС, ААТ “Жыткавічыхімсервіс”, РАУС, ААТ “Людзяневічы”, прафесійнага ліцэя іншых арганізацый і ўстаноў адукацыі. Дарэчы, менавіта з іх дапамогай паспяхова прайшло і згаданае мерапрыемства. І ветэранскі Савет удзячны за ўсебаковую падтрымку.
Падсумоўваючы вынікі пяцігадовай дзейнасці, Адам Купрацэвіч выказаў надзею, што і ў будучым сацыяльная падтрымка ветэранам будзе такой жа вялікай. Станоўчую адзнаку дзейнасці арганізацыі далі і старшыні раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш і аб’яднання прафсаюза Уладзімір Гулюта. Таксама госці ўручылі заслужаныя ўзнагароды актывістам грамадскага руху. Адзінадушна ўдзельнікі канферэнцыі абралі Адама Прохаравіча кіраваць ветэранскім саветам яшчэ на адну пяцігодку.
Сяргей БЕЛКА