Накірунак выбраны правільны
Выхаванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі
Выхаваць сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны – задача не з лёгкіх. Каб стаць дастойным патрыётам, сапраўдным чалавекам, неабходна прыкласці шмат намаганняў як самому вучню, так і яго настаўніку, выхавацелю, патрэбна доўга і ўпарта працаваць. Ну і, канешне ж, нам, настаўнікам, фарміраваць рознабакова развітую асобу.
ДУА “Азяранскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” ўжо не першы год працуе ў гэтым напрамку. Фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, выхаванне патрыёта – гэта толькі частка задач, над якімі шчыруе наша ўстанова на працягу навучальнага года.
Люты – месяц, які вельмі насычаны мерапрыемствамі гэтага накірунку. Старт дала акцыя «Пакарміце птушак», у якой прынялі ўдзел вучні розных класаў. Яны разам са сваімі настаўнікамі Аляксандрам Пашэвічам, Ганнай Ястрэмскай і бацькамі рабілі кармушкі. Прыемна і зараз назіраць, як да “птушыных сталовак” прылятаюць нашы пярнатыя сябры.
У 2021-м споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Івана Мележа і Івана Шамякіна. У актавай зале былі праведзены літаратурныя гасцёўні, у час якіх настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алена Хвасцянок і Ніна Санюк разам са сваімі вучнямі расказалі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, пазнаёмілі з цікавымі момантамі іх жыцця. Вучням быў прапанаваны дакументальны фільм, прысвечаны літаратарам, бліц-віктрыны, а ў школьнай бібіліятэцы арганізавана выстава.
Чырвонай ніткай прайшлі мерапрыемствы да Дня юнага героя-антыфашыста і Дня воіна-інтэрнацыяналіста. З вялікай адказнасцю члены БРСМ разам з настаўнікам Іванам Саскевічам навялі парадак на магіле Віктара Клімовіча, уражэнца вескі Пагост, ўсклалі да яе гірлянду. Ва ўсіх класах праводзіліся інфармацыйныя і класныя выхаваўчыя гадзіны, якія суправаджаліся мультымедыйнымі прэзентацыямі. Ужо стала добрай традыцый напярэдадні 8 лютага прымаць вучняў 5-6 класаў у піянеры, а напярэдадні 15 лютага вучняў, якім споўнілася 14 гадоў – у рады БРСМ.
Як і ў многіх навучальных установах, у школе адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Удзельнікі адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні віктарыны, спявалі беларускія народныя песні, танцавалі, перакладалі на беларускую мову, пісалі любімыя словы, вучні прынялі актыўны ўдзел у дыктоўцы.
Насычанымі на разнастайныя мерапрыемстывы былі дні, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны. Арганізавана выстава гуртка «Умелыя рукі». З самымі маленькімі вучнямі настаўнікамі фізічнай культуры праведзена спартыўная гульня «Парад войск», сярэднім класам патрэбна было праявіць сябе ў спартыўна-патрыятычных спаборніцтвах «Вялікія манёўры», вучням старэйшых класаў – паказаць сілу, моц, вынослівасць, пачуццё калектывізму ў час правядзення вечара «А ну-ка, хлопцы».
Хочацца верыць у тое, што мерапрыемствы, якімі быў насычаны люты, не пакінулі абыякавымі вучняў нашай навучальнай установы, што ўся інфармацыя, якую дзеці пачулі і ўбачылі, запомніцца ім, можа, і пасадзейнічае ў далейшым выбары прафесіі.
Таццяна Пяшэвіч,
настаўніца ДУА «Азяранскі дзіцячы
сад-сярэдняя школа»