Каб не абрывалася чароўная нітачка…
Гэтай новай добрай справе вось ужо звыш года: рашэннем райвыканкама ад 9 жніўня 2010 года з мэтай развіцця традыцыйных рамёстваў Жыткаўшчыны ў Азяранскім сельскім Доме культуры быў заснаваны раённы цэнтр рамёстваў. Чаму менавіта тут? Па-першае, ёсць спецыялісты. Па-другое, дазваляе сама немалая плошча прасторнага будынка. І па-трэцяе, ёсць неабходны для работы кантынгент – дзеці, на якіх і разлічаны ў першую чаргу гэты цэнтр.
Ён месціцца ў двух пакоях будынка на другім яго паверсе. У першым з іх нас сустрэлі выпускніцы Гомельскага каледжа мастацтваў Марына Пявец і Крысціна Калініна. Марына – дырэктар цэнтра, Крысціна – майстар-метадыст.
—Прайшоў год пасля стварэння цэнтра і ён паказаў, што справа гэта добрая, карысная, — падсумоўвае першыя вынікі Марына. – Мы працуем па саломцы, выцінанцы, вышыўцы і ткацтву і галоўнае заключаецца ў тым, што да гэтых відаў народнага мастацтва пацягнуліся вучні. Вось ужо іхнія першыя работы, развешаныя на сценах.
Сапраўдную колішнюю беларускую хату нагадвае сабою другі пакой цэнтра, у якім працуе гурток па ткацтву і вышыўцы “Чароўная нітачка”. Нас сустракае гаспадыня, майстар-метадыст Марыя Іванаўна Вараб’ёва – жанчына з залатымі рукамі. Яна цудоўна вышывае, тчэ і вяжа і з задавальненнем навучае таму ўсіх жадаючых.
— Адкуль гэта ў вас, Марыя Іванаўна?
— Я родам адсюль, з Тураўшчыны. А на кроснах ткалі як мая бабуля, так і маці і мяне змалку да гэтай справы далучылі. Да таго ж я закончыла Баранавіцкае вучылішча тэкстыльшчыкаў, пяць гадоў працавала ткачыхай на Віцебскім шаўковым камбінаце, што,безумоўна, пасадзейнічала росту майстэрства.
—І што трэба пачынаючаму, каб асвоіць гэтыя старажытныя прафесіі? Мабыць, палюбіць гэтую справу ў працэсе яе асваення?
—Так, трэба, каб душа да гэтага гарнулася. І, натуральна, уседлівасць, цярпенне, бо гэта карпатлівая праца. Вось гэты дыван, што на сцяне, я вышывала 2 месяцы. Над іконкай працавала месяц. За зіму вышыла чатыры іконы, адну ў царкву аддала.
У шырокім пакоі стаяць два ткацкія станкі, побач на століку ніткі ўсіх колераў вясёлкі, на сцяне фотавыстава “Захавальнікі традыцый” са здымкамі жанчын, якія перадаюць свае веды маладым. І паўсюль – плён рук вялікай рукадзельніцы Марыі Іванаўны Вараб’ёвай: ручнікі, дываны, навалачкі на падушках, што пышнаю горкаю высяцца у куточку. Гарыць, ззяе на гэтых самаробных вырабах беларускі, палескі арнамент. Жывая гісторыя перад намі.
Ручнікі… Іх вешалі над абразамі, на сцены, у мыцельніку, імі выціралі посуд. Іх дарылі. Скажам, свату падчас вяселля павязвалі наўскасяк цераз плячо вышываны ручнік. Каб выглядаў весялей ды жартаваў лепей.
Навалачкі альбо насыпкі… Адразу чамусьці ўспамінаецца вясковае вяселле, куфар (у нашай мясцовасці яго звалі скрыняй), з якога вынімала маладая свае рэчы як для сябе, так і на пасаг. І ў кожнай мясцовасці вышыўка была сваёй, непаўторнай, каларытнай.
Словам, добрую справу робяць супрацоўніцы новага цэнтра рамёстваў у Азяранах. Бо не трэба дапусціць, каб абарвалася чароўная нітачка ткацтва і вышыўкі, каб цалкам павысыхалі нашы народныя крыніцы.
С. КУЛАКЕВІЧ. Фота В. КІЖНЁВА.